Першая арганізацыйная сесія Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў 28-га склікання вырашыла пытанні работы новага складу дэпутацкага корпусу раёна. Яна прайшла 5 сакавіка ў зале пасяджэнняў райвыканкама. Удзел у рабоце сесіі прынялі старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Ігар Жук, старшыня Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Дубовік.
У адпаведнасці з заканадаўствам, адкрыў першую сесію старшыня Дзятлаўскай раённай выбарчай камісіі па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў Аляксандр Андруцэвіч. Ён паведаміў, што выбары ў раёне прайшлі з высокай актыўнасцю насельніцтва ў спакойнай абстаноўцы, 90,44% выбаршчыкаў раёна рэалізавалі сваё канстытуцыйнае права ў вызначэнні складу мясцовых саветаў дэпутатаў. Жыхарамі Дзятлаўшчыны былі абраны 27 дэпутатаў Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў 28-га склікання. У новы склад Савета дэпутатаў увайшлі 9 жанчын і 18 мужчын, 11 новых выбраннікаў з’яўляліся дэпутатамі мінулага 27-га склікання. Аляксандр Андруцэвіч ад імя раённай выбарчай камісіі павіншаваў народных абраннікаў з аказаным ім высокім даверам, пажадаў поспехаў у дэпутацкай дзейнасці.
За праведзеную работу дэпутатам Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў і Аляксандру Бараноўскаму асабіста за плённае супрацоўніцтва і актыўную пазіцыю падзякаваў старшыня райвыканкама Аляксандр Дубовік.
Перад прысутнымі выступіў старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Ігар Жук:
– Статус дэпутата вельмі высокі, высокая і мера адказнасці, бо кожны дэпутат павінен апраўдаць давер выбаршчыкаў. Каб яны бачылі, што гэты чалавек можа дапамагчы вырашыць іх праблемы на самым высокім узроўні. У нас яшчэ нямала праблемных пытанняў, ёсць да чаго імкнуцца: трэба, каб ствараліся новыя рабочыя месцы, рос дабрабыт людзей. Дзяржава стварыла ўмовы для развіцця прадпрымальніцтва. Дэпутацкі корпус таксама будзе дапамагаць у развіцці прыватнай ініцыятывы. Усё ў нашых руках. Ад таго, як мы будзем працаваць, залежыць дабрабыт людзей.
Дэпутаты сфарміравалі рабочыя органы, зацвердзілі парадак дня з чатырох пытанняў: выбранне старшыні Дзятлаўскага раёнага Савета дэпутатаў 28 склікання, выбранне яго намесніка, утварэнне пастаянных камісій Дзятлаўскага раёнага савета дэпутатаў 28 склікання, утварэнне прэзідыуму Дзятлаўскага раёнага Савета дэпутатаў 28 склікання.
Перайшлі да аднаго з найважнейшых пунктаў парадку дня – абрання старшыні раённага Савета дэпутатаў 28-га склікання. Таемным галасаваннем на гэту пасаду большасцю галасоў быў абраны дэпутат па Сніткоўскай выбарчай акрузе №25 Аляксандр Бараноўскі. Намеснікам старшыні раённага Савета абраны дэпутат па Савецкай выбарчай акрузе №13, ваенны камісар ваеннага камісарыята Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец.
У ходзе сесіі таксама былі ўтвораны чатыры пастаянныя камісіі, вызначаны іх склад і кіраўнікі. На сесіі дэпутаты таксама сфарміравалі прэзідыум раённага Савета дэпутатаў 28-га склікання.
Ірына СТЫРНІК