Уладзімір Сіняк: “Рэабілітацыя нацызму недапушчальная”

Галоўнае Свежыя навіны Улада

23 красавіка ў Дзятлаўскім раённым выканаўчым камітэце чарговую прамую тэлефонную лінію  правёў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Нёманскай выбарчай акрузе № 56 Уладзімір Сіняк.

Ад нашых землякоў Уладзіміру Аляксандравічу паступілі два звароты.

Першай да дэпутата звярнулася жыхарка горада Дзятлава. Жанчыну цікавіла якасць медыцынскага абслугоўвання ў Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы. Уладзімір Сіняк узяў пытанне заяўніцы на дэпутацкі кантроль і паабяцаў ёй, што асабіста сустрэнецца і пагутарыць на гэту тэму з галоўным доктарам бальніцы Алегам Анцухам.

Наступны званок паступіў ад жыхара Парэцкага сельсавета. Мужчыну непакоіла пытанне дастаўкі малочнай прадукцыі, якую ў іх населены пункт ажыццяўляе аўталаўка.

Адразу пасля размовы з вяскоўцам дэпутат звязаўся па тэлефоне з дырэктарам Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства Мікалаем Лянцэвічам. Кіраўнік філіяла паабяцаў Уладзіміру Сіняку ўзяць на ўласны кантроль забеспячэнне вясковага насельніцтва малочнай прадукцыяй з больш свежым тэрмінам выпуску.

Па заканчэнні прамой тэлефоннай лініі карэспандэнтка газеты пацікавілася ва Уладзіміра Сіняка законапраектамі, разгледжанымі дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, апошнія з якіх былі скіраваны на захаванне міру і стабільнасці ў беларускім грамадстве.

– Уладзімір Аляксандравіч, літаральна некалькі дзён таму дэпутаты разгледзелі шэраг законапраектаў, раскажыце пра галоўныя з іх падрабязней.

– У сучаных умовах наша Рэспубліка Беларусь павінна не проста жыць, а нарошчваць эканамічны і сацыяльны патэнцыял, і на ўсе пытанні развіцця краіны мы з вамі павінны глядзець праз прызму нацыянальнай і грамадскай бяспекі. З гэтай мэтай у красавіку 2021 года дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь разгледзелі блок важных і запатрабаваных грамадствам законапраектаў па пытаннях супрацьдзеяння экстрэмізму, недапушчэння рэабілітацыі нацызму, аб масавых мерапрыемствах і сродках масавай інфармацыі. Вынікам гэтых законапраектаў павінна стаць захаванне міру і стабільнасці ў нашым грамадстве, а таксама забеспячэнне бяспекі грамадзян на вуліцах беларускіх гарадоў і сёл.

Яшчэ нядаўна мы не маглі і падумаць, што ў нашай краіне, дзе ў час Вялікай Айчыннай вайны ад рук гітлераўскіх нацыстаў загінула каля трох мільёнаў чалавек, а ўся наша Беларусь была ператворана ў адзін канцлагер, мы сутыкнёмся з фактамі гераізацыі нацызму. Нельга сёння рабіць герояў з нямецкіх злачынцаў. Супрацьстаяць гэтаму і паставіць надзейную заслону экстрэмізму мы зможам толькі тады, калі захаваем нашу гісторыю. А для гэтага трэба выканаць шэраг мерапрыемстваў, у тым ліку на заканадаўчым узроўні. Асаблівую ўвагу неабходна надаць выхаванню падрастаючага пакалення: у школах патрэбны цікавыя мерапрыемствы, шырокае знаёмства з літаратурай пра Вялікую Айчынную вайну, тэматычныя гульні, урокі мужнасці і многае іншае. Нельга дапусціць, каб ваенная трагедыя паўтарылася толькі таму, што гістарычная памяць беларускага народа была страчана.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup