23 снежня ў аддзел унутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама для дзяцей супрацоўнікаў завітала сапраўдная навагодняя казка ад Беларускага гульнявога тэатра роставых лялек “Dolls4all”.
Казачныя персанажы запрасілі ўсіх прысутных далучыцца да іх танца, паўдзельнічаць у музычнай гульні. Яны весялілі дзяцей, вадзілі з імі карагоды.
Новы год — час спаўнення жаданняў. Дзеці і дарослыя з нецярпеннем чакаюць яго, каб хоць ненадоўга акунуцца ў свет чараўніцтва і цудаў. Кожны год магчымасць паверыць у мару і атрымаць навагоднія падарункі дзецям дае дабрачынная рэспубліканская навагодняя акцыя «Нашы дзеці». У рамках акцыі на ранішнік таксама былі запрошаны дзеткі з прытулка сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава.
А якое ж навагодняе свята без падарункаў? Усе дзеці, якія, дарэчы, падрыхтаваліся і прыйшлі ў прыгожых касцюмах, расказвалі вершы, спявалі песні і за гэта атрымалі ад Дзеда Мароза салодкія падарункі.
Вольга ЮШКЕВІЧ