Парады псіхолага бацьку «асаблівага» дзіцяці

Падзеі

У нашай краіне праблема бацькоў у сем’ях з «асаблівымі» дзецьмі, на жаль, вельмі актуальная. Пачуццё адказнасці за блізкіх, нярэдка і без таго аслабленае ў мужчын, можа поўнасцю знікнуць ва ўмовах крызісу, звязанага з нараджэннем хворага дзіцяці. Бацька пакідае сям’ю — і на плечы маці кладуцца ўсе клопаты, звязаныя з доглядам маленькага чалавека і яго матэрыяльным забеспячэннем.

Аднак уцёкі бацькі зусім не заканамернасць. Калі на свет з’яўляецца «не такі» спадчыннік, гаруе не толькі матуля: бацька, як правіла, адчувае такі ж самы боль. Магчыма, становішча бацькі крыху лягчэйшае, бо асноўныя цяжкасці, звязаныя з доглядам дзіцяці, дастаюцца жанчыне, а ў мужчыны ёсць магчымасць хадзіць на работу, хоць на некаторы час пазбаўляцца ад маркотных думак.

З другога боку, бацькі менш схільныя дзяліцца сваімі перажываннямі: многія моўчкі пакутуюць ад гора і бездапаможнасці, не дазваляючы сабе проста паразмаўляць з кім-небудзь. Іх прыгнятае немагчымасць вылечыць дзіця ці іншым спосабам радыкальна палепшыць сітуацыю ў сям’і. Мужчыну належыць дзейнічаць актыўна і вырашаць праблемы, аднак у гэтым выпадку вырашыць праблему поўнасцю, неадкладна зрабіць малое здаровым — немагчыма. Таму бацька адчувае сябе вінаватым і бездапаможным, а, часам, адчужаецца ад сям’і, пачынае шукаць абарону ад невыносных перажыванняў.

Як зменшыць душэўныя пакуты? Калі вы бацька «асаблівага» дзіцяці, гэтыя парады павінны вам дапамагчы.

Памятайце: вы патрэбны сям’і. Без вас жыццё дзіцяці (дзяцей) і жонкі значна ўскладняецца, а многія віды лячэння і рэабілітацыі хворага немаўляці могуць наогул аказацца недаступнымі. Не пакідайце родных у бядзе: цяпер вы вельмі патрэбны.

Гаварыце з жонкай пра свае пачуцці. Не бойцеся расказаць ёй пра гора, страх або віну, якія вас абцяжарваюць. Стане лягчэй, перажыванні, якімі вы падзеліцеся, дапамогуць вам з жонкай адчуваць сябе «адной камандай».

Прымайце ўдзел у доглядзе дзіцяці, яго выхаванні, рашэнні надзённых праблем. Магчыма, спачатку вы будзеце адчуваць сябе няўмелым побач з жонкай — з часам гэта пройдзе.

Удзельнічайце ў вырашэнні бытавых і арганізацыйных праблем, каб у жонкі быў час адпачыць, аднавіць сілы. Гэта дапаможа і вам, бо даведзеная да знямогі перажываннямі і цяжкасцямі жанчына наўрад ці зможа прысвячаць час мужу.

Не забывайце пра тое, што вы — муж і жонка, а не толькі бацькі «асаблівага» дзіцяці. Вы па-ранейшаму кахаеце адзін аднаго. Нагадваць пра гэта жонцы давядзецца вам, паколькі ў маці ёсць схільнасць поўнасцю пагружацца ў праблемы дзяцей.

Шукайце тых, хто адчувае падобныя перажыванні. Стасункі з іншымі бацькамі «асаблівых» дзяцей дадуць вам магчымасць раздзяліць свае пачуцці з людзьмі, якія вас разумеюць.

І няхай вашы дзеці, якія маюць пэўныя абмежаванні ў стане здароўя, заўжды атрымліваюць вашу не абмежаваную ніякімі абставінамі любоў.

П. Назарава,

педагог-псіхолаг Дзятлаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *