Пазбегнуць фармалізму і працаваць са шчырасцю

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

Пасяджэнне прэзідыума раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа” прайшло 26 лютага ў Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы.

Са справаздачай аб выніках раённага грамадскага аб’яднання за 2018 год выступіла яго старшыня Галіна Касцюк. Яна  патлумачыла прысутным, што ГА “Беларускі Чырвоны Крыж” – гэта добраахвотнае рэспублiканскае грамадскае аб’яднанне, якое заснавана на інтарэсах грамадзян з мэтай вырашэння сацыяльных праблем.

Колькасць пярвічак Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа ў раёне за 2018 год павялічылася на 13, а фінансавы план удалося выканаць на 100%. Аднак аналіз фінансавых дакументаў і паступленняў паказвае нізкі ўзровень узносаў. Большасць арганізацый, якія ўдзельнічаюць у фарміраванні фонду фінансавых сродкаў Дзятлаўскай раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа, не пераведзены на фіксаванае членства.

Выкананы план асноўных арганізацыйных мерапрыемстваў, які прадугледжваў арганізацыйную працу, прыцягненне сродкаў і развіццё рэсурсаў, дзейнасць па сувязях з грамадскасцю, ахову здароўя, правядзенне мерапрыемстваў і акцый да значных дат і падзей, а таксама валанцёрскі рух.

У Дзятлаўскім раёне зарэгістраваны 3 валанцёрскія атрады і 23 валанцёры. Валанцёры перыядычна аказваюць гаспадарча-бытавую і сацыяльную падтрымку адзінокім жыхарам раёна.

Таксама ў раёне развіваецца дзейнасць такой гуманітарнай праграмы Чырвонага Крыжа, як догляд чалавека ў яго доме: працуе малодшая медсястра міласэрнасці Чырвонага Крыжа, і ў 2018 годзе на яе абслугоўванні знаходзіліся 13 чалавек.

Актывісты ГА “Беларускі Чырвоны Крыж” аказваюць дапамогу не толькі жыхарам раёна, але і людзям з іншых краін. У 2018 годзе ў рамках міжнароднай дапамогі мігрантам з Украіны была аказана дапамога ў выглядзе сертыфікатаў на прадукты харчавання і адзенне. Штоквартальна прадастаўляліся ваўчары былым жыхарам Данецкай і Луганскай абласцей, якія пераехалі на Дзятлаўшчыну.

І нашаму раёну аказваецца дапамога іншымі краінамі: ў мінулым годзе паступала бязвыплатная дапамога ад Ісландскай арганізацыі Чырвонага Крыжа. Такую дапамогу атрымалі інваліды 1 і 2 груп, інваліды дзяцінства, малазабяспечаныя грамадзяне, пенсіянеры з нізкім узроўнем дастатку, шматдзетныя і няпоўныя сем’і з нізкім узроўнем даходу, а таксама грамадзяне, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Два разы на год у Дварэц прыязджаюць прадстаўнікі з Галандыі і прывозяць прадуктовыя наборы для Чырвонага Крыжа. Наборы размяркоўваюцца сярод  тых, хто ў гэтым мае патрэбу.

Актывісты Чырвонага Крыжа ўдзельнічаюць у рэспубліканскіх акцыях (напрыклад, “Нашы дзеці”), арганізоўваюць свае акцыі, праводзяць інфармацыйныя часы. Акрамя таго, штогод у маі праводзіцца месячнік Чырвонага Крыжа: арганізоўваюцца мерапрыемствы і акцыі, у якіх удзельнічаюць пярвічныя арганізацыі школ раёна. Напрыклад, віншуюць ветэранаў і аказваюць ім дапамогу.

У рамках акцыі “Пачні дапамагаць вясной” валанцёры аб’яднання паўдзельнічалі ў добраўпарадкаванні тэрыторыі прылеглай да Дома самастойнага сумеснага пражывання, што ў аграгарадку Гезгалы. Навучэнцы ўстановаў адукацыі раёна ў рамках месячніка ўзгадалі гісторыю стварэння Таварыства Чырвонага Крыжа.

Таксама раённая арганізацыя Таварыства Чырвонага Крыжа прыняла ўдзел у свяце да Дня сям’і, якое ладзілася ў дзіцячым садзе №2 горада Дзятлава, былі ўручаны падарункі дзецям. На працягу месячніка функцыянавалі капілкі для збору грашовых сродкаў, якія былі выкарыстаны на патрэбы падапечных Чырвонага Крыжа.

Упершыню валанцёры Чырвонага Крыжа прынялі ўдзел у фестывалі “Крэатыўны ўзрост” у Шчучынскім раёне, на працягу года праходзілі выступленні ў працоўных калектывах дзеля прыцягнення фінансавых сродкаў для магчымасці аказаць больш дапамогі тым, хто мае патрэбу.

Таксама на пасяджэнні абмяркоўвалася, як і надалей развіваць валанцёрскі рух на Дзятлаўшчыне. Намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч прапанаваў працягваць працаваць са шчырасцю, каб пазбягаць фармалізму, а таксама больш актыўна праяўляць сябе прадстаўнікам пярвічных арганізацыі.

Сваім вопытам работы падзяліліся старшыні пярвічак Таварыства Чырвонага Крыжа Таццяна Зінкевіч і Валерый Макарчык. Яны адзначылі важнасць пераходу на фіксаванае членства і заклікалі прадстаўнікоў іншых арганізацый раёна далучыцца да гэтага.

Сёлета перад ГА “Беларускі Чырвоны Крыж” пастаўлена шмат новых задач, таксама будуць ажыццяўляцца праекты, якія былі паспяховымі ў папярэднія гады.

 



Теги: