“Пераможцы” сярод лаўрэатаў творчага конкурсу “Белай Русі”. Аб чым піша Юлія Бакуновіч?

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

У Мінску адбылося ўрачыстае ўзнагароджванне пераможцаў рэспубліканскага этапу конкурсу работ творчай моладзі “Залатое пяро “Белай Русі”-2018”. З дыпломам другой ступені са сталіцы вярнулася наша калега, малады спецыяліст, рэдактар радыё “Дзятлава” Юлія Бакуновіч.

Нагадаем, што ў конкурсе, які традыцыйна арганізоўвае для моладзі нашай рэспублікі грамадскае аб’яднанне “Белая Русь”, прымалі ўдзел маладыя людзі ва ўзросце да 30 гадоў. Варта зазначыць, што канкурэнтаў у Юліі было шмат. Толькі за званне пераможцы конкурсу “Залатое пяро “Белай Русі” змагаліся 99 работ, якія сталі лепшымі на раённых і абласных этапах, а ўсяго ўдзел у ім прымалі каля двух тысяч маладых людзей. Эсэ нашай калегі дастойна вытрымала канкурэнцыю, стала пераможцай на абласным этапе ў намінацыі “Медыя III тысячагоддзя”, а на рэспубліканскім “заваявала срэбра”. Журы зацікавілася поглядам аўтара на сучасныя медыя і ролю моладзі ў жыцці грамадства.

Мы вырашылі даведацца ў Юліі, чым была адметна яе работа, як ёй жывецца і працуецца на Дзятлаўшчыне, якія тэмы найбольш прывабліваюць маладую журналістку.

– Юлія, якую праблематыку ты падымала ў сваім эсэ?

–  У сваёй рабоце “Шарлотка з перцам” я параўноўвала трыдыцыйныя сродкі масавай інфармацыі з сацыяльнымі сеткамі. Думаю варта патлумачыць, чаму выбрала такую незвычайную назву. Гэта алігорыя, параўнанне: аўтары медыйнай кухні ствараюць прывабны прадукт для спажыўца інфармацыі. Аднак паколькі папулярныя блогеры – гэта не прафесіяналы, не журналісты, то чаму мы павінны здзіўляцца, калі ў “медыйным пірагу” нам трапіцца кавалачак вострага перцу? Вось я і зрабіла выснову, што традыцыйныя СМІ павінны выстаяць пад націскам сацсетак, бо менавіта яны дапамагаюць моладзі, ды і грамадству ў цэлым, развівацца, думаць, аналізаваць. А сучасныя журналісты стараюцца крочыць у нагу з часам і не здаваць сваіх пазіцый.

– Ці думала ты, што будзеш у ліку пераможцаў конкурсу?

– Прызнацца, не чакала нават, што траплю ў фінал. Праўда, для напісання эсэ выдзеліла асобны дзень. У гэты дзень шмат думала, перабірала розныя варыянты, аднак не напісала ніводнага радка. А калі лягла спаць, у галаву пачалі прыходзіць патрэбныя думкі. Давялося ўстаць і ўключыць камп’ютар. Так была напісана мая работа для конкурсу. Пацягнуліся працоўныя будні, усё забылася, і я была вельмі здзіўлена, калі патэлефанавалі з Гродна паведаміць, што ў мяне дыплом за першае месца. Так мая работа трапіла на рэспубліканскі этап конкурсу, які судзіла прафесійнае журы. У ліку яго – рэдактары вядучых выданняў, міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь. І зноў мне прысудзілі яшчэ адзін дыплом, праўда, ужо за другое месца, запрасілі на цырымонію ўрачыстага ўзнагароджвання. Я і цяпер не поўнасцю асэнсавала, што змагла стаць прызёркай такога прэстыжнага конкурсу.

– Як лічыш, падобныя конкурсы патрэбны?

– Бясспрэчна, бо гэта шанц для пачынаючых журналістаў заявіць пра сябе. Напрыклад, “Залатое пяро “Белай Русі” разлічана на маладых людзей да 30 гадоў. Гэта значыць, што ўдзел у конкурсе прымаюць і навучэнцы старэйшых класаў, і студэнты, і працоўная моладзь, якая паспела назапасіць пэўны жыццёвы вопыт. Для кожнага з іх конкурс – гэта прыступка, якая дапамагае падняцца на новы ўзровень. А для тых, хто марыць стаць журналістам, – магчымасць праявіць сябе ў творчым асяроддзі.

Юлія, ты ўжо год працуеш на Дзятлаўшчыне як малады спецыяліст. Ці не шкадуеш, што трапіла ў рэдакцыю раёнкі?

– Прызнацца, калі даведалася,  што размеркавана ў раённы цэнтр, вельмі расстроілася. Кантраст паміж Мінскам і Дзятлавам каласальны. Я прывыкла да хуткага тэмпу жыцця, прывыкла бегчы, спяшацца, а тут кампактны гарадок, усё ў крокавай даступнасці. Аднак давялося прайсці сапраўдную школу выжывання. Справа ў тым, што я не прывыкла да друкаваных сродкаў масавай інфармацыі. У Мінску працавала на тэлебачанні і радыё, а тут – газета, я не ведаю спецыфікі работы, хаця пісаць заўсёды любіла. Яшчэ адной праблемай была беларуская мова, да якой таксама прывыкала. Плюс раней я працавала ў забаўляльнай сферы, пісала сцэнарыі для забаўляльных праграм, а ў раёнцы пераважае сур’ёзная тэматыка. Аднак я на дзіва хутка да ўсяго адаптавалася, хаця ні блізкіх, ні знаёмых, каб падтрымаць маральна, на Гродзеншчыне ў мяне не было. Пашанцавала толькі, што з Дзятлава без перасадак ходзіць аўтобус да роднага Пінска, хаця дома бываю не часта.

– На якія тэмы ты любіш пісаць, працуючы ў раённай газеце?

– Люблю пісаць пра людзей, спецыялістаў розных сфераў дзейнасці, вывучаць іх біяграфіі. Кожны такі чалавек, нібыта кніга, “чытаючы” якую развіваешся і расцеш сам. Таксама мне даспадобы сацыяльная тэматыка, медыцына, праблемы здаровага ладу жыцця.

– Што ў далейшых планах?

– Спыняцца на дасягнутым не хачу. Збіраюся паспрабаваць сябе ў рабоце за мяжой, вывучаць еўрапейскія сродкі масавай інфармацыі, таму ўжо пачала даследаваць гэту галіну.

Ірына КАЎКЕЛЬ
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

 



7 комментариев по теме ““Пераможцы” сярод лаўрэатаў творчага конкурсу “Белай Русі”. Аб чым піша Юлія Бакуновіч?

  1. Мои поздравления. Творческого и профессионального роста.

    Рейтинг комментария:Vote +1+1Vote -10

  2. Вам Юлия желаю удачи! А нам всем желаю, чтобы Вы остались здесь на Дятловщине.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  3. Все о человеке могут сказать его глаза. Сразу видно, добрая, тактичная, умная.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *