Аўтамабіль не раскоша, а сродак перамяшчэння. Можна проста навучыцца кіраваць тэхнікай і лічыць сябе добрым аўтамабілістам, а можна звязаць жыццё з аўтамабільнай справай, практычна даслоўна ведаць правілы дарожнага руху і дапамагаць тым, хто хоча далучыцца да шэрагу вадзіцеляў.
У Дзятлаве адным з «правадыроў» да запаветнага вадзіцельскага пасведчання з’яўляецца Славамір Бабіла, выкладчык па падрыхтоўцы вадзіцеляў транспартных сродкаў на катэгорыю «В». Сярод мясцовых вадзіцеляў Славамір Іванавіч добра вядомы, бо ўжо 8 гадоў выкладае правілы дарожнага руху ў Дзятлаўскім ДТСААФ. Да гэтага працаваў у Казлоўшчынскім сельскагаспадарчым прафесійным ліцэі, чытаў лекцыі і быў кіраўніком гуртка «Мой сябар — аўтамабіль». Напэўна, назва гуртка ў нейкім сэнсе сімвалічная: для Славаміра Іванавіча аўтамабіль сапраўды з’яўляецца сябрам, і гэта сяброўства праверана гадамі.
За руль упершыню сеў яшчэ ў студэнцтве. Такія патрабаванні былі для навучэнцаў спецыяльнасці «Рамонт і эксплуатацыя сельскагаспадарчай тэхнікі» Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта. Пра свае першыя адчуванні ў вадзіцельскім крэсле ўспамінае з усмешкай:
— Хваляваўся, вядома. Але хваляванне трэба пераадольваць, інакш не будзе выніку. Пасведчанне вадзіцеля атрымаў з першага разу. Тады ўсё па-іншаму было, прасцей, чым цяпер.
З маім суразмоўцам мы гутарылі ў класе, дзе вывучаюць правілы дарожнага руху курсанты Дзятлаўскай ДТСААФ. Тут ёсць усё неабходнае для навучання: камп’ютары для навучэнцаў і выкладчыка, праекцыйны экран і праектар, дошка. На сценах класа вісяць яркія стэнды з невялікімі падказкамі для вучняў аўташколы — дарожнымі знакамі. Ёсць нават макет унутранага ўстройства аўтамабіля ў натуральную велічыню.
У гэтым класе Славамір Іванавіч працуе нават па суботах і нядзелях: у аўташколе дзейнічаюць групы вячэрняга навучання па буднях і групы выхаднога дня. Дзякуючы Славаміру Бабілу ў Дзятлаўскім ДТСААФ правілы дарожнага руху вывучылі больш за 1000 чалавек.
— Мне падабаецца працаваць з людзьмі. Думаю, што інфармацыю на занятках даю зразумелую. Жанчыны больш дасціпныя ў тэорыі, а мужчынам больш падабаецца практыка, — распавядае С. Бабіла.
Заўважыла, што Славамір Іванавіч на занятках мала выяўляе эмоцый, але ціхі, раўнамерны і спакойны голас выкладчыка трымае дысцыпліну ў аўдыторыі, дзе не заўсёды можа быць ціха.
— У мяне ніколі не было канфліктаў з курсантамі. У нас жа вучацца дарослыя людзі, якія разумеюць, навошта сюды прыйшлі. Нават калі хтосьці спрабуе перашкаджаць праводзіць заняткі, то я спакойна магу пагаварыць з чалавекам і мірна ўсё вырашыць. А дысцыпліна трымаецца, хутчэй, ацэнкамі за вывучаны матэрыял. Гэта стымулюе будучых вадзіцеляў выконваць хатнія заданні. У Мінскай аўташколе, напрыклад, дзе вучылася мая дачка, тэорыю на занятках вусна не пыталі. Паспяховая здача экзаменаў у ДАІ залежала ад самастойнай работы навучэнцаў.
Не кожны выкладчык добра дасведчаны ў нюансах свайго прадмета, як Славамір Іванавіч. Ён жа прызнаўся, што часам нават здзіўляецца, як курсанты, якія спачатку не падавалі надзей, урэшце засвойваюць матэрыял і добра здаюць экзамены. Значыць, заняткі былі не дарэмныя.
Выкладчык аўташколы правілы дарожнага руху ведае на выдатна, мае вялікі вадзіцельскі стаж, ні разу не трапляў у аварыю, і гэта ўжо добры прыклад для вадзіцеляў-пачаткоўцаў.
Нягледзячы на тое, што ў Дзятлаўскім ДТСААФ якасна выкладаюць тэорыю і навучаюць ваджэнню, апрабаваць усю тэорыю на практыцы ў маленькім горадзе немагчыма. Як жа быць выпускнікам аўташколы, якія амаль назубок вывучылі дарогі свайго раёна, але не могуць пераадолець страх самастойна выехаць у мегаполіс?
— Я магу параіць толькі адно: выязджаць у вялікія гарады. Пажадана, каб побач знаходзіўся хтосьці больш дасведчаны ў кіраванні. Страх абавязкова пройдзе, калі будзе практыка, бо ведаць адну тэорыю недастаткова, — гаворыць настаўнік аўташколы.
«Адточваць» майстэрства вадзіць машыну Славамір Іванавіч раіць не толькі ў добрае надвор’е, але і пры дрэнных метэаралагічных умовах:
— Многія нават спецыяльна запісваюцца на навучанне зімой. У гэты перыяд ездзіць больш складана і небяспечна, затое будзе добры вопыт.
Парушэнняў на дарозе мой суразмоўца не дапускае сам і не вітае халатнасць вадзіцеляў:
— Як сведчыць статыстыка, часцей за ўсё вадзіцелі парушаюць хуткасны рэжым. Любое парушэнне правілаў дарожнага руху можа прывесці да непрыемных наступстваў. Я амаль не езджу ў грамадскім транспарце, але ведаю шмат прыкладаў, калі вадзіцелі маршрутных транспартных сродкаў свядома парушаюць правілы. Гэта недапушчальна, таму што той, хто за рулём, нясе адказнасць за бяспеку ўсіх прысутных у транспарце.
Славамір Іванавіч чытае прафесійную літаратуру, выпісвае часопіс для аўтамабілістаў, каб быць, што кажуць, на ўзроўні.
Сваім калегам напярэдадні дня аўтамабілістаў жадае роўных дарог, зялёнага святла і трымацца правільнага напрамку ў жыцці.
Ю. БАКУНОВІЧ
Фота аўтара