Складнікі поспеху нашага раёна
У сонечны веснавы дзень у самы разгар клапатлівага аграрнага часу на палетках ААТ “Граніт-Агра” давялося сустрэцца з чалавекам, у якога з аднаго боку – сур’ёзная і асабліва адказная прафесія, а з другога – ён уладальнік харызматычнага тэмпераменту, абаяльнай усмешкі і самае галоўнае – прыхільнік нетрадыцыйнага і творчага падыходу да адказных працэсаў і этапаў аграрнай справы.
Гэта – галоўны аграном ААТ “Граніт-Агра” Антон Тарасевіч, імя якога ў гэтым годзе занесена на Дошку гонару.
На пачатку размовы даведваюся, што нарадзіўся Антон у вёсцы Лапушна Дзятлаўскага раёна. Яго бацька – інжынер-будаўнік, маці працавала старшынёй сельвыканкама. Пасля заканчэння базавай школы, Антон паступіў у Навагрудскі аграрны каледж, затым прадоўжыў вучобу ў Гродзенскім аграрным універсітэце.
Маладым спецыялістам прыйшоў працаваць у ААТ “Граніт-Агра”, і вось ужо амаль дзесяць гадоў адказнымі адносінамі да працы, граматным падыходам да справы, жаданнем ніколі не спыняцца на дасягнутым радуе кіраўніцтва гаспадаркі і калег.
Пачынаў працаваць Антон Тарасевіч памочнікам на ўчастку, затым – аграхімікам, апошнія пяць гадоў ён галоўны аграном.
– Калі я ўладкаваўся на працу, мне пашанцавала, – расказвае Антон Тарасевіч. – Маім настаўнікам і калегам стаў Анатоль Аблажэй, які працаваў у той час у гаспадарцы аграномам. Я заўжды прыслухоўваўся да парад і рэкамендацый, вучыўся разам з ім сачыць за сельскагаспадарчымі працэсамі. Разам мы аналізавалі стан глебы, якасць насення, рабілі стаўкі на прагназаванне будучага ўраджаю, абмяркоўвалі план работы ў крытычных абставінах, стойка прымалі капрызы прыроды. Вучыў мяне Анатоль Аблажэй спакойна і мужна выходзіць з любой крытычнай сітуацыі.
Антон Тарасевіч па электроннай поште атрымлівае шмат прапановаў элітнага і сартавога насення, гібрыдаў, прадуктаў вытворчасці розных кампаній і фірм з розных куткоў краіны.
– У нас за шмат гадоў работы ёсць добра напрацаваныя кантакты з фірмамі, што спецыялізуюцца менавіта на рапсавым насенні, – расказвае Антон Аляксандравіч. – Разам з гэтым, дзякуючы кіраўніку гаспадаркі Станіславу Мазуру, я маю магчымасць перыядычна наведваць абласныя вытворчыя семінары, дзе знаёмлюся з селекцыйнымі навінкамі, новымі гібрыдамі, сродкамі апрацоўкі раслін, разнавіднасцямі мінеральных угнаенняў, разглядаю прапановы супрацоўніцтва з новымі фірмамі і кампаніямі. Усю гэту інфармацыю неабходна больш глыбока апрацаваць і прааналізаваць, сярод некалькіх прапаноў выбраць самую надзейную, распрацаваць тэхналогію работы і як вынік – прыняць сур’ёзнае і адказнае рашэнне.
– Жывапісныя малюнкі на палях – гэта ваша інавацыя ці аграрная прапанова?
– Гэта эксперыментальныя палі. Пасеў сельскагаспадарчых культур, а ў дадзеным выпадку гэта азімае жыта і азімая сурэпіца, праводзіцца паласным метадам. Эксперыменты на гэтым не заканчваюцца. У планах на будучае – адназначна рабіць такі сеў, магчымы разнастайныя камбінацыі.
Некалькі апошніх гадоў Антон Тарасевіч займаецца высяваннем толькі гібрыднага насення рапсу і кукурузы.
Адпраўляюся разам з аграномам на эксперыментальныя палі, даведваюся, што кантроль на выпрабаванне праходзяць 24 віды гібрыднай кукурузы.
– Па мінулагодніх выніках можна сказаць, што ўраджайнасць парадавала, – дзеліцца галоўны аграном. – Рэкорды – па 150 цэнтнераў з гектара. Бачым у гэтым патэнцыял.
Вельмі сур’ёзна Антон Тарасевіч займаецца рапсам, правярае гібрыды на эксперыментальных участках. Узаемавыгаднае супрацоўніцтва склалася з фірмамі, якія спецыялізуюцца менавіта на гэтай культуры і пастаўляюць невялікія партыі новых гібрыдаў для выпрабаванняў. Палявы вопыт агранома і надзейны догляд раслін – важная інфармацыя для вытворчых кампаній.
Антон Аляксандравіч – спецыяліст, які знаходзіцца ў пастаянным вынаходніцтве і пошуку новых тэхналогій, сартоў, рашэнняў на развіццё арганізацыі. Давер з боку вытворчых кампаній – лепшы доказ бесперапыннай і станоўчай працы адказнага агранома.
У ходзе размовы Антон Тарасевіч адзначыў, што для лепшых поспехаў у працы сельскай гаспадаркі мала проста жадання, неабходна, каб супалі шматлікія фактары: спрыяльныя ўмовы надвор’я, старанні работнікаў, імкненне да бесперапынных станоўчых вынікаў у кіраўніцтве.
Дэвізам Антона Тарасевіча, напэўна, можа стаць выказванне: “Ён з тых людзей і працаўнікоў, у якога там, дзе раней рос адзін колас – сёння павінна расці два”.
Наша размова з галоўным аграномам ААТ “Граніт-Агра” адбылася ў вельмі радасны і хвалюючы для Антона час. Зусім нядаўна ён стаў шчаслівым татам двух дзетак сыночка і дачушкі.
– Антон, цікава, чым займаецеся ў вольны ад работы час?
– Не паверыце – спачатку збіраў самадзельны трактар, агрэгаты, з задавальненнем рамантую машыны, цяпер дапрацоўваю гідраўлічны дрывакол.
– Чым выкліканы такі інтарэс да тэхнікі?
– Перш чым адказаць на гэтае пытанне, неабходна сказаць, што бацькі мае родам са Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. Часта адпраўлялі мяне адпачыць на лета да дзядулі і бабулі, якія жылі недалёка ад горада. Дзядуля мой – майстар на ўсе рукі. Каб хоць як-небудзь палегчыць для сваіх блізкіх штодзённую працу, ён майстраваў разнастайныя прылады і прыстасаванні для дома і гаспадаркі. Адметна тое, што да ўсяго ён дадумваўся сам. Пра такіх гавораць: “самавучка”. З самага дзяцінства ён браў мяне з сабою, а я з задавальненнем назіраў, як завіхаецца ён у працэсе работы, сачыў за кожным яго рухам. Я лічу, што любоў да разнастайных механізмаў, прыстасаванняў, прыладаў мне прерадалася ад дзядулі.
– З якім дэвізам вы крочыце па жыцці?
– Рабіць сваю справу адказна і якасна, каб не сорамна было за сам працэс і за вынікі.
Калегі Антона Тарасевіча дзеляцца сваімі назіраннямі за працай галоўнага агранома і характарызуюць яго як энергічнага і нястомнага чалавека з выдатнай працаздольнасцю, які ўвесь час павышае свой прафесійны ўзровень, а атрыманыя веды з поспехам выкарыстоўвае на практыцы. Ён на выдатна спраўляецца з арганізацыяй работы ў гаспадарцы. Для дасягнення высокіх ураджаяў у ААТ “Граніт-Агра” пад яго кіраўніцтвам вядзецца не толькі вытворчая, але і навукова-вытворчая работа, у ходзе якой глыбока вывучаецца эфектыўнасць гібрыдных пасеваў, апрацоўкі глебы, усе тонкасці апрацоўкі сельскагаспадарчых культур і ўнясення розных відаў угнаенняў, іх эфектыўнасць.
Жаданне якасна зрабіць тое, што стане карысным для людзей, для прафесіі, для справы, адкрытасць да ўсяго новага, аналіз і сістэмнасць уласных ведаў, цвёрдая ўпэўненасць у правільнасці прынятых рашэнняў сталі для Антона Тарасевіча арыенцірам для развіцця прафесіяналізму і стылем уласнага жыцця.
Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ
Стоит почитать:
Настоящие профессионалы нужны везде, отрадно, что они работают и в сельском хозяйстве.
Рейтинг комментария:00