Ад свайго імя скіроўваю самыя сардэчныя віншаванні з Нараджэннем Хрыстовым і Новым 2019 годам!
У радасныя дні Божага нараджэння ў нашых сэрцах гучаць словы прадвеснікаў Добрай Навіны аб вялікай і неспасцігальнай любові Бога да свайго стварэння: “Нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан…” (Лк. 2,11). Гэтыя словы ажыўляюць нашу надзею і нагадваюць яшчэ раз пра тое, што Езус Хрыстус, які нарадзіўся ў Бэтлееме, жадае нарадзіцца і ў нашых сэрцах.
Няхай урачыстасць Божага нараджэння адорыць кожнага з нас моцаю Бога, які прыходзіць да нас у сваім Сыне. Як жа патрабуе сёння гэтай моцы сучасны чалавек, які часта не ўсведамляе сэнсу свайго жыцця і надзеі, як турбуецца толькі пра сваю часовую будучыню. Менавіта Езус праз сваё нараджэнне прыносіць нам сілу, радасць і святло.
Няхай струмень ласкаў нованароджанага Збаўцы напоўніць нашы сэрцы гэтым каштоўным насеннем. Няхай з гэтага насення народзіцца новы чалавек, створаны “паводле Бога ў справядлівасці і святасці праўды”.
Божае нараджэнне — гэта свята, якое нясе з сабой цеплыню і спакой, такія знаёмыя і блізкія сэрцу кожнага чалавека. Цяжка ўявіць сабе нашу гісторыю і культуру без гэтага свята. І справа не толькі ў прыгожых абрадах, якія яму спадарожнічаюць. Святло Бэтлеемскай зоркі, якое калісьці апраменіла адну са шматлікіх тагачасных стаенак, і сёння хоча данесці нам тую самую навіну. Бог не пакінуў свой народ. Ён прыйшоў, каб застацца і быць “Богам-з-намі”.
А гэта сапраўды ўжо шмат: ведаць, што ніколі не застанешся адзін, што жыццё тваё заўсёды мае сэнс, што пакінуты, хворы ці састарэлы — ты камусьці патрэбны. І што твае праблемы — гэта ўжо не твае, а Таго, хто прыйшоў, каб аддаць за цябе сваё жыццё. Трэба толькі ў гэта паверыць. І калі знойдзецца Божаму Слову месца ў сэрцы чалавека, як калісьці ў бэтлеемскай стаенцы, тады будуць у нас трывалыя сем’і, цвярозыя бацькі, сумленныя кіраўнікі, самаадданыя настаўнікі, адказныя дактары, а ў свеце не будзе больш войнаў і голаду.
Жадаю, каб мы сапраўды паверылі, што і сёння Бэтлеемская зорка свеціць над кожным з нас, як над той адзінай стайняй, у якой так моцна жадаў нарадзіцца Божы Сын.
Няхай Бог, які ёсць любоў, удзеліць усім вам у гэтыя дні святла і спакою, любові і ўзаемнай добразычлівасці, а таксама няхай будзе сярод вас. Няхай Бэтлеемская зорка, якая абвясціла Нараджэнне Збаўцы, асвятляе сваім ззяннем не толькі святочны час, але таксама ўсе дні новага 2019 года.
Малюся і ад сэрца вас благаслаўляю.
Здзіслаў ПІКУЛА,
ксёндз-пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве
Поздравляю всех католиков с праздников Рождества Христова, пусть маленький Иисус родится в душе у каждого человека и мир станет добрее.
Рейтинг комментария:00