На курсах па камп’ютарнай пісьменнасці

Падзеі

Вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вучыцца. Дэвіз, актуальны для любога часу і для любога ўзросту. Нядаўна гэтыя словы ўзялі на заметку людзі, якія ў перыяд другой маладосці — так нярэдка называюць пенсійны ўзрост, вырашылі дасягнуць новых мэтаў у сваім жыцці. У прыватнасці, асвоіць камп’ютар: сёння гэта няўмольнае патрабаванне часу, якое, аднак, адкрывае новыя магчымасці і перспектывы.

Камп’ютарныя курсы для пажылых людзей арганізаваны пры падтрымцы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама, на базе сярэдняй школы №3 горада Дзятлава. А вось непасрэдным настаўнікам урокаў па камп’ютарнай пісьменнасці з’яўляецца Людміла Васільеўна Саванец, былы метадыст аддзела адукацыі. Заняткі яна праводзіць у трох групах. Ёсць сярод наведвальнікаў і навічкі, якія толькі-толькі знаёмяцца з камп’ютарам, ёсць і тыя, хто ўжо валодае базавымі ведамі.

Як будуць праходзіць заняткі, іх час — усё гэта было абмеркавана на арганізацыйным сходзе. Тут жа патэнцыяльныя вучні прайшлі анкетаванне, якое выявіла ўзровень іх ведаў наконт валодання камп’ютарам. З улікам гэтага і былі сфарміраваны групы. Практычныя заняткі ў іх праходзяць штотыднёва.

Калі жыхары Дзятлава асвойваюць камп’ютар у СШ №3, то тыя, хто жыве ўдалечыні ад раённага цэнтра,— у школах па месцы жыхарства — у Наваельні і Дварцы. Увогуле, пакуль на камп’ютарныя курсы запісаліся 35 жыхароў Дзятлаўшчыны. Чаму вырашылі зрабіць гэта — адказалі яны самі.

— Я крыху ўмею працаваць на камп’ютары, — гаворыць Алена Зянонаўна Паўлоўская. — Аднак, лічу, што ведаў у мяне недастаткова, таму і прыйшла на курсы.

— У дзень нараджэння муж падарыў мне ноўтбук, — расказвае Валянціна Ільінічна Іода. — Пачала асвойваць яго самастойна. Курсы па камп’ютарнай пісьменнасці дазволяць даведацца шмат новай і патрэбнай мне, як карыстальніку камп’ютара, інфармацыі. У перспектыве навучу і мужа.

Увогуле, ужо цяпер на курсах ёсць сямейныя пары, якія вырашылі разам засвоіць камп’ютарную пісьменнасць. Паколькі без яе сёння — нікуды.

— Планы заняткаў, — расказвае Людміла Васільеўна Саванец, — будую з улікам запытаў наведвальнікаў курсаў. Яны жадаюць навучыцца апрацоўваць на камп’ютары графічную і тэкставую інфармацыю, працаваць з рознымі Інтэрнет-браўзерамі, відэа- і аўдыяфайламі, карыстацца электроннай поштай, скайпам, сацыяльнымі сеткамі, Інтэрнет-банкінгам. Таксама запланавала пазнаёміць іх з нацыянальнымі інфармацыйнымі рэсурсамі, навучыць, як шукаць патрэбную інфармацыю па розных галінах жыцця, як ёю карыстацца.

Што ж, засвоіць інфармацыі давядзецца шмат. І каб лепш зрабіць гэта — наведвальнікі курсаў вядуць канспекты. Незразумелае яшчэ раз просяць патлумачыць сваю настаўніцу.

— Як вучні, наведвальнікі курсаў, вельмі актыўныя і ініцыятыўныя, дапытлівыя, — гаворыць Людміла Васільеўна. — Прыходзячы на заняткі, яны не толькі вучацца валодаць камп’ютарам, але і размаўляюць паміж сабой, дзеляцца новай інфармацыяй.

А. ДУБРОЎСКАЯ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *