Адданыя справе і роднай дзяржаве

Здарэнні і бяспека

На пачатку сакавіка сваё прафесійнае свята адзначаюць моцныя і мужныя людзі, якія берагуць нас у паўсядзённым жыцці, – гэта работнікі міліцыі. Аддзел унутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама – дружная і зладжаная каманда смелых мужчын, моцных духам, абаяльных жанчын, якія служаць нашай Айчыне і, вядома ж, нам, дзятлаўчанам. Напярэдадні свята карэспандэнтка газеты пацікавілася ў супрацоўнікаў аддзела, як яны прыйшлі на работу ў міліцыю, ці падабаецца ім выбраная прафесія, чым адметны працоўныя будні праваахоўнікаў.

Уладзімір Святоха, першы намеснік начальніка аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама:

–  У 1991 годзе мы з бацькамі з Латвіі пераехалі жыць у Беларусь. Тут я скончыў Іўеўскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча, быў прызваны ў армію. На жаль, пасля праходжання тэрміновай службы ў пагранвойсках застацца служыць па кантракце не ўдалося, а мне хацелася звязаць свой лёс з адной з ваенізаваных структур. Паступіў у Баранавіцкую сярэднеспецыяльную школу міліцыі. Пасля заканчэння вучобы па размеркаванні трапіў служыць у Карэліцкі райаддзел міліцыі оперупаўнаважаным па барацьбе з незаконным абаротам наркотыкаў. З 2002 года прадоўжыў службу на пасадах оперупаўнаважанага, старшага оперупаўнаважанага, начальніка крымінальнага вышуку. З 2014 года і па цяперашні час працую на пасадзе першага намесніка начальніка аддзела ўнутраных спраў – раней Карэліцкага, а цяпер Дзятлаўскага райвыканкама.

Прафесія падабаецца, таму што яна сацыяльна значная, запатрабаваная. Галоўная задача міліцыі – забяспечваць бяспеку людзей, папярэджваць і спыняць супрацьпраўныя дзеянні. У ліку прыярытэтных накірункаў работы – барацьба з п’янствам, сямейнымі скандаламі, незаконным абаротам алкагольнай прадукцыі. Шмат увагі надаецца ўстанаўленню асобаў, якія ўчынілі злачынствы. За час службы даводзілася бачыць рознае: і забойствы, і гвалт. Хочацца, каб з такімі негатыўнымі момантамі праваахоўнікі сутыкаліся як  мага радзей.

З пазіцыі вопыту магу ўпэўнена сказаць, што служыць у міліцыі прэстыжна. Лічу, што сапраўдныя мужчыны імкнуцца выбраць прафесію, якая заклікана абараняць людзей, бо мужчыны – гэта, перш за ўсё, абаронцы.

Супрацоўнікам міліцыі жадаю моцнага здароўя, кар’ернага росту, сямейнага дабрабыту і ўсяго найлепшага.

Сяргей Шундрык, начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі:

– Не многія задумваюцца аб тым, што яны маглі б штодзённа падвяргаць сваё жыццё небяспецы, каб не супрацоўнікі міліцыі. Нягледзячы на тое, што большасць нашых грамадзян не часта выражаюць падзяку праваахоўнікам, яны яе дастойныя, бо менавіта супрацоўнікі міліцыі робяць нашы будні спакойнымі.

За час свайго існавання органы ўнутраных спраў не раз мянялі арганізацыйна-штатныя пастраенні, прававыя нормы, патрабаванні да арганізацыі службовай дзейнасці. Аднак нязменнымі былі і застаюцца адданасць асабовага саставу службоваму абавязку, напружаная і нялёгкая праца па ахове грамадскага парадку, забеспячэнні бяспекі людзей, барацьбе са злачыннасцю.

У наш час служба ў міліцыі знаходзіцца пад пастаяннай увагай грамадскасці і патрабуе ад праваахоўнікаў праяўлення найлепшых чалавечых якасцяў: добрасумленнасці, ветлівасці, жадання і гатоўнасці прыйсці на дапамогу. Менавіта такія супрацоўнікі служаць у нашым падраздзяленні. У нас працуе зладжаны, надзейны калектыў, з дзелавым спрыяльным кліматам, што дазваляе паспяхова выконваць ускладзеныя на супрацоўнікаў задачы, дасягаць станоўчых вынікаў службовай дзейнасці.

Усім, хто служыць у міліцыі, жадаю моцнага здароўя, дабрабыту і далейшых поспехаў. Асаблівыя словы падзякі – родным і блізкім міліцыянераў, якія штодзень дапамагаюць у іх нялёгкай службе, забяспечваюць надзейны тыл.

Аляксандр Жукель, старшы оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку:

– У Дзятлаўскім райаддзеле працую чатыры гады. Да гэтага быў участковым інспектарам міліцыі, аператыўным дзяжурным, працаваў у Баранавіцкім гараддзеле міліцыі, упраўленні Дэпартамента выканання пакаранняў па Брэсцкай вобласці. Прафесію выбіраў асэнсавана. Раней у Дэпартаменце выканання пакаранняў працаваў мой бацька. Ідучы ў Дзятлаўскі райаддзел міліцыі, я хацеў стаць супрацоўнікам менавіта крымінальнай міліцыі, паспрабаваць сябе ў раскрыцці злачынстваў і вышуку. Цяпер я занальны супрацоўнік аддзялення крымінальнага вышуку. Гэта значыць, за мной замацавана адміністрацыйная тэрыторыя – Дзятлаўскі, Парэцкі, Дварэцкі, Мяляхавіцкі, Войневіцкі сельскія саветы. У наш час асноўная праблема ў сельскай мясцовасці – крадзяжы з нежылых дамоў. Вёскі пустуюць, там мала жыхароў, што прыцягвае аматараў лёгкай нажывы. Увесну, калі на дачы прыязджаюць людзі, рэгіструецца шмат крадзяжоў. Раскрываць іх складана, бо, як правіла, прайшло шмат часу з моманту ўчынення. Злодзеямі найчасцей з’яўляюцца асобы, якія злоўжываюць спіртным, асобы без вызначанага месца жыхарства, так званыя “гастралёры” (заезджыя злачынцы).

Працаваць складана, работа вымагае шмат часу і сілаў, бываюць тэрміновыя выезды, і я вельмі ўдзячны жонцы за разуменне, калегам і кіраўніцтву – за падтрымку. Дасягаць службовых поспехаў дапамагаюць працоўны вопыт і веды, атрыманыя ў акадэміі. Калі я працаваў у Дэпартаменце выканання пакаранняў, дастаткова даведаўся пра злачынцаў, іх псіхалогію, мысленне, што актыўна выкарыстоўваю ў рабоце.

Міліцэйская служба складаная, але пачэсная. Калі чалавек марыць стаць праваахоўнікам, упэўнена крочыць да сваёй мэты, у яго ўсё атрымаецца. Сярод маіх знаёмых шмат людзей, якія ведалі, што працаваць у міліцыі складана, але ішлі ў прафесію. Жадаю праваахоўнікам моцнага здароўя, разумення і падтрымкі родных і калегаў, высокіх прафесійных вынікаў.

Вольга Індура, старшы інспектар крымінальна-выканаўчай інспекцыі:

– Наша падраздзяленне вядзе ўлік асобаў, якія адбылі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, і выконвае пакаранні, не звязаныя з ізаляцыяй ад грамадства (грамадскія і папраўчыя работы, іншыя пакаранні). Безумоўна, работа спецыфічная, але на цяжкасці не наракаю, бо найперш я супрацоўнік міліцыі, чалавек, які носіць пагоны, ды і служыць прыйшла свядома і мэтанакіравана. У 2004 годзе вольным наймам уладкавалася працаваць у аддзел, у групу рэжымнай сакрэтнай дзейнасці. Пабачыла службу, як кажуць, «знутры». Мне спадабалася, цяжкасці не палохалі. Завочна атрымала вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці «юрыспрудэнцыя» ў Мінскім філіяле Расійскага дзяржаўнага сацыяльнага ўніверсітэта. Пасля была залічана курсантам у вучэбны цэнтр Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, дзе мне прысвоілі першае званне «прапаршчык». Праз тры месяцы падрыхтоўкі прыступіла да выканання службовых абавязкаў у Дзятлаўскім райаддзеле ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі.

Ці складана жанчыне працаваць у міліцыі? Напэўна, складана. Бо раўняцца даводзіцца на мужчын і зусім не хочацца ім саступаць у прафесіяналізме. Ды і сам рэжым службы ў міліцыі не для слабых. Але я ні пра што не шкадую. Тым больш, што ў складаных сітуацыях сяброўскае плячо заўжды падстаўляюць калегі-мужчыны. Аднак не варта думаць, што жанчына-праваахоўнік – слабое звяно. Усе без выключэння супрацоўнікі міліцыі займаюцца спортам, падтрымліваюць сябе ў добрай форме, здаюць нарматывы па фізпадрыхтоўцы, стральбе, адпрацоўваюць прыёмы самаабароны. Не жадаю нікому і сабе таксама, каб гэтыя навыкі давялося выкарыстоўваць у службовай практыцы, але ўпэўнена магу сказаць, што ў крытычны момант за сябе і калегаў пастаяць магу.

Саслужыўцам жадаю моцнага здароўя, цярпення, надзейнага тылу, падтрымкі і ўзаемаразумення ў калектыве, службовых поспехаў і зорачак на пагоны.

Ірына СТЫРНІК



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *