Не хлебам адзіным, але і дабрынёй жыве чалавек

Галоўнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

У кожнай прафесіі свае асаблівасці, якія вылучаюць яе сярод іншых.

Музыкантам неабходны абсалютны слых, мастакі павінны адчуваць колер і форму, медыкі – ведаць чалавечы арганізм і яго фізічную рэакцыю на захворванні, а сацыяльныя работнікі павінны ўсім сэрцам імкнуцца дапамагаць людзям. Толькі так можна быць прафесіяналам сваёй справы, а інакш, ці варта брацца за тое, што табе не па сілах?

Нялёгкая служба ў сацыяльных работнікаў, тым не менш, у нашай краіне яе гісторыя вось-вось перасягне векавы рубеж, а каранямі яна “прарастае” яшчэ глыбей у мінулае, узгадаем, напрыклад, багадзельні царскіх часоў. Але размова не пра сівую даўніну, а пра наш час, бо і сёння, нягледзячы на тэхнічны прагрэс, пажылыя людзі і інваліды па-ранейшаму маюць вялікую патрэбу ў сацыяльнай падтрымцы дзяржавы. Таму прафесія сацыяльны работнік – важная і запатрабаваная.

19 гадоў рабоце ў гэтай галіне аддала ўраджэнка вёскі Вялікія Шастакі, жыхарка гарпасёлка Казлоўшчына Леанарда Сабалеўская, якая і сама ўжо з’яўляецца пенсіянеркай, тым не менш не перастае клапаціцца аб нямоглых людзях. Увогуле, Леанарда Браніславаўна не лічыць сваю справу нечым экстраардынарным, затое любіць яе і не шкадуе аб прынятым у свой час рашэнні.

– Па спецыяльнасці я бухгалтар і незадоўга да выхаду на пенсію шэсць гадоў адпрацавала ў Казлоўшчынскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў, – дзеліцца фактамі сваёй біяграфіі Леанарда Сабалеўская. – Вядома, працавала з лічбамі, тым не менш, шмат даведалася аб сацыяльнай сферы. Калі выйшла на заслужаны адпачынак, сутыкнулася з праблемай пошуку сацыяльнага работніка для сваячкі-інваліда Алы Сабалеўскай. Па дапамогу звярнулася ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, дзе мне прапанавалі ўзяць гэту функцыю на сябе. З таго часу працую сацыяльнай работніцай. Цяпер абслугоўваю двух чалавек: Алу Сабалеўскую і Надзею Чарняк, якой 92 гады. Праўда, бабулю на зіму забрала яе дачка, і ў мяне засталося 0,25 стаўкі, але ў сакавіку мая падапечная павінна вярнуцца дахаты, клопатаў зноў дадасца.

Цікаўлюся ў Леанарды Браніславаўны, што гэта за клопаты, і чую ў адказ:

– Прыносіць дровы і ваду, набываць лекі і прадукты, гатаваць ежу, аплачваць паслугі, пры неабходнасці дастаўляць падапечных да доктара, кантраляваць іх ціск, клапаціцца аб чысціні ў дамах, убіраць снег зімой, абараняць інтарэсы сваіх падапечных, проста размаўляць з імі, даваць парады, супакойваць, калі хвалююцца.

Варта зазначыць, што ад адносінаў сацыяльнага работніка ў многім залежыць лёс людзей, якія знаходзяцца ў яго на абслугоўванні. Напрыклад, інвалід Ала Сабалеўская раней жыла ў вёсцы Колкі, але дом яе струхнеў, заваліўся набок. Леанарда Браніславаўна ў пошуках новага жылля для падапечнай пабыла на прыёме ў старшыні райвыканкама. Дзякуючы яе клопатам, Але Паўлаўне выдзелілі дом у Казлоўшчыне, у якім давялося зрабіць капітальны рамонт, таксама не без намаганняў і фінансавых талентаў былога бухгалтара Леанарды Сабалеўскай. Яна ўмудраецца так размеркаваць бюджэт сваёй падапечнай, каб хапіла на прадукты, паслугі і паляпшэнне ўмоваў пражывання.

– Што ж рабіць, трэба дапамагаць, бо адзінокія людзі прападуць без сацыяльных работнікаў, – нібы чытаючы мае думкі, гаворыць Леанарда Станіславаўна.

Прашу маю субяседніцу больш расказаць пра сябе.

– Мужа я нядаўна пахавала, – сумна зазначае яна, – разам з ім выгадавалі двух дзяцей, дачакаліся чатырох унукаў, праўнучку. Цяпер ужо я адна радуюся іх поспехам і дасягненням. У вольны час люблю працаваць на зямлі. На маім участку заўсёды шмат кветак – цюльпаны, ружы, вяргіні, гладыёлусы. Дома таксама ёсць нямала пакаёвых раслінаў.

Аб тым, што Леанарда Браніславаўна любіць кветкі і чысціню, можна здагадацца па ўбранстве кватэры яе падапечнай Алы Сабалеўскай. Усе рэчы інтэр’ера жанчыны падбіралі разам, прычым галоўная роля ў гэтым працэсе належала менавіта сацыяльнай работніцы. Абстаноўка атрымалася ўтульнай: кожная рэч на сваім месцы, нічога лішняга, усё дастойна.

Гэта толькі частка талентаў сацыяльнай работніцы Леанарды Сабалеўскай, якія ўдалося заўважыць за час кароткага знаёмства. Варта дадаць, што яна на добрым рахунку ў кіраўніцтва, любяць Леанарду Браніславаўну і яе падапечныя. Застаецца толькі пажадаць гэтай жанчыне доўгіх актыўных гадоў жыцця, моцнага цярпення і каб у сэрцы па-ранейшаму жылі любоў і пашана да людзей. Так ужо склалася, што ў сацыяльную службу ідуць пераважна жанчыны. І ў іх выдатна атрымліваецца вынесці ўвесь цяжар няпростай работы на сваіх кволых плячах. Дзякуй ім за гэта і нізкі паклон.

Ірына КАЎКЕЛЬ