Пажары, піратэхніка, тонкі лёд і першая дапамога

Важнае Здарэнні і бяспека

У Хвінявіцкай сярэдняй школе для мясцовага насельніцтва прайшоў сельскі сход па пытаннях прафілактыкі ў побыце і ў рамках рэспубліканскай акцыі МНС “Не прапальвай сваё жыццё”.

Удзел у ім прымалі начальнік Дзятлаўскага РАНС Сяргей Казушчык, старшыня Парэцкага сельвыканкама Аляксандр Ядэйка, кіраўнікі і спецыялісты адказных службаў.

– Пры Парэцкім сельвыканкаме працуе аглядавая камісія, спецыялісты якой сёлета пабывалі практычна ў кожным домаўладанні, а ў пажылых людзей і аматараў моцных напояў – не адзін раз, – звярнуўся да ўдзельнікаў сходу Аляксандр Ядэйка. – Па вогненных здарэннях варта нагадаць статыстыку за апошнія 5 гадоў: у 2019 годзе на тэрыторыі Парэцкага сельсавета былі 2 пажары і 1 загінулы; у 2020-ым – 6 пажараў і адна гібель; у 2021 – годзе 2 пажары і 1 загінулы; у 2022 годзе без ахвяраў адбыліся 2 вогненныя здарэнні; сёлетні год быў спакойны, але некалькі дзён таму адбылося ўзгаранне аднапавярховага дома ў Хвінявічах, якое было аператыўна патушана. З пачатку бягучага года на прадмет бяспечнага стану ўжо правераны 493 домаўладанні нашага сельсавета, прычым дамы ўразлівых катэгорый жыхароў на 100 %. Нагадаў таксама, што ў сельвыканкаме для насельніцтва ёсць звесткі аб майстрах, якія займаюцца рамонтам пячнога ацяплення і электраправодкі, іх кантакты. Заклікаў не забываць аб тэлефонных махлярах, ахвярамі якіх рэгулярна становяцца жыхары нашага раёна,не давяраць тэлефануючым, класці трубку, усё пераправяраць самім, можна параіцца са спецыялістамі сельвыканкама ці экстранных службаў.

Аб тым, што на Дзятлаўшчыне ўжо адбыліся 23 пажары, дзе загінулі 4 чалавекі, расказаў Сяргей Казушчык. Ён падкрэсліў, што галоўная прычына гібелі – “п’яная цыгарэта”, і менавіта на барацьбу з гэтай негатыўнай з’явай скіравана акцыя МНС “Не прапальвай сваё жыццё!”. У якасці галоўнага сродку ратавання ў надзвычайных сітуацыях начальнік РАНС прарэкламаваў пажарны апавяшчальнік і вогнетушыцель, падрабязна расказаў і паказаў, як імі карыстацца. Нагадаў і правілы бяспечных паводзінаў з піратэхнікай, а таксама на зімовых вадаёмах. У сельскай мясцовасці, асабліва пажылых людзей, папрасіў сачыць за спраўнасцю пячнога ацяплення.

Яшчэ больш інфармацыі па тэме дапамог атрымаць відэаролік ад ратаўнікоў.

Аб рабоце з ненадзейнымі сем’ямі і раённым банку дзяцей у сацыяльна ненадзейным становішчы, куды занесены 97 непаўналетніх, расказала намеснік дырэктара сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава Кацярына Ляўкевіч. Закранула і тэмы гвалту і жорсткага абыходжання з дзецьмі, ад якіх сёлета пацярпелі 6 непаўналетніх. Расказала, што ў сацыяльным прытулку цэнтра знаходзяцца 8 дзяцей, прызнаных маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Не заўсёды яны вяртаюцца ў біялагічныя сем’і, здараецца, што сітуацыя даходзіць да пазбаўлення бацькоўскіх правоў. Прыярытэтнай формай уладкавання такіх дзяцей з’яўляюцца замяшчальныя сем’і. Памяткі з інфармацыяй аб тым, як стаць прыёмнымі бацькамі і куды для гэтага звяртацца, Кацярына Ляўкевіч раздала прысутным.

Быць больш уважлівымі да сталых людзей удзельнікаў сходу заклікала загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і комплекснай падтрымкі ў крызіснай сітуацыі Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Галіна Касцюк. Нагадала, што для адзінокіх жыхароў гэтай катэгорыі ёсць магчымасць засялення ў спецыялізаваныя сацыяльныя ўстановы раёна.

Паколькі Галіна Касцюк з’яўляецца яшчэ і старшынёй, і інструктарам раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа, то для прысутных яна правяла майстар-клас па аказанні першай даўрачэбнай дапамогі. Паказала, як рабіць сардэчна-лёгачную рэанімацыю, павярнуць пацярпелага ў бяспечную позу, як дзейнічаць, калі чалавек падавіўся.

Такі ж майстар-клас і размова з ратаўнікамі былі праведзены яшчэ і для навучэнцаў старэйшых класаў школы.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga