У гасцях у сацыяльных работнікаў

Падзеі

Праўленне раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” у сваёй дзейнасці выкарыстоўвае такую форму, як выязное пасяджэнне. Гэта дазваляе больш дэталёва пазнаёміцца з работай пярвічных арганізацый, убачыць набыткі, напрацоўкі праз выставы, прэзентацыі, выступленні і абмеркаванні.

Запрашаюцца зазвычай на сустрэчу не толькі жанчыны, якія ўваходзяць у праўленне раённай арганізацыі, а і старшыні пярвічных арганізацый, актывісткі жаночага руху.

На чарговае выязное пасяджэнне ехаць далёка не давялося: удзельнікаў мерапрыемства прымаў Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Тут створана і паспяхова працуе пярвічная арганізацыя грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”, якую ўзначальвае дырэктар Цэнтра Таццяна Нікіпорчык. Пярвічка цяпер налічвае 45 чалавек. Жанчыны аказваюць дапамогу састарэлым, інвалідам, хворым і як сацыяльныя работнікі, і як актывісткі жаночага руху. Аб добрых справах пярвічнай арганізацыі паведаміла прысутным яе старшыня Таццяна Нікіпорчык. Таксама Таццяна Сямёнаўна пазнаёміла гасцей з працай установы, яе структурных падраздзяленняў, расказала пра жанчын, якія не лічацца з асабістым часам, а шчыра і сумленна дапамагаюць тым, хто трапіў у складаныя абставіны. Яна падзякавала за дапамогу ў зборы рэчаў для  дзяцей з маламаёмных і ненадзейных сем’яў, для састарэлых малазабяспечаных людзей тым жанчынам Дзятлаўшчыны, якія не застаюцца раўнадушнымі да чужых праблем. Сваё выступленне старшыня пярвічкі падмацавала радкамі вершаў пра сацыяльных работнікаў, чым вельмі кранула аўдыторыю.

Да падзякі за жаночую спагаду і міласэрнасць далучылася Алена Жадзейка, старшыня раённай жаночай арганізацыі. Яна зазначыла, што, дзякуючы своечасовай уплаце членскіх узносаў, у раённага жансавета ёсць рэальная магчымасць аказваць падтрымку, праводзіць мерапрыемствы.

На праблеме занятасці дзяцей у вольны час спынілася ў сваім выступленні дырэктар Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Таццяна Ваніслаўчык. Дарэчы, хобі-цэнтр “Вектар”, які працуе ў Дзятлаве, атрымаў высокую ацэнку спецыялістаў: ён скіраваны на выяўленне і развіццё здольнасцяў школьнікаў, уплывае на іх будучы прафесійны выбар. Дыпломам першай ступені адзначаны гэты праект на прэзентацыях абласнога і  рэспубліканскага ўзроўняў.

Вопытам работы падзялілася старшыня пярвічнай жаночай арганізацыі ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь” Алена Малько. Яна засяродзіла ўвагу на магчымасцях страхавання жыцця дарослых і дзяцей  па праграмах страхавання “Стравіта”.

Па традыцыі такія выязныя пасяджэнні праўлення раённай жаночай арганізацыі праходзяць у прыязнай, нязмушанай абстаноўцы. Гаспадыні-сацыяльныя работнікі пачаставалі гасцей чаем са сваім печывам.

Пасля дзелавой часткі сустрэчы жанчыны мелі магчымасць пагутарыць, абмеркаваць надзённыя пытанні і планы. Так, старшыня раённага жансавета А. Жадзейка звярнулася да прысутных з прапановай актывізаваць работу па папаўненні музея “Жанчына – маці, гераіня, працаўніца, творца”, падаваць свае прапановы, матэрыялы, экспанаты. Алена Іванаўна выказала таксама спадзяванне, што жанчыны раёна прымуць актыўны удзел у фотапраекце “Жыццё цудоўных сем’яў”, дашлюць адметныя фотаздымкі пра будні і святы сваіх блізкіх.

Доўжацца таксама конкурсы “Калыханка для ўсёй сям’і” і “Жаночыя ініцыятывы”, удзел у якіх быў абмеркаваны ў час выязнога пасяджэння. Таксама была засяроджана ўвага на актывізацыі работы па ўдзеле ў рэспубліканскай акцыі «Збяром ранец разам». Старшыня раённага жансавета А. Жадзейка заклікала жанчын Дзятлаўшчыны прыняць актыўны ўдзел у гэтай акцыі.

Ю. БАКУНОВІЧ
Фота прадастаўлена Т. Нікіпорчык



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *