Дарагія суайчыннікі!
Віншую вас з Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
У гісторыі любой нацыі існуюць вехі, якія вызначаюць яе лёс, яе будучыню. 3 ліпеня — гэта дзень нашай славы і гонару, памяці аб мінулым і гордасці за сучаснасць.
Беларускі народ мужна абараняў сваю Радзіму ад захопнікаў. Праз войны і разруху, праз кроў і слёзы многіх пакаленняў мы ішлі да сваёй незалежнасці.
За апошнія гады шмат што змянілася: і краіна, і людзі, якія жывуць у ёй.
Нязменным засталося жаданне кожнага з нас жыць у свабоднай і мірнай дзяржаве.
Беларусам не патрэбны ўзрушэнні, войны і рэвалюцыі, спекуляцыя на дэмакратыі і правах чалавека. У нас ёсць вывераныя часам ідэалы і каштоўнасці, і мы нікому не дазволім навязваць іншае.
Сёння з поўным правам можна сцвярджаць: Беларусь ХХІ стагоддзя — стабільная дзяржава, якая цвёрда ідзе па шляху самастойнага развіцця.
У нашай краіне пануюць мір і парадак. Беларускі народ адзіны, а аб’ядноўвае яго галоўнае — клопат аб умацаванні Айчыны і добрасумленная праца дзеля дасягнення гэтай мэты.
Няхай у кожным доме, кожнай сям’і будзе шчасце, здароўе, дабрабыт і дастатак. Працвітання нашай роднай Беларусі!
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка