Па інфармацыі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, база даных не занятых у эканоміцы працаздольных грамадзян будзе сфарміравана да 1 снежня 2018 года. У той жа час у сельскіх саветах і раённых адміністрацыях выдатна ведаюць тых, хто патэнцыяльна можа трапіць у базу. Сустракаюцца з гэтымі людзьмі раённыя камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва ўжо цяпер.
Некаторыя беспрацоўныя з радасцю прымаюць прапанаваную дапамогу. Іншыя, асабліва з ліку тых, хто прывык выпіваць і жыць за кошт бацькоў пенсійнага ўзросту, вялікага энтузіязму не праяўляюць. Ім камісіі тлумачаць наступствы падобных паводзінаў, у прыватнасці, што з 1 студзеня 2019 года давядзецца аплачваць гарачае водазабеспячэнне па тарыфах, якія забяспечваюць поўную кампенсацыю эканамічна абгрунтаваных затрат, а з 1 кастрычніка 2019 года па такіх жа тарыфах давядзецца плаціць яшчэ і за цеплазабеспячэнне і газазабеспячэнне пры наяўнасці індывідуальных газавых ацяпляльных прыбораў.
Каб падобнага не здарылася, члены камісій прапаноўваюць такім грамадзянам розныя варыянты працаўладкавання.
4 кастрычніка на Дзятлаўшчыне прайшло чарговае пасяджэнне камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва раёна. На гэты раз сустрэча ладзілася ў аграгарадку Данілавічы. Да ўдзельнікаў камісіі тут далучыліся старшыня сельвыканкама Ганна Жых і прадстаўнік самага буйнога наймальніка ў гэтай мясцовасці – ААТ “Граніт-Агра”.
Старшыня камісіі Аляксандр Бараноўскі, ён жа старшыня Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў, адзначыў, што рабоце камісій па садзейнічанні занятасці ў нашай краіне надаецца шмат увагі. На адкрыцці восеньскай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка і Міхаіл Мясніковіч заклікалі дэпутатаў ехаць у рэгіёны і правяраць дзейнасць камісій, паколькі “фармалізм у гэтай рабоце абсалютна недапушчальны”.
Аляксандр Бараноўскі зазначыў, што ў нашым раёне камісія па садзейнічанні занятасці працуе даволі актыўна: ужо правялі пасяджэнні ў Наваельні, Казлоўшчыне, Дварцы. Аднак больш увагі трэба надаваць беспрацоўным, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. Многія з іх абяцаюць прайсці лячэнне ад алкагольнай залежнасці, гэта варта трымаць на кантролі, каб абяцанні не былі пустымі.
І далей плануецца праводзіць пасяджэнні камісіі ў буйных сельскіх саветах, наступны на чарзе – Жукоўшчынскі, а сустрэчу лепш прызначыць у аграгарадку Гезгалы. Пакуль што частка не занятых у эканоміцы жыхароў гэтага аграгарадка працуюць на часовых сельгасработах, але сезон хутка скончыцца, і наступнае пасяджэнне запланавана правесці там.
А пакуль члены камісіі разгледзелі сітуацыю з занятасцю ў Данілавіцкім сельскім савеце. Ганна Жых расказала, што выслала запрашэнні 32 беспрацоўным, якія жывуць на падведамаснай тэрыторыі. На пасяджэнне прыйшлі 8 чалавек.
Першымі выслухалі сямейную пару, якая гадуе трох дзяцей-дашкольнікаў. Маці расказала, што цяпер нідзе не працуе, бо дзеці часта хварэюць, аднак яна афіцыйна аформлена як рамеснік. Бацька прынёс у камісію копію працоўнага дагавора, бо працаўладкаваны на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. На пасяджэнне яны прыйшлі даведацца, ці не трапяць у базу не занятых у эканоміцы. Члены камісіі адказалі, што прэтэнзій да шматдзетных бацькоў не маюць, толькі папрасілі своечасова падаваць інфармацыю аб занятасці на тэрыторыі суседняй дзяржавы.
Наступны беспрацоўны расказаў, што тры месяцы таму звольніўся з мясцовай гаспадаркі, дзе працаваў вадзіцелем. За гэты час паспеў атрымаць яшчэ адну вадзіцельскую катэгорыю, збіраецца працаўладкавацца на міжнародныя грузаперавозкі. Для гэтага яшчэ трэба атрымаць карту вадзіцеля. Мужчына адмовіўся звяртацца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, каб зарэгістравацца ў якасці афіцыйна беспрацоўнага, бо спадзяецца сам атрымаць новую работу да канца месяца. Яго папрасілі пасля працаўладкавання прадаставіць у камісію адпаведныя дакументы, каб не трапіць у базу незанятых.
Наступнай выслухалі маці, якая гадуе чатырохгадовае дзіця. Жанчына вучыцца ва ўніверсітэце па сельскагаспадарчай спецыяльнасці, але пасля заканчэння хоча перакваліфікавацца на бухгалтара. Ад прапанаваных сельскагаспадарчых вакансій яна адмовілася, матывуючы гэта недахопам часу на догляд за дзіцём. Маці патлумачылі, што, пакуль дзіцяці няма сямі гадоў, яна не трапіць у спісы не занятых у эканоміцы. А вось муж жанчыны працуе ў Расійскай Федэрацыі, каб прэтэнзій не было і да яго, у камісію трэба прадаставіць копію працоўнага дагавора. Зручней зрабіць гэта па электроннай пошце.
Яшчэ адна маці шасцігадовага дзіцяці працуе часова на сезонных работах, але хоча ўладкавацца на пастаяннае месца. Прапанаваныя вакансіі жанчыну не зацікавілі. Яна патлумачыла, што ёсць варыянт прайсці курсы і ўладкавацца на швейную фабрыку ў Навагрудку, дзе забяспечваюць інтэрнатам. Ад дапамогі камісіі жанчына адмовілася.
Мужчыну, які патлумачыў, што не можа працаўладкавацца з-за сур’ёзных праблемаў са здароўем, параілі звярнуцца ва ўрачэбна-кансультацыйную камісію па заключэнне, каб было зразумела, якія віды работ ён можа выконваць.
Яшчэ адзін мужчына прынёс у камісію падобнае заключэнне, але на цяперашні час адпаведных вакансій для яго не знайшлося. Пытанне ўзята на кантроль, а мужчыну параілі пакуль што зарэгістравацца ў якасці беспрацоўнага.
Такую ж параду атрымаў і наступны беспрацоўны. Ён раней рабіў электрыкам у гаспадарцы, але быў звольнены за парушэнні. Яму паабяцалі выдаць накіраванне ў Наваельнянскі КХП.
Напрыканцы пасяджэння члены камісіі завочна азнаёміліся з гісторыямі тых беспрацоўных, якія праігнаравалі запрашэнні.
Ірына СТЫРНІК