Цёплая сустрэча ў «сырной стране»

Падзеі

У ААТ «Дзятлаўскі сыраробны завод» стала добрай традыцыяй 1 кастрычніка, у Дзень пажылых людзей, запрашаць на святочнае мерапрыемства ветэранаў працы, якія аддалі вытворчаму працэсу на заводзе дзясяткі гадоў свайго жыцця, а цяпер знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Не стаў выключэннем і гэты год, ды і надвор’е выдалася не па-восеньску цёплым і сонечным, як на заказ.

У адзінаццаць гадзін раніцы ля вытворчых карпусоў завода ўжо сабраліся некалькі дзясяткаў былых работнікаў, некаторыя прыходзілі з кветкамі, каб падарыць іх сваім малодшым калегам, падзякаваць за гасцінны прыём. Пакуль збіраліся і чакалі астатніх, паспелі пагутарыць, пажартаваць, абмяняцца кампліментамі, бо не кожны дзень выпадае магчымасць сустрэцца ўсім разам.

Некалькі хвілін патрацілі на традыцыйнае агульнае фота на памяць. А пасля Людміла Вацлаваўна Лябецкая, галоўны спецыяліст завода па ідэалагічнай рабоце, старшыня прафсаюзнай арганізацыі, ад імя дырэктара ААТ «Дзятлаўскі сыраробны завод» Аляксандра Міхайлавіча Дубовіка павіншавала прысутных са святам, пажадала ім доўгіх гадоў жыцця, дабрабыту і ладу ў сем’ях, прачытала вершаваны зварот. На жаль, сам кіраўнік сёлета быў вымушаны прапусціць сустрэчу з-за вытворчых клопатаў, але цёплыя словы падтрымкі ад яго імя ветэранам працы выказалі спецыялісты прадпрыемства.

Гасцям прапанавалі паглядзець, як ідзе будаўніцтва новага цэха, расказалі, як развіваецца завод. У якасці экскурсаводаў былі тэхнік-тэхнолаг прадпрыемства Алена Віктараўна Якімчык і галоўны тэхнолаг Наталля Уладзіміраўна Сцяцко:

— На заводзе хутка завершыцца рэканструкцыя цэха па выпуску мяккіх сыроў «Рыкота» па італьянскіх тэхналогіях, што дазволіць праводзіць поўную перапрацоўку другаснай сыравіны. Дыетычны сыр, які лёгка засвойваецца, збіраюцца вырабляцца з сыроваткі. Галоўкі будуць фармавацца па 350 грамаў, прадугледжана слайсерная нарэзка сыру. Таксама запланавана «вярнуць» тварожныя дэсерты з садавіной у тубах. З’явіцца і новы прадукт — сыр «Капрэзэ» з напаўняльнікамі з агародніны. З будучым цэхам суседнічае нізкатэмпературная камера для захоўвання масла, якая ўжо функцыянуе.

У час экскурсіі Станіслава Уладзіміраўна Баковіч, былы галоўны бухгалтар, якая адпрацавала на прадпрыемстве больш за 20 гадоў, не магла не падзяліцца з прысутнымі прыемнымі навінамі, якія пачула па тэлебачанні:

— Ці ведаеце вы, што ААТ «Дзятлаўскі сыраробны завод» названы самым мадэрнізаваным прадпрыемствам малочнай галіны ў Беларусі? А як складана было раней, калі я толькі прыйшла сюды працаваць, і завод адносіўся да Слоніма, пазней — да Гродна. Толькі ў 1977 годзе атрымалі самастойнасць. Ці маглі ў той час марыць аб такіх аб’ёмах вытворчасці, вялікай колькасці гатункаў і папулярнасці дзятлаўскага сыру.

Работнікі-пенсіянеры заўважылі, што на тэрыторыі прадпрыемства не стала сажалкі. Як высветлілася, сёлета яе засыпалі, а ўсе камунікацыі «апусцілі» пад зямлю: гэта дазволіла павялічыць карысную плошчу. Завіталі жадаючыя і на мадэрнізаваны апаратны ўчастак.

— Уражанні словамі не перадаць, — расказвае Марыя Яўгенаўна Сіняк, былая апаратчыца. — Я адпрацавала на заводзе 37 гадоў, і яшчэ шэсць гадоў таму, калі выходзіла на пенсію, не думала, што пасля рэканструкцыі любую аперацыю тут можна будзе выконваць простым націсканнем кнопкі. Адчуваю гонар за сваё прадпрыемства. Ніколі не прапускаю такіх сустрэч, імкнуся даведацца, што новага адбылося, каб парадавацца за калегаў.

— Сапраўды, уражанні самыя лепшыя, — уключаецца ў размову Ядвіга Міхайлаўна Гушча, былы эканаміст. — Тэрыторыя добраўпарадкавана, цэхі абноўлены: маладым зручна тут працаваць. Веру, што з кожным годам завод будзе развівацца. Я сем гадоў як на пенсіі, а тут столькі змянілася да лепшага.

Неафіцыйная частка цёплай сустрэчы «Сырной страны» з ветэранамі вытворчасці прадоўжылася за кубачкам чаю, дзе гасцям прапанавалі пакаштаваць эксклюзіўны сырны суп, пагутарыць з сябрамі і калегамі.

— А вы ведаеце, пра нас тут ніколі не забываюцца, — дзеліцца ўражаннямі ад мерапрыемства былая лабарантка з 35-гадовым стажам Раіса Фёдараўна Жукель, — віншуюць са святамі, днямі нараджэння, дапамагаюць, калі просім. За гэта шчыры дзякуй дырэктару і работнікам завода. Вось і сёння ў якасці падарункаў пенсіянерам уручылі харчовыя наборы, каб мы не толькі пачулі пра якасць і смакавыя ўласцівасці сыру, але і змаглі ацаніць яго смак.

Радуе, што прадпрыемства развіваецца ў правільным накірунку і асабліва прыемна, што найвялікшай каштоўнасцю тут лічацца людзі і не толькі тыя, хто працуе ў цэхах, а і ветэраны вытворчасці.

І. КАЎКЕЛЬ

Фота Л. СУР’ЯНІНАВАЙ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *