Экалогія і патрыятызм: ідэі дзятлаўчан для Беларусі

Важнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

У Карэлічах прайшоў занальны этап канкурсу Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі “100 ідэй для Беларусі”. Удзел у ім прымалі маладыя вынаходнікі з Карэліцкага, Навагрудскага, Дзятлаўскага раёнаў.

Нашы землякі прывезлі ў Карэлічы чатыры параекты. Два з іх – па энергазберажэнні, якім на працягу некалькіх гадоў актыўна цікавяцца навучэнцы сярэдняй школы №1 горада Дзятлава пад кіраўніцтвам настаўніцы Ірыны Дарафейчык. Яшчэ два праекты былі камп’ютарныя. У гэтым накірунку таксама не першы год працуюць навучэнцы Наваельнянскай сярэдняй школы пад кіраўніцтвам педагога Валерыя Нагорнага і кіраўніка народнага гісторыка-краязнаўчага школьнага музея “Дзеці ліхалецця” Тамары Крывені.

Ідэяй навучэнца сярэдняй школы №1 горада Дзятлава Аляксея Пацыновіча быў праект “Электрагазонакасілка”. Някепскі і карысны інструмент для хатняй гаспадаркі, але дыплом пераможцаў дзятлаўчанам прынёс не ён, а наступны праект-гульня – “ЭнергаІнтэлект”. Яго Аляксей Пацыновіч прадстаўляў разам з сяброўкай па ўстанове Янай Касцюкевіч. Складаная настольная гульня, якую распрацавалі навучэнцы, скіравана на развіццё ўменняў і навыкаў эканомных і беражлівых адносінаў да энергетычных рэсурсаў. Яна актывізуе раней атрыманыя веды па энергазберажэнні, матывуе навучэнцаў на актыўнае ўключэнне ў практычную дзейнасць па выкарыстанні прыродных крыніцаў святла і цяпла, вучыць іх дзейнічаць ва ўмовах канкурэнцыі. Цікава, што гульнявое поле “ЭнергаІнтэлекта” ўяўляе сабой карту Гродзенскай вобласці з нанесенымі на яе раёнамі, прадпрыемствамі, прыватнымі фірмамі, установамі. Для ігракоў прадугледжаны карткі, фішкі цяпла, святла, альтэрнатыўных крыніцаў энергіі, эка- і энергазначкі, гульнёвыя грашовыя адзінкі. На старце яны атрымліваюць пачатковыя актывы, і толькі разумнае распараджэнне імі, прыняцце правільных стратэгічных і фінансавых рашэнняў на працягу гульні дапаможа “не прагарэць”, праходзячы яе фазы, а, магчыма, і выйграць напрыканцы.

Навучэнец Наваельнянскай сярэдняй школы Яўген Анушкевіч прадставіў на занальным этапе конкурсу “Віртуальны 3D музей” па матэрыялах, сабраных у школьным музеі “Дзеці ліхалецця”. Яго работа шчыра зацікавіла журы, але не настолькі, наколькі гэта зрабіў праект сябра па ўстанове Ягора Сокала “Принявшая удар”. Менавіта віртуальная камп’ютарная гульня патрыятычнай накіраванасці аб падзеях у Брэсцкай крэпасці прынесла наваельнянцам дыплом пераможцаў.

Прадстаўляючы свой праект у Карэлічах, Ягор Сокал зазначыў:

– Я лічу, што выхаванне моладзі мае патрэбу ў новых ідэях і формах, а камп’ютарныя гульні спрыяюць развіццю навучэнцаў і даюць дзецям магчымасць даведацца шмат новага, не прыкладаючы для гэтага асаблівых намаганняў. Таму трэба выкарыстоўваць такія магчымасці па максімуму, прапанаваць дзецям праводзіць час больш цікава, ствараючы падобныя праекты пра гісторыю роднай краіны, яе славутасці, знакамітых людзей.

Арыгінальнасць праекта заключаецца ў тым, што яго можна выкарыстоўваць яшчэ і ў адукацыйным працэсе, што палегчыць работу настаўнікам і навучэнцам. Наогул, усё залежыць ад таго, якую мэту ставіць перад сабой ігрок: даведацца новае аб гістарычных падзеях ці проста адпачыць і пагуляць.

У аснове сюжэта гульні “Принявшая удар” – падзеі, якія адбываліся ў чэрвені 1941 года пры абароне Брэсцкай крэпасці ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Разам з героем іграку давядзецца прайсці ўсю абарону Брэсцкай крэпасці ад першага да апошняга дня, пабываць у гістарычных месцах, знайсці шэраг прадметаў і даведацца больш пра Вялікую Айчынную вайну з гістарычнай даведкі гульні. Важнай рысай праекта з’яўляецца тое, што ў герояў адсутнічае зброя, праходзіць узроўні ігрок будзе, не забіваючы ворагаў, а вырашаючы галаваломкі, ухіляючыся ад снарадаў, ратуючы жыцці іншых людзей.

Праекты, якія не выйшлі ў лідары занальнага этапу конкурсу, былі адзначаны дыпломамі за ўдзел. Усе навучэнцы, якія ў Карэлічах прадстаўлялі свае работы, атрымалі падарачныя кубкі з лагатыпам “100 ідэй для Беларусі”. Пераможцы занальнага этапу конкурсу, сярод якіх нашы землякі Аляксей Пацыновіч, Яна Касцюкевіч, Ягор Сокал, прайшлі на абласны этап конкурсу.

Ірына КАЎКЕЛЬ