Гісторыя дзвюх вёсак

Падзеі

Валоўнікі і Гернікі — вёскі-суседкі. Яднае іх невялікая адлегласць, этымалогія назваў. Абедзве маюць балцкае паходжанне. Яднае і лёс, які выпаў на долю гэтых вёсак: з некалі шматлюдных і шматгалосых яны ператварыліся ў амаль пустыя населеныя пункты. У Валоўніках сёння  жывуць толькі тры жанчыны( яшчэ адна жанчына і яе сын — на бліжэйшым хутары),  у Герніках — не нашмат больш вяскоўцаў.

_MG_7747

Надзея Уладзіміраўна Мацюк у Валоўніках жыве ўжо пяцьдзясят шэсць гадоў. Прызнаецца, калі пасля замужжа пераехала сюды, нават і меркаваць не магла, што Валоўнікі так апусцеюць. Аднак, нягледзячы на гэта, пераязджаць да дзяцей у горад жанчына не спяшаецца. Такія ўжо яны, людзі старэйшага пакалення: не вабяць іх зручнасці гарадскога жыцця, даражэй сэрцу звычайная вясковая хата. Нездарма ж кажуць, што родная хатка — як родная матка.

Нязвыкла вяскоўцам сядзець і без справы. Раней, кажа Надзея Уладзіміраўна, калі была вялікая гаспадарка, калі трэба было ісці на працу ў калгас, то і ўставаць прыходзілася  на дасвітку: у чатыры-пяць гадзін. «А цяпер «залежваемся», — гаворыць жанчына — устаём ажно ў гадзін сем-восем. Распалім печку, прыгатуем паесці. Улетку займаемся агародам. Так і жывём».

Надзея Уладзіміраўна родам з Раклевічаў, а дакладней — з хутара, які па вясковаму называўся «На бары».  Размяшчаўся ён за два кіламетры ад вёскі. Аднак, узгадвае Надзея Уладзіміраўна, жыццё на хутары не засмучала: была вялікая сям’я, ды і госці прыходзілі  часта.

— Раней  не было тэлевізараў, камп’ютараў, — разважае жанчына, — вось людзі часта і хадзілі адзін да аднаго у госці, размаўлялі, спявалі, збіраліся разам на танцы. Ды і працаваць даводзілася шмат — прасці, ткаць, вышываць, хлеб пячы. Памятаю, што ўжо дзяўчынкай-падлеткам умела расчыняць хлеб. Расчыняла яго з вечара ў дзяжы, ён падыходзіў на працягу сутак. Наступнай раніцай ужо мама выпякала яго ў печы. А вось булкі пяклі толькі на вялікія святы.

— Такая звыклая вясковая праца — яна  супакойвае, ажно на душы лягчэй становіцца — далучаецца да размовы Яўгенія Антонаўна Мацюкевіч. — Вось я, напрыклад, вельмі люблю касіць. Навучылася гэтаму сама. Адно кепска, што не атрымліваецца касу добра намянціць. Раней прасіла мужа, а цяпер, калі прыязджае сын Надзеі Уладзіміраўны, прашу  яго.

_MG_7742

Яўгенія Антонаўна родам з Міклашоў. У Валоўнікі яна таксама выйшла замуж. У дзяцінстве хадзіла сюды ў пачатковую школу. А вось у суседніх Герніках працавала васьмігодка.

Нарадзілася Яўгенія Антонаўна ў шматдзетнай сям’і, у якой было сямёра дзяцей. Адзін са старэйшых братоў быў вядомы на той час музыка, добра іграў на гармоніку. Старэйшая сястра Аляксандра пераехала жыць у Казахстан. На цаліну разам з мужам і сынам паехала і Яўгенія Антонаўна. Аднак з-за таго, што сыну не падышоў клімат , сям’я вярнулася назад.

Узгадваючы мінулае, Надзея Уладзіміраўна і Яўгенія Антонаўна расказваюць і пра тых людзей, якія некалі жылі ў вёсцы. Гэта і  Леанід Кравец — настаўнік, які працаваў у пачатковай школе, дзед Сямён — майстар, які плёў кошыкі, выразаў з дрэва лыжкі і апалонікі. Такімі апалонікамі, тлумачаць жанчыны, кожная вясковая гаспадыня памешвала варэнне, каб яно не прыгарэла, а таксама аўсяны кісель — абавязковую страву Калядаў і Вялікадня.

Каб канчаткова не засумаваць, Надзея Уладзіміраўна і Яўгенія Антонаўна ходзяць адна да адной у госці. Слухаюць радыё, глядзяць тэлевізар, размаўляюць па тэлефоне з дзецьмі, роднымі і проста знаёмымі. У іх ліку — Леакадзія Браніславаўна Гайдук, якая жыве ў Герніках на працягу 60 гадоў.

_MG_7756

Нарадзілася Леакадзія Браніславаўна ў Кулікоўшчыне — вёсцы, якой даўно няма на карце Дзятлаўскага раёна. Напамінам аб ёй застаўся толькі вялізны, у некалькі абхватаў, дуб, каля якога штогод збіраюцца  былыя жыхары Кулікоўшчыны.

— Традыцыйная наша сустрэча праходзіць у Дзятлаве, у доме Фелікса Гайдука, — расказвае Леакадзія Браніславаўна. — Узгадваем мінулае, сваю маладосць, сваю малую радзіму, дзе пачыналася наша жыццё. І цяпер здаецца, што праляцела яно, як імгненне.

У яе мінулым, расказвае Леакадзія Браніславаўна, засталося нялёгкае дзяцінства, калі ўжо у сем гадоў даводзілася пасвіць чужых кароў, каб зарабіць кавалак хлеба,  калгасная праца на ферме, на палетках з лёнам, клопат пра ўласную гаспадарку, дзяцей. Яны раслі і гадаваліся ў некалі вялікай вёсцы з прыгожай назвай Гернікі. Дарэчы, у перакладзе з балцкай мовы яна гучыць як «дабразычліўцы».

А. ДУБРОЎСКАЯ

Фота П. АДАМЧУКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *