Пазбегнуць траўманебяспечнага “атракцыёна”

Галоўнае Свежыя навіны Улада

Адзіны дзень інфармавання насельніцтва прайшоў у аддзеле адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама. Там працавала інфармацыйна-прапагандысцкая група на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Ігарам Кухарэвічам.

Першым перад прысутнымі выступіў намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Беленка. Ён нагадаў пра меры пажарнай бяспекі, прывёў фактычныя прыклады надзвычайных здарэнняў, якія можна прадухіліць.Так, паводле яго словаў, у Беларусі і ў прыватнасці ў Гродзенскай вобласці значна павялічылася колькасць людзей, якія загінулі ад пажараў.

Ігар Кухарэвіч дадаў, што, на жаль, у мінулым годзе і ў нашым раёне адбылася гібель чалавека з-за пажару:

– Колькасць пажараў расце. Калі ў 2017 годзе ў нашым раёне іх было 23, то ў 2018 – ужо 31. Усё гэта нягледзячы на тое, што на Дзятлаўшчыне праводзіцца вялікая работа па папярэджанні пажараў, штотыдзень працуюць назіральныя камісіі ў сельвыканкамах і ў горадзе Дзятлаве. Людзі часам не чуюць, што да іх даносяць. Напрыклад, абыякава адносяцца да ўстаноўкі пажарных апавяшчальнікаў у будынках, а статыстыка гаворыць пра тое, што гэтыя прыборы не раз выратоўвалі чалавечае жыццё.

Як вядома, 2019 год зноў абвешчаны Годам малой радзімы. Аб праектах, якія будуць скіраваны на развіццё малых гарадоў і вёсак, расказала галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ала Барысенка.

Яшчэ адным з галоўных пытанняў Адзінага дня інфармавання стала бяспека дзяцей у зімовы час. Ігар Кухарэвіч звярнуў увагу на тое, што важней за ўсё – здароўе і жыццё дзяцей. Яны могуць трапіць у непрадказальныя сітуацыі, таму задача дарослых – дапамагчы ім правільна арыентавацца, ведаць правілы бяспекі жыццядзейнасці.

–  У гэтым годзе, як ніколі, востра стала пытанне траўматызму дзяцей у зімовы перыяд. Прайшла толькі палова зімы, а ў краіне ўжо вялікая колькасць дзяцей з цяжкімі траўмамі, а першая прычына гэтаму – катанні на цюбінгах, – падкрэсліў намеснік старшыні райвыканкама.

Ён заклікаў дарослых, якія ўбачаць, што дзіцяці пагражае небяспека, не праходзіць міма, а абавязкова прыняць меры па папярэджанні дрэнных наступстваў.

Перад прысутнымі таксама выступіла намеснік галоўнага доктара Дзятлаўскай ЦРБ Інэса Гусева.

Яна расказала, што цяпер амаль трэць дактароў-тэрапеўтаў Дзятлаўскай ЦРБ рыхтуюцца да новага метаду прыёму пацыентаў з-за з’яўлення ў Беларусі інстытута доктара агульнай практыкі. Пакуль для таго, каб своечасова прайсці медагляд, трэба загаддзя паклапаціцца аб запісе да тэрапеўта.

Юлія БАКУНОВІЧ