Штогод маладых людзей ва ўзросце 18-27 гадоў выклікаюць у раённыя ваенныя камісарыяты для выканання грамадзянскага абавязку — прызыву на воінскую службу. Прычым, вайсковыя фарміраванні Рэспублікі Беларусь прызываюць толькі лепшых грамадзян, якія па сваіх маральна-дзелавых якасцях і стане здароўя могуць выконваць абавязкі ваеннай службы.
Служба ў арміі становіцца прэстыжнай. Не сакрэт, што ў наш час маладому чалавеку, які не прайшоў «армейскую школу», цяжка ўладкавацца на добрую работу.
Прадстаўнікам вайсковых часцей прадастаўлена права адбіраць для службы найбольш дастойных. Абсалютная большасць законапаслухмяных прызыўнікоў добрасумленна выконваюць свае абавязкі па абароне Айчыны. Між тым, пракурорскай праверкай арганізацыі прызыўной работы 2016 года ў ваенным камісарыяце горада Гродна і Гродзенскага раёна, раённых ваенных камісарыятах вобласці ўстаноўлена, што ў сувязі з няяўкай на мерапрыемствы прызыву для больш чым 1000 грамадзян часова абмяжоўваўся выезд з рэспублікі, 20 грамадзян знаходзіліся ў вышуку, шэраг з іх не жыве па месцы прапіскі і знаходзіцца за межамі Беларусі — у ЗША, Расійскай Федэрацыі, іншых краінах. З-за таго, што гэтыя маладыя людзі не ўдзельнічаюць у мерапрыемствах прызыву, ім пагражае крымінальная адказнасць.
За ўхіленне ад мерапрыемстваў прызыву летась у адносінах да 61 асобы ўзбудзілі крымінальныя справы, якія разгледжаны судамі з вынясеннем абвінаваўчых прысудаў. Таму пракуратура нагадвае некаторыя патрабаванні дзеючага заканадаўства, якія тычацца пытанняў прызыву.
Так, ваенныя камісарыяты абавязаны выяўляць асобаў, якія не выконваюць абавязкі грамадзян па воінскім уліку адпаведна заканадаўству, і арганізаваць прыцягненне іх да адміністрацыйнай або крымінальнай адказнасці ва ўстаноўленым парадку.
У выпадку непрыбыцця прызыўніка на мерапрыемствы прызыву работнікі ваенннага камісарыята абавязаны ў пяцідзённы тэрмін устанавіць прычыну няяўкі і накіраваць паведамленне ў раённы аддзел міліцыі для вышуку і прыводу яго прымусова. Пасля дастаўкі прызыўніка ў ваенкамат работнікамі міліцыі ў адносінах да яго разглядаецца пытанне аб прыцягненні да адміністрацыйнай або крымінальнай адказнасці, калі няяўка выклікала немагчымасць прыняцця рашэння прызыўной камісіяй.
Паколькі адной з прычын учынення прызыўнікамі падобных правапарушэнняў з’яўляецца няведанне патрабаванняў закона, варта патлумачыць, што ўважлівымі прычынамі няяўкі на прызыў у вызначаны тэрмін прызнаюцца: калецтва (раненне, траўма, кантузія) або хвароба грамадзяніна, звязаная са стратай працаздольнасці; цяжкі стан здароўя бацькі, маці, айчыма, мачахі, жонкі, сына, дачкі, родных брата або сястры, дзеда, бабулі, апекуна грамадзяніна або ўдзел у пахаванні названых асобаў; перашкода, якая ўзнікла ў выніку дзеяння непераадольнай сілы, або іншыя абставіны, якія не залежаць ад волі грамадзяніна. Пры гэтым прычыны няяўкі павінны быць пацверджаны дакументамі адпаведных органаў.
За няяўку па выкліку ў ваенны камісарыят (яго адасобленае падраздзяленне) без уважлівай прычыны для прыпіскі да прызыўнога ўчастка прадугледжана адміністрацыйная адказнасць па частцы 1 артыкула 25.1 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях — штраф да 3 базавых велічыняў, за паўторную няяўку на працягу года — штраф ад 4 да 6 базавых велічыняў.
У выпадку няяўкі без уважлівых прычынаў на мерапрыемствы прызыву на воінскую службу па павестцы або накіраванні ваенкамата (яго адасобленага падраздзялення), а такасама няяўкі грамадзяніна, які адмовіўся ад атрымання павесткі ці накіравання, або ў тэрміны, вызначаныя заканадаўствам, калі гэта няяўка не перашкодзіла прыняццю і (або) рэалізацыі рашэння прызыўной камісіі (ваеннага камісара) аб выкананні грамадзянінам воінскага абавязку, грамадзянін можа быць прыцягнуты да адміністрацыйнага штрафу ў памеры да 5 базавых велічыняў.
За ўхіленне ад прызыву і пастаноўкі на воінскі ўлік у ваенным камісарыяце прадугледжана крымінальная адказнасць. Згодна з артыкулам 435 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, за ўхіленне ад мерапрыемстваў прызыву на воінскую службу судом можа быць назначана пакаранне ў выглядзе штрафу, або арышту, або абмежавання волі да 2 гадоў, або пазбаўлення волі на той жа тэрмін. Згодна з санкцыяй часткі 2 дадзенага артыкула, за ўхіленне ад мерапрыемстваў прызыву на вайсковую службу, учыненае шляхам наўмыснага нанясення сабе цялеснага пашкоджання, або сімуляцыі захворвання, або падлога дакументаў ці іншага падману прадугледжана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі да 5 гадоў або пазбаўлення волі на той жа тэрмін.
Ухіленне рэзервіста або ваеннаабавязанага ад яўкі на зборы (заняткі) прадугледжвае крымінальную адказнасць па частцы 1 артыкула 436 КК РБ у выглядзе штрафу, або папраўчых работ да аднаго года, або арышту. За тыя ж дзеянні, учыненыя шляхам наўмыснага нанясення сабе цялеснага пашкоджання, або сімуляцыі захворвання, або падлога дакументаў ці іншага падману, часткай 2 гэтага артыкула прадугледжана пакаранне ў выглядзе штафу, або арышту, або абмежавання волі да 2 гадоў.
З годна з артыкулам 437 КК РБ, ухіленне прызыўніка або ваеннаабавязанага ад воінскага ўліку караецца штрафам або арыштам.
Напрыканцы варта нагадаць усім грамадзянам патрабаванні асноўнага Закона нашай дзяржавы — Канстытуцыі: абарона Рэспублікі Беларусь — ёсць свяшчэнны абавязак усіх яе грамадзян; ваенная служба з’яўляецца прыярытэтнай перад усімі іншымі відамі дзяржаўнай службы і дзейнасці. Невыкананне і неналежнае выкананне гэтых патрабаванняў у абавязковым парадку выклікаюць адказнасць як грамадзян, так і мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў і адказных асобаў.
А. ПУЧКОЎСКІ,
намеснік начальніка аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства ў войсках пракуратуры Гродзенскай вобласці