«Француз» і першы трэнер чэмпіёна

Падзеі

Больш за палову стагоддзя ў гарадскім пасёлку Казлоўшчына жыве сям’я педагогаў, а цяпер ужо ветэранаў педагагічнай працы, людзей у гэтых мясцінах вядомых і паважаных, бо выхавалі не адно пакаленне вучняў. Гэта Вячаслаў Пятровіч і Ала Пятроўна Казакі. Шмат гадоў яны адпрацавалі ў мясцовай школе.

Жонка выкладала гісторыю, муж спачатку быў настаўнікам фізічнай культуры, пазней паспяхова вучыў мясцовых школьнікаў англійскай і французскай мовам.

Ала Казак родам з Віцебшчыны. У пасляваенныя гады на выдатна скончыла школу і вырашыла паступаць у медінстытут, але маладым абітурыенткам там казалі: «Дзяўчаты, вы яшчэ падрасціце. У нас цяпер паступае шмат ваенных медыкаў».

Доктарам стаць не атрымалася, дзяўчына некалькі гадоў адпрацавала медыцынскай сястрой, а вышэйшую адукацыю атрымала ў педінстытуце, і з 1955 года працавала па новай спецыяльнасці.

Вячаслаў Казак, расказваючы пра сябе, жартуе: «Я француз». Прычым, былы настаўнік мае на ўвазе не толькі сваю спецыяльнасць, але і месца нараджэння.

На свет ён з’явіўся ў французскім горадзе Ланс. Раней рэгіён славіўся здабычай вугля, якая цяпер спынена, а некаторыя шахты і падзямеллі ўнесены ў спіс помнікаў культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Бацькі Вячаслава яшчэ да вайны выехалі ў Францыю ў пошуках работы, там і пазнаёміліся, стварылі сям’ю. Маці, полька, працавала на ферме, бацька — беларус з вёскі Галынь, што на Навагрудчыне, працаваў шахцёрам.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны пачалася рэпатрыяцыя, і сям’я Казакоў, у якой гадаваліся ўжо двое сыноў, у ліку яшчэ 600 грамадзян тагачаснага СССР параходам была прывезена ў Адэсу. Бацька Вячаслава вырашыў прадоўжыць работу шахцёрам ужо ў Данбасе. Пасялілі іх у вялікім бараку, харчовыя прадукты выдзялялі толькі па картках, таму праз год такога жыцця яны вырашылі ехаць да дзеда ў вёску Галынь.

Тут Вячаслаў разам з малодшым на чатыры гады братам пайшоў у трэці клас мясцовай школы. Старэйшаму брату складаней было вучыцца мове (у Лансе размаўлялі дома па-польску, на двары і ў школе — па-французску). Калі па матэматыцы хлопец быў сярод лепшых, то дыктоўкі яму проста не даваліся. Вячаславу пашчасціла, што педагогі з разуменнем аднесліся да яго праблемы і, нягледзячы на непісьменнасць, пераводзілі з класа ў клас.

Скончыўшы сямігодку, юнак вырашыў паступаць у Гродзенскі тэхнікум фізкультуры. Вучыўся там паспяхова, выступаў за зборную Гродзеншчыны, вынікова ўдзельнічаў у многіх спаборніцтвах. Таму, калі сур’ёзна захварэў на плеўрыт, яму выдзелілі пуцёўку ў санаторый.

Незадоўга да заканчэння вучобы хлопца прызвалі ў войска. Служыў ва Украіне, быў вадзіцелем. У час службы ў 1957 годзе юнака камандзіравалі на VI Сусветны фестываль моладзі і студэнтаў (бо ў Маскве не хапала вадзіцеляў). Ён змог адчуць атмасферу гэтай значнай для краіны падзеі.

Напрыканцы службы Вячаславу Казаку прапанавалі застацца ў часці інструктарам па фізічнай культуры, але ён адмовіўся.

Пасля арміі па размеркаванні трапіў працаваць у Казлоўшчынскую школу настаўнікам фізічнай культуры.

— Я ўсё прыглядваўся да сваіх вучняў, — узгадвае былы педагог, — ці не знайду хлопца, які будзе бегаць, як я. І вось звярнуў увагу на шасцікласніка Мішу Жалабоўскага са Скіпоравічаў. Хударлявы, у акулярах, на першы погляд магло здацца, што чакаць асаблівых спартыўных перамогаў ад яго не варта. Але Міша быў вельмі старанны. Ён выконваў усе мае патрабаванні. Да таго ж, хлопец штодзень бегаў у школу: яго малодшы брат ехаў на веласіпедзе, а Міша бег побач са Скіпоравічаў да Казлоўшчыны.

Першае выніковае выступленне маіх вучняў адбылося ў Слоніме (на той час Казлоўшчыну далучылі да Слонімскага раёна). На лыжных спаборніцтвах павінны былі выступаць восем чалавек, а мы мелі толькі чатыры камплекты лыжаў. Пашчасціла, што бегалі на іх спачатку хлопцы, а пасля дзяўчаты. Нашы ў першым спаборніцтве паказалі высокія вынікі. Сярод іх быў і Міша Жалабоўскі, але добра выступалі ўсе. Тады гаспадары пляцоўкі пайшлі на хітрасць, маўляў, заўтра пабяжым усе разам. Мне давялося тэлефанаваць у школу, каб нам знайшлі і прывезлі лыжы, якіх не хапала. Усё атрымалася, і мы занялі другое месца.

Вясной на раённых спаборніцтвах, толькі на гэты раз ужо беглі крос, Міша Жалабоўскі паказаў лепшы вынік. Гэта і быў яго старт у вялікі спорт.

Калі ў былога выхаванца пачала паспяхова складвацца спартыўная кар’ера, Вячаслаў Казак і сам вырашыў атрымаць вышэйшую адукацыю. Паколькі выдатна ведаў французскую мову, збіраўся паступіць на завочнае аддзяленне інстытута. Такое аказалася толькі ў Маскве, у тагачасным інстытуце імя Марыса Тарэза.

Мовы даваліся лёгка, і Вячаславу Пятровічу прапаноўвалі застацца выкладаць на кафедры, але ад жыцця ў сталіцы былога СССР ён адмовіўся. Затое праз шмат гадоў яго праўнучка прадоўжыла справу дзеда: скончыла Расійскі ўніверсітэт дружбы народаў, звязала сваю кар’еру з французскай і англійскай мовамі, жыве і працуе ў Маскве. Многія вучні Вячаслава Казака таксама паспяхова здавалі экзамен па замежнай мове пры паступленні ў розныя вышэйшыя навучльныя ўстановы.

Пасля выхаду на пенсію настаўнік яшчэ працаваў у школе, пакуль не пачаў падводзіць зрок. На жаль, спецыялісты заключылі, што гэты працэс незваротны.

Цяпер страчаны зрок Вячаславу Пятровічу кампенсуе яго памяць, дзе яркімі плямамі адбіліся многія падзеі мінулага жыцця. Ён цікавы суразмоўца, нават у свае «даўно за восемдзесят» свабодна можа падтрымліваць размову не толькі на рускай, але і на польскай, французскай, англійскай мовах.

Ірына КАЎКЕЛЬ



1 комментарий по теме “«Француз» і першы трэнер чэмпіёна

  1. Вячеслав Петрович и Алла Петровна воспитали не одно поколение выдающихся учеников и просто хороших людей. Низкий им поклон за педагогическое мастерство и тёплое отношение к «своим» детям!
    Вячеслав Петрович всегда был очень строгим, но добрым, компетентным, легендарным учителем в своей школе. Наверное, не было ученика, который не готовился бы к его урокам.
    А ставшую крылатой шутливую фразу своего классного руководителя Аллы Петровны Казак о том, что «Голову нужно развивать, а не завивать» до сих пор с теплотой и благодарностью вспоминают давно уже взрослые и состоявшиеся в жизни ученики.
    СПАСИБО ВАМ, дорогие наши учителя!
    И наверняка к этим словам присоединяются многие, кто когда-то учился в Козловщинской средней школе.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *