Калі нараджаецца асаблівае дзіця, яго браты і сёстры раздзяляюць боль і смутак з бацькамі. У некаторым сэнсе ім не так цяжка, як дарослым, бо не на іх плечы кладуцца абавязкі па доглядзе асаблівага дзіцяці і звязаныя з гэтым фінансавыя праблемы. Аднак з-за ўзросту яны больш адчувальныя, чым дарослыя.
Што і як варта расказваць дзіцяці
У першую чаргу, здаровыя дзеці пакутуюць ад недахопу інфармацыі аб стане іх асаблівага брата ці сястры, а бацькі не ведаюць, як ім сказаць аб гэтым. У дзяцей узнікаюць «нявырашаныя» пытанні: хто вінаваты ў наяўнасці асаблівасцяў; ці заразна гэта; ці варта расказваць пра гэта іншым; як паўплываюць абмежаваныя магчымасці брата (сястры) на іх будучыню; як паводзіць сябе з братам (сястрой)?
Тлумачыць усё гэта здаровым дзецям трэба з улікам іх узросту. Дзеці 6-9 гадоў звычайна цікавяцца развіццём руху і мовы, хочуць ведаць, што могуць і чаго не могуць рабіць іх асаблівыя браты і сёстры. З 10-12 гадоў дзеці пачынаюць непакоіцца за будучыню асаблівых братоў і сясцёр, а ў падлеткавым узросце і за сваю таксама.
Бацькам важна расказваць тую інфармацыю, якую здольна засвоіць іх здаровае дзіця, быць гатовымі адкрыта абмяркоўваць яе, каб пры неабходнасці дапамагчы дзіцяці пераадолець трывогі і страх.
У размове з дзецьмі варта выкарыстоўваць ключавыя словы. Напрыклад, прыслоўі «лепш» і «горш» дапамагаюць параўноўваць, а выразы «яму цяжка» або «ён не можа» паказваюць на абмежаваныя магчымасці. Дыялог з дзецьмі трэба пачынаць як мага раней. Дзеці часта маўчаць пра свае праблемы і трывогі, таму дарослыя аб іх не здагадваюцца. Бацькам аб праблемах дзяцей могуць расказаць змены ў іх паводзінах (рост агрэсіўнасці, праблемы са сном ці вучобай).
Не «перагружайце» адказнасцю
Яшчэ адзін важны момант — адказнасць, якую часта нясуць здаровыя дзеці. Пастаянная неабходнасць клапаціцца пра асаблівага брата ці сястру можа выклікаць злосць, агіду, пачуццё віны і, з вялікай верагоднасцю, наступныя псіхалагічныя праблемы, калі гэта спалучаецца з недахопам увагі бацькоў. Злосць можа праяўляцца і ў выглядзе гневу на дарослых, што яны не могуць забяспечыць належны догляд свайму асабліваму дзіцяці. Здаровыя браты і сёстры могуць адчуваць віну, параўноўваючы сваё жыццё з жыццём асаблівых дзяцей, і браць на сябе абавязкі па іх доглядзе з-за віны і сораму. Гэта небяспечна тым, што яны на ўсё жыццё могуць застацца «рабамі» хворага дзіцяці і будуць горка зайздросціць сваім равеснікам. Аднак, калі сям’я дружная і догляд за асаблівым дзіцём лічыцца агульнай адказнасцю, такога не здараецца.
Часам бацькі неасэнсавана патрабуюць ад здаровых дзяцей кампенсаваць расчараванні ад абмежаванасці асаблівага дзіцяці. У выніку на плечы здаровых дзяцей кладуцца патрабаванні дасягнуць поспехаў, на якія многія з іх па сваіх інтэлектуальных або псіхалагічных даных проста не здольныя.
Здараецца, што здаровыя дзеці выкарыстоўваюць саматычныя скаргі для прыцягнення да сябе ўвагі, бо адчуваюць сябе выключанымі з сям’і з-за адсутнасці асаблівасцяў развіцця. Ім неабходна патлумачыць, што стан асаблівага брата ці сястры не заразны. Таксама трэба заахвочваць іх актыўнасць, захапленні і знаёмствы па-за сям’ёй, каб абараніць ад празмернай самаідэнтыфікацыі з асаблівым дзіцём.
Больш увагі і любові
Варта дазваляць дзецям адкрыта гаварыць пра свае пачуцці і перажыванні, бо немагчымасць размаўляць свабодна аб асаблівасцях развіцця брата ці сястры павялічвае пачуццё адзіноты.
Дзіця з асаблівасцямі развіцця — гэта агульная праблема сям’і, яго браты і сёстры заслугоўваюць адкрытага абмеркавання праблемы, удзелу ў прыняцці важных рашэнняў.
Некаторыя бацькі вучаць здаровых дзяцей, што агрэсія да асаблівага дзіцяці недапушчальная, з’яўляецца цяжкім грахом супраць сям’і ў цэлым. У выніку дзеці копяць гнеў унутры і выказваюць яго ў адсутнасці дарослых.
Рэакцыя равеснікаў на асаблівае дзіця можа ізаляваць яго брата ці сястру ад сваёй узроставай групы. Дзеці, якія разам з няўвагай бацькоў адчуваюць непрымальнасць равеснікаў, аказваюцца ў групе рызыкі. Калі ж да гэтага дадаюцца абавязкі клапаціцца пра асаблівага брата ці сястру, эмацыянальныя праблемы ўзнікнуць абавязкова.
Узаемаадносіны паміж братамі і сёстрамі вельмі складаныя і залежаць ад многіх фактараў.
Простыя адказы тут здольны завесці ў тупік. Уздзеянне асаблівага дзіцяці можа прыносіць гора і радаць у залежнасці ад многіх абставінаў.
Справядлівае размеркаванне абавязкаў у сям’і разам з увагай і праяўленнямі любові да ўсіх дзяцей стварае здаровую атмасферу. Калі сям’я дружная і згуртаваная, дарослыя ўважлівыя да перажыванняў здаровых дзяцей, паважаюць іх, цікавяцца поспехамі, адкрыта абмяркоўваюць усе абставіны і праблемы, то браты і сёстры асаблівых дзяцей паспяхова пераадольваюць усе цяжкасці, глядзяць на жыццё з аптымізмам, вырастаюць чулымі і годнымі людзьмі.
Паліна НАЗАРАВА,
педагог-псіхолаг Дзятлаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі