Нясумныя канікулы

Падзеі

Кажуць, што восень — сумная пара, тужлівая і халодная. Магчыма, для кагосьці гэта і так, але толькі не для навучэнцаў пачатковых класаў сярэдняй школы №1 горада Дзятлава. Са згоды бацькоў яны вырашылі адпачыць на восеньскіх канікулах у школьным лагеры «Усмешка».

На пытанне «Ці спадабалася вам у лагеры?» адмоўных адказаў не было. На пытанне «Што спадабалася больш за ўсё?» адказы гучалі розныя. Адным даспадобы прыйшліся цікавыя і пазнавальныя экскурсіі ў «Беларусбанк», аддзел унутраных спраў, раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, цэнтральную раённую бібліятэку. Другім — экскурсія па паселішчах раёна, якая запомнілася наведваннем храмаў у вёсцы Накрышкі, аграгарадку Вензавец, знаёмствам з цікавымі мясцінамі ў аграгарадку Жукоўшчына, вёсках Жыбартаўшчына і Міроўшчына, наведваннем школьных музеяў раёна. Некаторыя адкрылі для сябе новае і незвычайнае, наведаўшы выставу «Майстэрства рук — душы натхненне» ў нашым школьным музеі. Усім без выключэння выхаванцам спадабалася, што кожны дзень у лагеры праводзіліся спартыўныя гульні і эстафеты, многія з захапленнем расказвалі пра конкурсы, гульні, танцы, арганізаваныя ў час святочных забаўляльных праграм «Лагер, сустракай!» і «Гуляем весела». Называлі дзеці і конкурсы малюнкаў, і гульні ў камп’ютарным класе, і заняткі ў любімых гуртках.

Выхавальнікі, якія працавалі ў лагеры, таксама адзначаюць, што сумаваць ні ім, ні дзецям не давялося. Здаралася, прысесці не было калі, бо насычаныя цікавымі мерапрыемствамі дні не дазвалялі надоўга затрымацца ў школьных кабінетах, дзе размяшчаліся атрадныя куткі.

Расказваць пра адпачынак у восеньскім лагеры можна шмат, але найвышэйшая адзнака яго дзейнасці — гэта тое, што на заключнай лінейцы ўсе без выключэння вучні выказалі жаданне наведваць лагер, які будзе арганізаваны ў школе вясной.

Н. ВАЛЯК,
старшы выхавальнік лагера «Усмешка» сярэдняй школы №1 горада Дзятлава



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *