Усе фарбы восені для “Усмешкі”

Важнае Грамадства Свежыя навіны

На асенніх канікулах у сярэдняй школе №1 горада Дзятлава стартавала чарговая змена дзённага лагера “Усмешка”. Назва гэтай змены вельмі яркая і паэтычная – “Фарбы восені”. Пахмурныя дні канікулаў тут “расфарбоўваюць” 30 навучэнцаў установы. Некаторыя з дзяцей не першы раз адпачываюць у школьным лагеры. Мы вырашылі высветліць у школьнікаў і іх бацькоў, ці падабаецца ім гэты від адпачынку, чаму выбіраюць менавіта такое баўленне часу на канікулах.

 

Вікторыя Якаўчык, 1 клас:

– У школьным лагеры я другі раз. Справа ў тым, што паспела адпачыць тут і летам (запрасілі перад паступленнем у першы клас). З летніх часоў запомніліся гульні на свежым паветры і паездка ў комплекс “Літоўка”, што пад Навагрудкам. Гэта было як падарожжа ў казку.

Цяпер нам таксама прапаноўваюць шмат гульняў, смачна кормяць. Мы з сябрамі за дні змены ўжо паспелі пабыць у Цэнтры культуры, раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях, музеі. Наша змена называецца “Фарбы восені” таму, што кожны дзень у нас праходзіць пад новай фарбай настрою. Сёння наш колер – сіні, бачыце, мы нават апранацца стараемся адпаведна, ён прысутнічае ў элементах адзення. Вечарам кожны з нас панясе гэты колер у “кошычкі настрою”. Да канца змены назапасім цэлы ўраджай восеньскіх фарбаў настрою. А прачынацца раніцай мне не цяжка: я ж ведаю, што іду да сяброў ва “Усмешку”.

 

Кацярына Якаўчык, мама:

– Вельмі зручна, калі ў час асенніх канікулаў працуе школьны лагер. Бацькам не трэба ламаць галаву, дзе будуць знаходзіцца дзеці, пакуль працуеш. Напрыклад, у нас бабулі таксама на рабоце. Ды і Віка заўсёды прыходзіць са школы ў выдатным настроі, у лагеры ёй усё падабаецца. Мы толькі “за” падобны адпачынак, мяркуем і надалей аддаваць дзіця ў школьны лагер. Тут нас усё задавальняе.

 

Валерыя Гуз, 3 клас:

– Ужо чацвёрты раз я ў школьным лагеры. Летам гэтага года “адбыла” ва “Усмешцы” цэлых дзве змены. Вельмі мне тут цікава і весела. Выдатна, што ўвечары мы вяртаемся дахаты. Асабіста я не згодна быць у лагеры з начоўкай, бо стану сумаваць па родных. Гэтым летам ва “Усмешцы” мне найбольш запомнілася паездка ў Ліду. Пра яе я падрабязна расказвала бабулі, дзялілася ўражаннямі.

Цяпер тут таксама цікава, бо мы разам з сябрамі ходзім на прагулкі, у кіно, музей, спартзалу, гуляем у настольныя гульні, малюем. На адкрыцці змены былі ў Цэнтры культуры на шоу мыльных бурбалак, а сёння глядзелі відэаматэрыялы, якія здымалі і рыхтавалі старэйшыя вучні нашай школы. Гэта была завочная экскурсія па горадзе Дзятлаве. Мяне яна зацікавіла.

 

Валерыя Наркевіч, 4 клас:

– Дні на асенніх канікулах пахмурныя, а ў нас ва “Усмешцы” светла і ўтульна. Мы самі ствараем сабе настрой. Нядаўна, напрыклад, вырашылі, што жыць без сонейка сумна – намалявалі сваё. Найперш на ватмане з’явіўся жоўты дыск з вочкамі і ўсмешкай. Пасля кожны з рабят размаляваў сабе далоні фарбай, прыклаў да выявы на ватмане – так у сонца атрымаліся праменьчыкі. На іх мы напісалі свае імёны. Няхай усе ведаюць, хто ва “Усмешцы” адпачывае.

Я ужо раз шосты запісваюся ў лагер, і яшчэ не стамілася тут знаходзіцца. З сябрамі ж весялей і ў тэніс, і ў даміно, і ў твістар гуляць, а таксама падарожнічаць, хадзіць на экскурсіі.

 

Лізавета Юргель, 3 клас:

– Тут я таксама не ўпершыню. Адразу ж згадзілася запісацца, калі прапанавалі. Мне падабаецца школьны лагер, бо тут можна кожны дзень бачыцца з сябрамі, хадзіць на прагулкі, увогуле, ва “Усмешцы” заўжды шмат цікавага. Восень, а нам не сумна, мы назапашваем новыя ўражанні. Напрыклад, калі хадзілі на шоу мыльных бурбалак, артысты мяне пасадзілі ў вялікую бурбалку. Гэта так спадабалася! Выступалі там і мае сябры з цыркавой студыі “Марсі”, я таксама яе наведваю. Мяркую, напераде ў нас яшчэ шмат цікавых сустрэчаў.

 

Юлія Юргель, мама і педагог:

– Думаю, што навучэнцам падабаецца ў нашым лагеры. Мы ўжо выбралі камандзіра, яго намесніка, размеркавалі абавязкі. Дзецям цікава браць адказнасць за якія-небудзь справы, мы іх падахвочваем. Ва “Усмешцы” заўсёды шмат рухомых гульняў, каб нашым выхаванцам было куды дзяваць энергію, нямала экскурсій і тэматычных мерапрыемстваў. Педагогі стараюцца, каб кожная змена тут была адметнай. Тэматыку выбіраем розную. Напрыклад, апошняя летняя змена называлася “Краіна залатых каласоў”, цяперашняя – “Фарбы восені”. Заўсёды робім шмат фотаздымкаў з дзецьмі, каб на сайце ўстановы бацькі маглі ўбачыць, чым цікавым мы займаліся.

Мае дзеці запісваюцца ў лагер з задавальненнем і ахвотай.

Запісала Ірына КАЎКЕЛЬ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *