Агрэсіўны пешаход

Здарэнні і бяспека

У чэрвені 2017 года неаднаразова судзімы жыхар Дзятлаўскага раёна Р. пасля распіцця спіртных напояў на беразе ракі вяртаўся дахаты ў кампаніі сваёй сужыцелькі і сяброў. У аўтамабілі, на якім яго везлі, мужчына пасварыўся са сваім знаёмцам, з-за чаго быў высаджаны з машыны.

Пешшу вяртацца дахаты Р. не хацеў. Ён стаў «галасаваць», каб спыніць спадарожную машыну, аднак вадзіцелі праязджалі міма. Убачыўшы чарговы аўтамабіль, Р. выйшаў на дарогу і перагарадзіў шлях. Грамадзянка Я., якая кіравала машынай, вымушана была спыніцца. Аднак п’янаму пешаходу нешта не спадабалася, і ён стаў біць па машыне рукамі і нагамі, наносячы ёй механічныя пашкоджанні.

Калі Я. паспрабавала супакоіць агрэсара, ён накінуўся на яе з кулакамі, а затым і на пасажыра машыны, нанёс ім цялесныя пашкоджанні. Калі ж жанчына сабралася выклікаць міліцыю, Р. вырваў з яе рук мабільны тэлефон, разбіў яго аб асфальт.

Цяпер Р. пагражае крымінальная адказнасць па частцы 2 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (злоснае хуліганства) і пакаранне ў выглядзе арышту, абмежавання волі да трох гадоў або пазбаўлення волі ад аднаго да шасці гадоў.

А. МАКУЦА,
старшы следчы раённага аддзела Следчага камітэта



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *