Педагог-псіхолаг Наталля Сакалоўская з аграгарадка Гезгалы сёлета скончыла Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы, і першым месцам працы для яе стала СШ №1 горада Дзятлава.
Для маладога спецыяліста гэта не аказалася нечаканасцю, таму што паступала яна па мэтавым накіраванні і ведала, што як мінімум 5 гадоў сваёй прафесійнай дзейнасці прысвеціць дзецям менавіта гэтай школы, на сваёй малой радзіме.
– Як у вашым жыцці з’явілася псіхалогія?
– Цяга да псіхалогіі ў мяне пачалася яшчэ з ранняга ўзросту. Калі стаў выбар будучай прафесіі, то зразумела, у якім кірунку рухацца, і паступіла на псіхолага.
– Маленькая Наташа часта звяртала ўвагу на адценні паводзінаў людзей?
– Увесь час бачыла глыбей, чым можа іншае дзіця ці нават дарослы. У мяне атрымлівалася адчуваць людзей, старалася разбірацца ў розных жыццёвых сітуацыях. Я заўсёды хацела дапамагаць людзям не толькі фізічна або матэрыяльна, але і маральна.
– Атрымліваецца, што вы былі часткова адказныя за чужы лёс.
– Так, кожная парада давалася нялёгка, таму што ад гэтага залежала многае. Калі я стала вучыцца на псіхолага, стала разумець, што блізкім людзям нельга даваць парады з прафесійнага пункту гледжання, таму што на блізкіх мы глядзім заўсёды па-іншаму. Ад гэтага і вынік можа аказацца не тым.
– Студэнцкае жыццё ўжо прайшло. Многія гавораць, што гэта самы лепшы час у жыцці чалавека. Вы згодныя з такім стэрэатыпам?
– Часткова. Напрыклад, большую частку свайго часу праводзіць на занятках не кожнаму падабаецца, але я заўважала, што стала хутка змяняцца. У падсвядомасці, светапоглядзе былі перавароты. Гэта ўсё дзякуючы псіхалогіі.
– Ці складана псіхолагам будаваць адносіны з іншымі людзьмі? Здаецца, вы можаце ўбачыць практычна любога наскрозь.
– Так, гэта складана. Ты ведаеш больш, чым трэба, і ў адносінах з людзьмі няпроста «выключыць» у сабе псіхолага. Але я стараюся не змешваць асабістае з прафесійным, калі няма вострай неабходнасці.
– Што тычыцца дзіцячай псіхалогіі, гэта ж больш тонкая сістэма, іншая спецыфіка працы. Як вам удаецца знаходзіць “агульную мову” з дзіцём, выклікаць прыхільнасць яго да сябе?
– Дзеці больш адчувальныя, у адрозненні ад дарослых, і з гэтым вельмі складана разбірацца. Лішні раз павысіў голас на дзіця – і нават не задумаешся, якую траўму можаш яму нанесці. Я ў школе новы чалавек, дзеці павінны да мяне прывыкнуць. Ёсць дзеці менш уразлівыя, а ёсць такія, якіх у класе лічаць ізгоем. Вось да апошніх патрэбен асаблівы падыход, да іх складана адразу ўвайсці ў давер.
– Дзеці ў калектыве часта залежаць ад меркавання сваіх аднакласнікаў, у іх прысутнічае страх паказацца «не такім». Для некаторых выйсці да дошкі – сапраўдны стрэс, таму што трэба чакаць ацэнкі не толькі настаўнікаў, але і аднагодкаў. Чаму так адбываецца?
– Усё ідзе з сям’і. На паводзіны, характар дзіцяці ўплываюць бацькі. Вядома, не заўсёды бацькі могуць надаваць увесь свой час дзіцяці, але размаўляць з ім неабходна, каб ён не рос замкнёным. Унутраныя дзіцячыя праблемы трэба разбіраць разам з дарослымі, у гэтым можа дапамагчы і псіхолаг. У мяне ёсць методыкі па працы з уразлівымі дзецьмі, і я планую гэтыя методыкі ўжываць у рабоце. Адпаведна, трэба праводзіць працу і з бацькамі, настаўнікамі, даваць ім рэкамендацыі. Кожны чалавек індывідуальны, таму і падыход заўсёды павінен быць розны.
– Як думаеце, пасля практыкі з чужымі дзецьмі ці будзе вам у будучым прасцей з уласнымі?
– Не будзе, таму што немагчыма рабіць усё па шаблоне. Ва ўніверсітэце нас вучылі, што калі выхоўваць дзіця па кнігах, то яно вырасце слабахарактарным.
– Вы толькі пачынаеце свой прафесійны шлях, у вас шмат планаў і энтузіязму. Як праходзіць адаптацыя да першага працоўнага месца?
– Я не паспела прыйсці на працу, а адказнасці з’явілася больш, чым за ўсё маё жыццё. Я адна, а дзяцей у школе больш за 370. Да таго ж, па дапамогу да мяне могуць звярнуцца не толькі дзеці, але і педагогі, і бацькі. Гэта складаны, але цікавы вопыт. У мяне шмат планаў, але лепш ставіць маленькія і рэальныя мэты, чым лунаць у аблоках. Наогул, па адукацыі я і сацыяльны, і сямейны, і ўзроставы, і юрыдычны псіхолаг. У адаптацыі мне вельмі дапамагала і дапамагае дырэктар школы Аксана Пацыновіч, яна мяне падтрымлівае.
– У вас не зусім стандартныя паводзіны для маладога спецыяліста: няма страху ўступаць у новае жыццё, няўпэўненасці ў сабе і сваіх прафесійных ведах. Можа, у вас ёсць рэкамендацыі для тых, хто гэтак жа, як і вы, толькі што прыйшоў на першае месца працы?
– Напэўна, я б параіла ўяўляць, быццам калегаў вы ведаеце ўжо даўно. Вядома, у разумных межах. Не кожны можа адразу прывыкнуць да новага месца працы, а некаторым жа прыходзіцца яшчэ мяняць горад. Хвалявацца спачатку – гэта нармальна, але трэба настройваць сябе на тое, што ўсё будзе добра, і не баяцца цяжкасцяў.
Юлія БАКУНОВІЧ