Лепш адзін раз убачыць

Важнае Грамадства Свежыя навіны

У рамках моладзевай рэспубліканскай акцыі “Я служу!” Дзятлаўскі раённы камітэт ГА “БРСМ” і ваенны камісарыят Дзятлаўскага раёна арганізавалі паездку на дзень адчыненых дзвярэй у вайсковую часць горада Слоніма.

Больш даведацца аб службовых буднях і беларускай арміі выказалі жаданне 26 юнакоў-старшакласнікаў Дзятлаўскага раёна. Разам з начальнікам групы прызыву на ваенную службу ваеннага камісарыята Дзятлаўскага раёна Паўлам Бараноўскім і першым сакратаром раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярынай Хілімончык яны накіраваліся ў 11-ую гвардзейскую асобную механізаваную брыгаду горада Слоніма.

Знаёмства з салдацкім жыццём пачалося з камандна-прапускнога пункта, дзе дзятлаўчан ужо чакалі і выдзелілі суправаджэнне. Ад ваеннаслужачых госці даведаліся аб гісторыі вайсковай часці і армейскіх буднях. Цікава было наведаць мясцовы музей і пабачыць, як на працягу дзясяткаў гадоў мянялася форменнае абмундзіраванне ваеннаслужачых. У час экскурсіі юнакам паказалі і ваенную тэхніку, якой карыстаюцца салдаты, але, безумоўна, найбольш парадавала экскурсантаў магчымасць паспрабаваць свае сілы на спецыяльных ваенных трэнажорах-сімулятарах.

Святочную нотку ў дзень адчыненых дзвярэй унёс канцэрт, на які таксама запрасілі гасцей з Дзятлава. Тым часам у фае каля актавай залы разгарнулася выстава зброі і сучаснага форменнага абмундзіравання для выканання розных баявых задач. Тут можна было патрымаць у руках аўтаматы і пад кіраўніцтвам інструктара паспрабаваць разабраць і сабраць іх.

Вяртаючыся дамоў, юнакі зазначылі, што ад паездкі ў іх засталіся станоўчыя ўражанні, бо лепш адзін раз пабачыць, што чакае цябе ў арміі, чым сто разоў пачуць.

Падрыхтавала да друку Ірына СТЫРНІК
Фота прадастаўлены арганізатарамі паездкі