Прыгожа біць – і забіваць – сёлетні трэнд аматараў футбола

Свежыя навіны Спорт і турызм

Напярэдадні пачатку новага навучальнага года ў Дзятлаўскім раёне стартуе акцыя “Запішыся ў спартыўную школу”.

Пазнаёміцца са спартыўнымі дысцыплінамі і выбраць цікавую для сябе прапануе бацькам і сваім будучым  выхаванцам Дзятлаўская дзіцяча-юнацкая спартыўная школа. Як запісацца на заняткі і што цікавага там чакае школьнікаў, расказаў старшы трэнер-выкладчык па футболе Уладзімір Ганчар.

– Адбор дзяцей у спартыўную школу пачнецца з 1 верасня і будзе доўжыцца да 1 кастрычніка. У гэты перыяд трэнеры-выкладчыкі спартыўнай школы будуць праводзіць тэматычныя заняткі па розных відах спорту, што дапаможа дзецям вызначыцца ў іх жаданнях і перавагах. У бацькоў з’явіцца магчымасць на працягу месяца пазнаёміцца з вучэбнай інфармацыяй, існуючымі дысцыплінамі і дапамагчы дзецям зрабіць правільны выбар.

Чэмпіянат свету па футболе, які праходзіў у нашых суседзяў-расіян, выклікаў шчырую цікавасць да сябе сярод людзей рознага ўзросту. Сёлетнія спартыўныя пляцоўкі адметна папоўніліся колькасцю гуляючай у футбол дзятвы. Ці чакаеце наплыву і інтарэсу сярод школьнікаў менавіта да гэтай дысцыпліны?

– Футбол заўсёды прывабліваў да сябе аматараў. Сёлетні чэмпіянат яшчэ раз абазначыў маштабнасць гульні, прадэманстраваў жаданне “быць у гульні” да апошняй хвіліны, уменне забіваць і рабіць гэта якасна і прыгожа. Наплыву чакаем, безумоўна. Разлічваем, што актывізіруюцца дзяўчаты. Плануем пашыраць набор і развіваць дзявочы футбол як перспектыўны напрамак.

Які крытэрый адбору выхаванцаў на аддзяленне “Футбол”?

– Галоўнае патрабаванне, як і ў любым відзе спорту, – каб не было супрацьпаказанняў да заняткаў спортам, а гэта асноўная група здароўя. Напісаць заяву на залічэнне ў секцыю мы прапануем бацькам і будучым навучэнцам у тэрмін да 1 кастрычніка. На аддзяленне “Футбол” могуць запісацца дзеці ва ўзросце ад 8 да 12 гадоў.

Колькі раз на тыдзень плануецца праводзіць заняткі па футболе?

– Гэта будзе залежаць ад узроўню падрыхтоўкі выхаванцаў. Пачатковае звяно (першы год навучання) займаецца тры разы на тыдзень па паўтары гадзіны, наступнае за ім – таксама тройчы на тыдзень, але па дзве гадзіны, выхаванцы з 2-х да 3-х гадоў навучання займаюцца 4 разы на тыдзень, звыш 3-х гадоў – 5 разоў на тыдзень па 2 гадзіны.

Раскажыце пра трэнерскі састаў і матэрыяльна-тэхнічную базу футбольнага аддзялення.

– Сёлета ў Дзятлаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе будуць працаваць два трэнеры: на базе Казлоўшчынскай сярэдняй школы – трэнер-выкладчык Аляксандр Кавальчук, на базе сярэдняй школы №3 горада Дзятлава – старшы трэнер-выкладчык Уладзімір Ганчар. Для трэніровак створана добрая матэрыяльна-тэхнічная база, у прыватнасці, спартыўныя і трэнажорная залы, рознага ўзроўню спартыўныя пляцоўкі на  цэнтральным стадыёне “Колас”, таксама ёсць пляцоўка са штучным пакрыццём на тэрыторыі сярэдняй школы №3 горада Дзятлава, маецца паўнавартасная камплектацыя спартыўнага інвентара. Зімой  выхаванцы школы могуць наведваць басейн. Акрамя таго, на базе спартыўнай школы працуе летнік “Алімпіец”, што дазваляе весці з выхаванцамі бесперапынную трэніровачную дзейнасць.

Заняткі па ўсіх дысцыплінах у нашай школе праводзяцца на бясплатнай аснове. Выезд на спаборніцтвы раённага, абласнога ўзроўню для дзяцей таксама бясплатны, з харчаваннем.

–  Раскажыце пра дасягненні мінулага навучальнага года і пра планы на будучы год.

– Сярод адметных перамог – другое  месца ў першынствах па футболе Гродзенскай вобласці сярод хлопчыкаў 2005 года нараджэння і  трэцяе месца сярод хлопчыкаў 2007 года нараджэння, якія праходзілі ў горадзе Шчучыне.

Унікальным стаў праект “Футбол у вёсцы”, які быў распрацаваны і рэалізоўваўся з маёй уласнай трэнерскай ініцыятывы  і падразумяваў стварэнне і пастаянную падтрымку ігракоў і футбольных камандаў сярод сельскіх школаў. Дзякуючы гэтаму праекту адметна павысіўся ўзроўнь якасці гульні, сістэмнай стала падрыхтоўка і адбор лепшых ігракоў. Асаблівая ўвага надавалася адпрацоўцы гульнёвых рухаў, тэхніцы ўдара. Дзякуючы падтрымцы Асацыяцыі Беларускай Федэрацыі футбола, адметна папоўніліся матэрыяльна-тэхнічныя базы вясковых школ.

Сёлета плануем не спыняцца на дасягнутым. Адна з найбольш паспяховых ініцыятыў будучага навучальнага года – удзел у рэспубліканскім праекце “Шосты школьны дзень”.

Акрамя таго, АБФФ сумесна с ФІФА распрацаваны праект па развіцці дзявочага футбола. Апошнім часам дзяўчаты ўсё больш аказваюцца ўцягнутымі ў гэту гульню – ігракі, суддзі, афіцыйныя асобы або валанцёры. У дзяўчынак Дзятлаўшчыны зараз ёсць ідэальная магчымасць для пераймання вопыту гульні ў футбол і перспектыва ў будучым далучыцца да прафесійных футбалістак.

Рэалізацыя гэтага праета плануецца на працягу 2018-2019 навучальнага  года. Да ўдзелу запрашаюцца дзяўчынкі ва ўзросце да 13 гадоў.

Фінальным этапам стане правядзенне рэспубліканскага першынства сярод дзявочых футбольных каманд. Праект поўнасцю фінансуецца Асацыяцыяй БФФ.

 Куды можна звярнуцца школьнікам і іх бацькам, якіх зацікавіла гэта інфармацыя?

– Запісацца ў спартыўную школу можна па заяве бацькоў або законных прадстаўнікоў дзіцяці.

Адрас:  г.Дзятлава, вул. Чапаева, 18/1.

Даведкі па тэл. 8-01563-2-71-48. 

Адрас сайта: dyshdyatlovo.schools.by.

Адрас электроннай пошты: dtdush@mail.grodno.by.

А таксама па тэл.: старшы трэнер-выкладчык Уладзімір Юр’евіч Ганчар, тэл. +37529 342-74-22 (трэніровачныя заняткі праходзяць на базе СШ № 3 г. Дзятлава).

Трэнер-выкладчык Аляксандр Іосіфавіч Кавальчук,

тэл. +37544 797-96-48 (трэніровачныя заняткі праходзяць на базе

Казлоўшчынскай СШ).

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *