На палетках раённых сельгасарганізацый сінхронна ідуць работы па падрыхтоўцы глебы пад ураджай будучага года, уборка кукурузы, закладка сіласу, капанне бульбы і цукровых буракоў.
У такую гарачую пару на палетках КСУП “Хвінявічы” незанятых рук няма. У вытворчы працэс задзейнічаны нават пенсіянеры раённага цэнтра.
Сярод актыўных памочнікаў – работнікі арганізацый розных сацыяльных сфераў: Дзятлаўская раённая цэнтральная бальніца, ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка”, ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас”, ВУ “Дзятлаўскі РГЗ”, Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”, работнікі Хвінявіцкага і Вензавецкага дзіцячых садоў-сярэдніх школ, Лявонавіцкага дзіцячага сада-базавай школы.
Па стане на 11 кастрычніка ў КСУП “Хвінявічы” бульба была ўбрана на плошчы 58,5 гектара. Пры сярэдняй ураджайнасці 221 цэнтнер на круг накапалі 1295 тон клубняў. Сёлета актыўнымі працаўнікамі сельгасарганізацыі было пасаджана некалькі сартоў адборнай бульбы. На дзень наведвання гаспадаркі ўжо выкапаны сарты “Брыз”, “Скарб”, “Гала”. Адметна ўрадлівым сёлета паказаў сябе апошні. Якой на ўраджайнасць будзе бульба сартоў “Вега” і “Журавінка”, пакажуць бліжэйшыя дні. Хуткім часам плануецца задзейнічаць усю моц і прыступіць да іх уборкі.
Практычна ўсю накапаную і дастаўленую да сховішча бульбу работнікі сартуюць у той жа дзень і закладваюць на захоўванне, а пры неабходнасці – рэалізуюць пакупнікам.
– Вялікую бульбу мы фасуем у сеткі – на цяперашнюю рэалізацыю, – расказала аграном-насеннявод Ілона Вянцкевіч, прадаём індывідуальным прадпрымальнікам, а таксама плануем рэалізаваць на кірмашах па выхадных. Яшчэ добрую бульбу адпраўляем у дзіцячыя сады і школы. Насенную бульбу пакуль сыплем асобна, пазней будзем адпраўляць у сховішчы. А астатнюю – адвозім на Боркаўскі крухмальны завод.
Што датычыць якасці, то клубні прыгожыя і здаровыя. Маючы два бульбасховішчы агульным аб’ёмам у 3,5 тысячы тон, праблем з захоўваннем клубняў няма, але рэалізаваць сабраны ўраджай плануецца да наступлення зімовага перыяду. Гэта пацвердзіў і галоўны аграном КСУП “Хвінявічы” Аляксандр Навагран, пад кантролем якога ідзе ўвесь ход работ на палях.
Бульбаўборачны камбайн і іншая сельскагаспадарчая тэхніка працуюць у напружаным рытме.
Выкапаныя клубні без прамаруджвання адвозяць на сартавальныя пункты вадзіцелі ГАЗ-53 Руслан Трахімовіч, Аляксандр Рамашэўскі, Сяргей Лаўнік, на МТЗ-82 плённа працуюць Віктар Глушкевіч, Валерый Кашчык, Іван Яблонскі, Віктар Коска. На дапамогу сельгасарганізацыі прыйшла тэхніка з ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас” – МТЗ-892 кіруе механізатар Фёдар Рудоль. За рулём МТЗ-82 працуе Віктар Малышка – дапамогу арганізаваў Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”.
Бульбаўборачны камбайн – у надзейных руках механізатара Георгія Шэўкі, вопытнага працаўніка, актыўнага ўдзельніка восеньскіх палявых работ.
Як расказала Ілона Вянцкевіч, усяго на ўборцы бульбы занята трынаццаць адзінак тэхнікі. На кожнай з іх працуюць вопытныя механізатары.
Сёлета ў раёне пасадзілі бульбу 4 сельгаспрадпрыемствы: КСУПы “Русь-Агра” (70 га), “Жукоўшчына” (100 га) , “Хвінявічы” (70 га), “Дварэц-Агра” (50 га). Усяго – 290 гектараў. Як паведамілі ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, па стане на 11 кастрычніка ўраджай бульбы сабраны з 232 гектараў, што склала 80 працэнтаў ад пасаджанага. Накапана 5250 тон пры сярэдняй ураджайнасці 226 цэнтнераў з гектара.
Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ