Люблю свае Круцілавічы

Важнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

У адной з найпрыгажэйшых мясцін Дзятлаўскага раёна размясціўся мой родны аграгарадок Круцілавічы.

Доўгі час тут на беразе ракі Ятранка стаяў Млын. З усяе акругі, нават з Дзятлава, везлі сюды людзі зерне, каб змалоць. І круціліся-круціліся, амаль не спыняючыся, крылы гэтага млына. Вось, можа, і назва нашай мясцовасці пайшла адсюль.

Я вельмі люблю свае Круцілавічы. Люблю ў любую пару года: улетку за кветкі, што паўсюль стракацяць, у жніўні, як бязмежнае мора, жаўцее рапс, зімою – за бялюткі далягляд, вясною – за квецень садоў.

Памятаю ўсё да драбніц: як мама за руку павяла ў першы клас, як уразіла сваёй прыгажосцю і мноствам кветак школа. І потым, кожны год пераступаючы парог любімай і роднай школы, я не пераставала захапляцца яе прыгажосцю. Мне заўседы хацелася да настаўнікаў, якія вялі мяне па сцяжынцы ў найцікавейшую краіну ведаў.

Люблю я свой аграгарадок і за тое, што тут жывуць працавітыя і добразычлівыя людзі. З самага ранку гудуць трактары на палетках, імчацца машыны па дарогах, людзі спяшаюцца: хто на свінагадоўчы комплекс, хто на ферму, хто ў цялятнік, хто ў кантору ці ў сельскі савет, а дзеці і настаўнікі – у школу.

Мне вельмі падабаецца прымаць удзел у святах, якія ладзяцца ў нашых Круцілавічах.

Тут  нараджаліся, жылі, працавалі каля 40 маіх продкаў, усе яны былі носьбітамі прозвішча Сёмуха (гэта я даведалася, працуючы над даследчай работай “Антрапонімы маёй малой радзімы”). Многія з іх знайшлі свой апошні прытулак таксама на гэтай зямлі і памяць аб іх вечна жывая.

Цяпер, стаўшы дарослай, паспяхова скончыўшы школу, я вызначаю свой далейшы шлях. Але ўпэўнена ў адным: любоў да сваёй малой радзімы, да родных Круцілавічаў ніколі не згасне ў маёй душы. Кім бы я ні стала, дзе б я ні была, буду заўсёды ехаць сюды і любавацца роднымі мясцінамі, буду рабіць усё для таго, каб яны з кожным годам станавіліся прыгажэйшымі, каб людзі доўга жылі, каб шмат дзяцей тут было, каб звонка-звонка яны смяяліся і далёка лілася песня ансамбля “Суседачкі”.

Вольга СЁМУХА,
выпускніца Круцілавіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *