Шляхі, перакрэсленыя Афганістанам

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

Сёння раніцай, 14 лютага, каля будынка ваеннага камісарыята Дзятлаўскага раёна сабраліся ўдзельнікі “Вахты памяці” па месцах пахавання загінулых у Афганістане воінаў, а таксама памерлых пасля вываду войскаў з Афганістана.

Месца сустрэчы невыпадковае: менавіта ваенны камісарыят Дзятлаўскага раёна стаў злучальнай ніткай паміж тым мінулым, калі яшчэ маладыя хлопцы прыйшлі на тэрміновую ваенную службу, і часам, калі дарослыя мужчыны вярнуліся дадому пасля ваенных падзей у Афганістане.

Сто трыццаць чалавек нашага раёна прайшлі цяжкую дарогу афганскай вайны. На жаль, два з іх назаўжды засталіся ў памяці блізкіх маладымі.

Воіны-інтэрнацыяналісты Дзятлаўшчыны разам з прадстаўнікамі ваеннага камісарыята Дзятлаўскага раёна адправіліся па двух маршрутах: Дзятлава-Дукрава-Дварэц-Наваельня-Яцукі і Дзятлава-Казлоўшчына-Пацаўшчына-Чырвоны Бор-Хвінявічы-Страла. У гэтых паселішчах знаходзяцца магілы тых, хто змагаўся за справядлівасць на чужой зямлі.

Мітынг-рэквіем у Дварцы прайшоў у памяць Дзмітрыя Лазовіка, які загінуў у час ваенных дзеянняў у Афганістане. Ушанаваць памяць земляка прыйшлі таксама і старшыня Дварэцкага сельсавета Канстанцін Вінцукевіч, навучэнцы мясцовай школы, блізкія воіна-інтэрнацыяналіста.

Айцец Сергій Антошкаў правёў малебен за спачын душы Дзмітрыя Лазовіка.

Удзельнікі «Вахты памяці» наведалі магілы і тых воінаў, якіх не стала ў мірны час.

Рэха афганскай вайны і цяпер трывожыць розумы і сэрцы многіх людзей. У сучасную гісторыю нашага народа яна ўвайшла драматычнай старонкай. Не сціхае боль тых, чые родныя і блізкія ўжо ніколі не вернуцца дадому. І доўга яшчэ пакаленне, якое атрымала назву «афганцы», будзе несці ў сабе сумную памяць пра гераічны і трагічны час.

Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць Аляксандра Шылава каля яго магілы ў гарадскім пасёлку Наваельня. Старшыня Наваельнянскага сельвыканкама Ірына Кунахавец адзначыла, што імя героя афганскай вайны не забудзецца жыхарамі гарадскога пасёлка ніколі.

Школьнікі, якія ведаюць пра тыя жорсткія выпрабаванні лёсу  воінаў-інтэрнацыяналістаў па гістарычных звестках, прачыталі вершы пра пачуцці бацькоў, чые сыны больш не ўбачылі мірнага неба.

Ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец заклікаў моладзь больш цікавіцца мінулым, тым больш, што ў яе ёсць магчымасць асабіста пагутарыць з удзельнікамі вайны, якія і сёння носяць у сабе той афганскі боль.

Там, у далёкім Афганістане, савецкія воіны праяўлялі лепшыя чалавечыя якасці: мужнасць, стойкасць, высакароднасць. У неймаверна цяжкіх умовах баявога жыцця, удалечыні ад дома, штогадзіны падвяргаючыся смяротнай небяспецы, яны захоўвалі вернасць ваеннай прысязе, воінскаму і чалавечаму абавязку.

На магілы тых, чые жыццёвыя шляхі былі перакрэслены Афганістанам, удзельнікі «Вахты памяці» ўсклалі вянкі і кветкі.

Юлія БАКУНОВІЧ