Багатая матуля і бабуля

Падзеі

На пачатку лістапада свой 85-гадовы юбілей адзначыла жыхарка вёскі Ведравічы Соф’я Іванаўна Бакей. Нялёгкі, але цікавы і багаты на падзеі яе жыццёвы шлях.

Усё жыццё працавала Соф’я Іванаўна ў сельскай гаспадарцы. Пакуль дазваляла здароўе, прадаўжала працаваць і на пенсіі. “Звычка, любоў да працы, з людзьмі разам, ды і капейка ніколі не была лішняй”, — успамінае Соф’я Іванаўна.

Разам з мужам, якога, на жаль, ужо няма, яны выхавалі 10 дзяцей. Шматдзетная матуля была ўзнагароджана ордэнам Маці. Соф’я Іванаўна – багатая бабуля, у яе 19 унукаў і 19 праўнукаў. Усе яны помняць, любяць і паважаюць яе, часта збіраюцца на святы ў бацькоўскай хаце, прыязджаюць проста наведаць, клапоцяцца, дапамагаюць. А яна заўсёды іх чакае, радуецца і ганарыцца сваімі дзецьмі, унукамі.

Ніхто з родных не забыўся павіншаваць Соф’ю Іванаўну з днём нараджэння: хто прыехаў, хто патэлефанаваў ці паштоўку даслаў. Павіншаваць доўгажыхарку з 85-гадовым юбілеем завіталі і работнікі Данілавіцкага сельскага выканаўчага камітэта, Данілавіцкага дома культуры, суседзі. Сувенірамі, кветкамі, цёплымі словамі і задушэўнымі песнямі віншавалі паважаную Соф’ю Іванаўну Бакей.

Г. ЖЫХ,
старшыня Данілавіцкага сельвыканкама



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *