Суботнік каля палаца Радзівілаў у Дзятлаве: раён уключыўся ў святкаванне Еўрапейскіх дзён спадчыны

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Вось ужо больш за 20 гадоў з надыходам восені ўся Еўропа святкуе Еўрапейскія дні спадчыны.

На працягу верасня краіны, якія падпісалі Еўрапейскую культурную канвенцыю Савета Еўропы ў 1954 годзе, праводзяць шэраг мерапрыемстваў і акцый для знаёмства сваіх грамадзян, а таксама гасцей з іншых дзяржаваў з аб’ектамі культурнай і прыроднай спадчыны, якія стагоддзямі стваралася і беражліва захоўваўся.

У наш час Еўрапейскія дні спадчыны з’яўляюцца адным з найбольш чаканых і значных культурных падзей Еўропы. Пачатак гэтай традыцыі быў пакладзены ў 1984 годзе, калі Францыя ўпершыню прапанавала правесці “Дні адкрытага наведвання гістарычных помнікаў”. Сутнасць гэтай прапановы заключалася ў тым, каб на адзін дзень зрабіць даступнымі тыя аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны, наведванне якіх звычайна закрыта або строга абмежавана для шырокай публікі. Да ліку такіх месцаў адносяцца палацы і паркавыя комплексы, прыватныя музеі, сядзібы, якія належалі вядомым гістарычным асобам, універсітэты і цэрквы, архівы і бібліятэкі, многае іншае.

Каб надаць Еўрапейскім дням спадчыны цэласнасць, кожная краіна-ўдзельніца распрацоўвае план мерапрыемстваў, прымеркаваных да гэтай падзеі. З 1993 года ў Рэспубліцы Беларусь таксама праводзяцца Еўрапейскія дні спадчыны, і яны таксама займаюць сваё пачэснае месца ў календары падзей краіны. Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, аддзел аховы гісторыка-культурнай спадчыны Інстытута культуры Беларусі ладзяць шэраг мерапрыемстваў, да Дзён спадчыны. Сярод іх – “круглыя сталы”, сустрэчы навукоўцаў у галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны, выданне інфармацыйных буклетаў, якія раскрываюць тэму года, правядзенне фотавыставаў.

Трэба адзначыць, што на Дзятлаўшчыне таксама захавалася гісторыка-культурная спадчына, вельмі важная для нас, для падрастаючага пакалення. Каб далучыцца да акцыі, 8 верасня ў райцэнтры сіламі работнікаў сферы культуры быў арганізаваны суботнік па ўборцы тэрыторыі, прылеглай да гістарычнага аб’екта – палаца Радзівілаў. Гэта працоўны ўклад нашых землякоў у святкаванне Еўрапейскіх дзён спадчыны. І няхай цяпер палац знаходзіцца на кансервацыі, будзем спадзявацца, што ў будучым і гэты гістарычны аб’ект стане цікавым і прывабным, як для жыхароў раёна, так і для шматлікіх турыстаў.

Значнай падзеяй ў рамках Дзён спадчыны ў нашым раёне стане і навукова-практычная канферэнцыя “Гісторыка-культурная спадчына Дзятлаўшчыны”, якая пройдзе 14 верасня ў Цэнтры культуры і народнай творчасці. Яна прымеркавана да 520-годдзя горада Дзятлава. Ініцыятарам правядзення гэтага мерапрыемства быў наш зямляк, намеснік дырэктара па навуковай рабоце інстытута гісторыі Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь Вадзім Лакіза, які летась прапанаваў адсвяткаваць юбілей горада ў такім фармаце. Прапанова была падтрымана, і цяпер горад актыўна рыхтуецца да такой значнай падзеі.

Ірына СТЫРНІК



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *