Крымінальная хроніка. Здарэнні мінулага тыдня

Важнае Здарэнні і бяспека

З 22 па 28 лютага ў аператыўна-дзяжурную службу АУС Дзятлаўскага райвыканкама паступіла 66 паведамленняў, 3 з якіх утрымлівалі звесткі аб прыкметах учыненых злачынстваў, 25 – аб адміністрацыйных правапарушэннях, 38 – аб іншых здарэннях.

Да адміністрацыйнай адказнасці былі прыцягнуты 23 правапарушальнікі, узбуджана 5 крымінальных спраў.

Пакінулі без інструментаў

У лютым у двары вяскоўца з нашага раёна пагаспадарылі злодзеі. Як высветлілася пазней, гэта былі два маладыя жыхары Навагрудчыны. Мужчыны сарвалі навясны замок з гаспадарчай пабудовы і скралі адтуль самаробнае зараднае прыстасаванне, вуглашліфмашынку, электрадрыль, набор інструментаў, 50 метраў меднага проваду і іншыя гаспадарчыя рэчы. Падлічана, што сума ўрону склала 1770 рублёў. Злодзеі затрыманы, іх чакае суд.

Забралі прадукты без дазволу

Раённы аддзел Следчага камітэта ўзбудзіў крымінальную справу на трох беспрацоўных, у тым ліку жанчыну. Зламыснікі наведаліся ў госці да інваліда, жыхара аднаго з гарпасёлкаў раёна. Там яны без дазволу гаспадара адкрыта забралі з сабой прадукты харчавання і радыёпрыёмнік на агульную суму 40 рублёў. Цяпер гасцям-рабаўнікам давядзецца адказваць перад судом.

З нажом на сужыцеля

Вечарам 27 лютага беспрацоўная жыхарка адной з вёсак раёна ў час сваркі нанесла свайму сужыцелю ўдар нажом у жывот. Медыкі канстатавалі, што пацярпелы атрымаў цяжкае цялеснае пашкоджанне. На вінаватую ўзбуджана крымінальная справа.

Пазычыў грошы махляру

Невядомы інтэрнэт-махляр прадставіўся жыхаром Дзятлава і ў сацыяльнай сетцы “ВКонтакте” ў час перапіскі ўвайшоў у давер да кладаўшчыка анлайн-гіпермаркета, у якога змог пазычыць 80 рублёў. Грошы былі пераведзены на разліковы рахунак невядомага, а пацярпелы, калі зразумеў сваю памылку, звярнуўся да праваахоўнікаў. Узбуджана крымінальная справа.

Уладзімір СВЯТОХА,
першы намеснік начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама