23 лютага наступнага года Узброеным Сілам Беларусі споўніцца 100 гадоў. Напярэдадні юбілею з 1 па 8 верасня работнікі айчынных ваенных установаў арганізавалі ўрокі мужнасці для вучняў старэйшых класаў. Патрыятычную акцыю для падлеткаў горада і раёна правялі і работнікі Дзятлаўскага раённага ваеннага камісарыята.
Начальнік групы прызыву на ваенную службу старшы лейтэнант Павел Бараноўскі распавёў хлопцам пра гісторыю сучаснага беларускага войска і падкрэсліў, што айчынная армія пастаянна ўдасканальваецца і развіваецца.
Школьнікі даведаліся, што атрымаць ваенна-ўлiковую спецыяльнасць можна і праходзячы службу ў рэзерве. Гэта значыць, што на працягу службовага тэрміну маладому чалавеку два разы на год трэба праходзіць зборы, якія доўжацца да паўтара месяца, а вучоба пры такім распарадку толькі баявая. Ад асноўнай працы салдату ў рэзерве адрывацца не абавязкова.
У Беларусі падрыхтоўка афіцэраў для Узброеных Сіл вядзецца ў Ваеннай акадэміі. Акрамя акадэміі, існуе яшчэ сем ваенных факультэтаў вышэйшых грамадзянскіх навучальных установаў. Яшчэ пяць ваенных кафедраў ажыццяўляюць падрыхтоўку афіцэраў запасу.
Жадаючым паступіць у ваенныя навучальныя ўстановы неабходна напісаць заяву ў ваенны камісарыят па месцы жыхарства (да 1 красавіка);
прайсці прафесійны адбор, у які ўваходзяць прафесійна-псіхалагічны адбор па адпаведнасці абранай спецыяльнасці, медыцынскі агляд і праверка ўзроўню фізічнай падрыхтаванасці.
На ўроку мужнасці распавялі пра Вялікую Перамогу, якая была дасягнута, дзякуючы гераічнай барацьбе з ворагам.
Будучых абаронцаў заклікалі праяўляць мужнасць і цвёрдасць у любой сітуацыі.
Ю. БАКУНОВІЧ
Фота аўтара