Зарплаты некаторых бюджэтнікаў вырастуць з 1 снежня. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 20 лістапада нумар 863 «Аб павышэнні тарыфных акладаў (ставак) асобным катэгорыям работнікаў», паведамілі ў прэс-службе ўрада.
Пастановай прадугледжваецца змяненне дыяпазону карэкціруючых каэфіцыентаў, што прымяняюцца да тарыфных ставак (акладаў) работнікаў. Рэалізацыя гэтай меры дасць магчымасць павысіць узровень аплаты працы работнікаў, якія тарыфікуюцца 1-17-м разрадамі. Пры гэтым у большым памеры зарплата вырасце ў нізкааплатных катэгорый работнікаў, якія тарыфікуюцца з 1-га па 4-ы разрады.
Акрамя таго, прадугледжана павелічэнне з 15 працэнтаў да 25 працэнтаў памеру павышэння тарыфных акладаў (ставак) работнікам устаноў сацыяльнага абслугоўвання і культурна-асветных устаноў, паколькі ў адпаведных галінах адзначаецца найбольш нізкі памер сярэдняй заработнай платы (у параўнанні з іншымі галінамі бюджэтнай сферы). Пры гэтым такое павышэнне ўстанаўліваецца толькі работнікам, працоўныя функцыі якіх адпавядаюць асноўнаму віду дзейнасці ўстаноў.
Прадугледжаныя пастановай меры ў цэлым дадуць магчымасць павысіць узровень зарплаты ў сярэднім на 7,1 працэнта, а таксама забяспечыць яе збалансаваны рост і захаванне дыферэнцыяцыі ў аплаце працы.
Міністэрству працы і сацыяльнай абароны даручана ўвесці карэкціруючыя каэфіцыенты да тарыфных ставак (акладаў) работнікаў бюджэтных арганізацый, памеры якіх вызначаны гэтай пастановай.
Рэспубліканскім органам дзяржкіравання, мясцовым выканаўчым і распарадчым органам, кіраўнікам бюджэтных арганізацый неабходна забяспечыць пераразлік зарплаты работнікаў у адпаведнасці з устаноўленымі памерамі карэкціруючых каэфіцыентаў і павышэннем тарыфных акладаў (ставак).
Пастанова ўступае ў сілу з 1 снежня.
Гродзенская праўда