На календары верасень, і гэта значыць, што дзеці школьнага ўзросту вярнуліся за свае парты. Работнікі і валанцёры Дзятлаўскага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа, Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, раённага савета ветэранаў і клуба для пажылых людзей «Нам гады — не бяда» правялі дабрачынную акцыю і дапамаглі сабрацца ў школу дзецям, якія ў гэтым мелі патрэбу.
Так, напрыклад, першакласніца Дамініка Задзярэй адправілася ў школу з неабходным наборам канцылярскіх прыладаў. Падарункі шматдзетнай маме Кацярыне Задзярэй уручыла старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Касцюк.
У Аксаны Катаржных — пяцёра дзяцей, дзве дзяўчынкі-блізняткі пайшлі ў першы клас, таму сям’я атрымала дапамогу ад раённых дабрачынных арганізацый.
Карысныя і патрэбныя падарункі атрымалі дзеці з Дзятлаўскага сацыяльнага прытулка. Галіна Касцюк сказала школьнікам добрыя словы і перадала самаробныя падарункі ад наведвальнікаў дзённага аддзялення для інвалідаў «Праменьчык», а першы сакратар раённага камітэта грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Кацярына Хілімончык пажадала дзецям выдатнай і цікавай вучобы.
Ю. БАКУНОВІЧ
Фота аўтара