Смачна, хутка, нядорага

Падзеі

У Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна пакой прыёму ежы адкрыўся яшчэ ў сакавіку 2017 года і стартаваў сацыяльна значны праект, удзельнікамі якога сталі два аддзяленні — аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў «Праменьчык».

На працягу некалькіх месяцаў удзельнікі праекта актыўна вывучалі літаратуру, разам праглядвалі часопісы кулінарнай тэматыкі. Пастаянныя ўдзельнікі клуба «Нам гады не бяда» вырашылі перайсці ад тэорыі да практыкі і падзяліцца сваімі рэцэптамі, навыкамі прыгатавання ежы з маладымі інвалідамі аддзялення «Праменьчык».

Вырашылі арганізаваць сумеснае чаяванне, прыемную неафіцыйную размову. Усё прыгатаванае да чаю павінна было адпавядаць простым патрабаванням — смачна, хутка, нядорага. Таму выбар спынілі на маленькіх бутэрбродах, якія назвалі «на хуткую руку». Пад кіраўніцтвам вопытных гаспадыняў маладыя людзі з абмежаванымі магчымасцямі акуратна выразалі фігурныя бутэрброды, упрыгожвалі іх сырам і варэннем. Пасля прыгатавання заняліся сервіроўкай стала: прыгожа расставілі прыборы, расклалі сурветкі.

За чаем абмеркавалі арганізацыю падобных сустрэчаў у далейшым, выслухалі пажаданні і прапановы. Падобныя майстар-класы павінны стаць добрай традыцыяй двух аддзяленняў.

Г. КАСЦЮК, Т. ЗІНКЕВІЧ,
спецыялісты Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *