У органы пракуратуры Гродзенскай вобласці ў першым паўгоддзі 2017 года паступілі 3128 зваротаў грамадзян і юрыдычных асобаў. Па сутнасці разгледжаны 1763, з якіх 66 — электронныя. Задаволены поўнасцю ці часткова — 466 зваротаў (26,4%), 83 — пакінуты без разгляду, 339 — накіраваны ў органы пракуратуры для разгляду, 1126 — накіраваны ў іншыя органы.
З ліку разгледжаных зваротаў амаль кожны трэці тычыўся абскарджвання дзеянняў і рашэнняў органаў, якія вядуць крымінальны працэс на стадыі дасудовай вытворчасці, у тым ліку на дзеянні і рашэнні органаў дазнання.
Як сведчыць практыка, многія грамадзяне, якія звяртаюцца ў органы пракуратуры з падобнымі скаргамі, не заўжды правільна разумеюць палажэнні заканадаўства. Так, частка 1 артыкула 2 Закона аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў прадугледжвае, што яго дзеянне не распаўсюджваецца на звароты, у адносінах да якіх заканадаўчымі актамі вызначаны іншы парадак іх падачы і разгляду.
Парадак падачы і разгляду зваротаў на дзеянні органа, які вядзе крымінальны працэс, рэгламентуецца главой 16 раздзела V Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Дзеянні і рашэнні такога органа могуць быць абскарджаны толькі ўдзельнікамі крымінальнага працэса, а таксама іншымі фізічнымі і юрыдычнымі асобамі, калі працэсуальныя дзеянні і рашэнні закранаюць іх інтарэсы (арт. 138 КПК).
Часам даводзіцца сутыкацца са зваротамі, у якіх грамадзяне абскарджваюць дзеянні органа дазнання, нягледзячы на тое, што іх інтарэсы ў рамках праверак не закрануты. Напрыклад, жонка абскарджвае працэсуальнае рашэнне органа дазнання па пытанні нанясення цялесных пашкоджанняў яе мужу, бацькі не згодны з рашэннем аб прыцягненні да адказнасці іх паўналетніх дзяцей. У такіх выпадках у задавальненні патрабаванняў заяўнікам можа быць адмоўлена.
Згодна з артыкулам 139 КПК РБ, скаргі на рашэнні органа крымінальнага пераследу аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, аб спыненні папярэдняга расследавання крымінальнай справы, крымінальнага пераследу, аб адмове ва ўзбуджэнні вытворчасці па нанова вызначаных абставінах падаюцца адпаведнаму пракурору або ў суд па месцы расследавання крымінальнай справы або разгляду заявы, або паведамлення аб злачынстве. Скаргі на рашэнне следчага аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, аб спыненні папярэдняга расследавання крымінальнай справы, крымінальнага пераследу таксама могуць быць пададзены адпаведнаму начальніку следчага падраздзялення. На жаль, нярэдка заяўнікі ігнаруюць палажэнні гэтага артыкула, накіроўваючы паведамленні адразу ў вышэйстаячыя пракуратуры, што значна павялічвае тэрмін іх разгляду па сутнасці. Захаванне парадку падачы зваротаў не толькі скароціць тэрміны іх разгляду, але і сэканоміць сродкі, звязаныя з іх перасылкай.
Таксама без задавальнення патрабаванняў заяўніка могуць пакінуць звароты, па якіх сышоў тэрмін прыцягнення да крымінальнай адказнасці.
У сувязі з развіццём камп’ютарных тэхналогій і Інтэрнэту ў заканадаўства ўнесены змяненні, паводле якіх грамадзяне і юрыдычныя асобы маюць магчымасць звяртацца ў органы пракуратуры шляхам падачы электронных зваротаў. Аднак новаўвядзенне не распаўсюджваецца на звароты, якія тычацца абскарджвання дзеянняў і рашэнняў органаў, якія вядуць крымінальны працэс на наступных падставах: згодна з часткай 5 артыкула 139 КПК, якая прадугледжвае парадак падачы зваротаў гэтай катэгорыі, скаргі на дзеянні і рашэнні органа дазнання, асобы, якая ажыццяўляе дазнанне, і следчага падаюцца ў вуснай або пісьмовай форме. Вусныя скаргі заносяцца ў пратакол, які падпісвае заяўнік і адказная асоба, якая прымае скаргу. Падача скаргаў гэтай катэгорыі ў электронным выглядзе па электроннай пошце або шляхам размяшчэння на афіцыйным сайце заканадаўствам не прадугледжана, і пры паступленні яны застаюцца без разгляду па сутнасці з паведамленнем заяўніку і тлумачэннем яму парадку падачы скаргаў такой катэгорыі.
Грамадзяне павінны больш узважана падыходзіць да падачы зваротаў у органы пракуратуры і няўхільна захоўваць патрабаванні заканадаўства. Таксама варта памятаць, што кіраўніцтва пракуратуры вобласці рэгулярна праводзіць асабістыя прыёмы грамадзян адпаведна графіку прыёмаў, ажыццяўляе выязныя прыёмы, перыядычна праводзіць «Прамыя тэлефонныя лініі». Пракурорскія работнікі практыкуюць прыём грамадзян пры правядзенні наглядных праверак выканання заканадаўства на прадпрыемствах, ва ўстановах і арганізацыях.
А. ЛІХАРАЙ,
старшы пракурор аддзела па наглядзе за дазнаннем пракуратуры Гродзенскай вобласці