Псарыятычны артрыт

Да ведама грамадзян

Што гэта такое?

Псарыятычны артрыт — гэта запаленне суставаў у хворых на псарыяз. Змяненні скуры звычайна папярэднічаюць развіццю паражэння суставаў.

З-за чаго бывае?

Прычына развіцця псарыятычнага артрыту невядомая. Правакацыйнымі фактарамі гэтага захворвання часта з’яўляюцца перанесеныя стрэсы і інфекцыі.

Што адбываецца?

Адметнымі сімптомамі псарыятычнага артрыту з’яўляюцца:
несіметрычнае паражэнне суставаў;
барвова-сінюшная афарбоўка скуры над суставам, боль і прыпухласць суставаў;
паражэнне кісцяў, вялікіх пальцаў ступняў;
болі ў пятках;
частае паражэнне некалькіх суставаў на пальцах — фарміраванне так званага «пальца ў выглядзе сасіскі».

Пры псарыятычным артрыце ў большасці выпадкаў выяўляюць і скурныя праяўленні псарыязу. Часам назіраюцца прыкметы паражэння ўнутраных органаў.

Дыягназ

Дыягназ «псарыятычны артрыт» ставіцца рэўматолагам пры аглядзе і пасля кансультацыі дэрматолага. Для пацвярджэння дыягназу доктар назначае аналіз крыві з вены. Таксама абавязкова трэба зрабіць рэнтген суставаў. Пры паражэнні ўнутраных органаў могуць спатрэбіцца кансультацыі і іншых дактароў.

Лячэнне

Лячэнне псарыятычнага артрыту павінна быць комплексным і праводзіцца сумесна з дэрматолагам. Калі не лячыць псарыятычны артрыт, то можа моцна дэфармавацца сустаў.

Цяпер сродкаў для поўнага лячэння псарыязу не існуе, але ёсць мноства методык, якія могуць памяншаць боль. Сучасныя прэпараты дазваляюць кіраваць хваробай, цалкам знімаючы сімптомы захворвання. Аднак для гэтага неабходна пастаяннае назіранне доктара і сістэматычнае лячэнне.

Для лячэння выкарыстоўваюць супрацьзапаленчыя сродкі, корцікастэроідныя гармоны, імунамадулятары. Пры неабходнасці прэпараты ўводзяць у сустаў. У цяжкіх выпадках захворвання можа праводзіцца спецыяльнае ачышчэнне крыві. Гэта памяншае запаленне і знімае сімптомы псарыязу.

Хворым на псарыятычны артрыт паказана санаторна-курортнае лячэнне, але не ў перыяд абвастрэння.

В. ЕМЯЛЬЯНЧЫК,
доктар-дэрматавенеролаг Дзятлаўскай ЦРБ,
Н. ЖЫХ,
доктар-рэўматолаг Дзятлаўскай ЦРБ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *