Рэліквіі благаслаўлёных назарэтанак з Навагрудка ўнесены ў касцёл у Рандзілаўшчыне

Падзеі

23 ліпеня ў парафіяльны касцёл Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Рандзілаўшчыне былі ўнесены рэліквіі благаслаўлёных назарэтанак-мучаніц з Навагрудка, расстраляных 1 жніўня 1943 года.

Урачыстае ўнясенне рэліквій у святыню здзейснілі манахіні з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта (назарэтанкі).

Святую Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Звяртаючыся да вернікаў з гаміліяй, іерарх адзначыў, што трэба штодзённа ісці дарогай Езуса Хрыста, якая не з’яўляецца лёгкай і простай, але ў выніку заўсёды вядзе да перамогі.

Па словах біскупа, цяпер шмат людзей, якія не ідуць за навучаннем Хрыста, абіраюць свае шляхі, якія вядуць да пустаты і расчаравання.

Звяртаючыся да вернікаў, якія ў гэты дзень прымалі сакрамэнт канфірмацыі, іерарх заклікаў іх адважна пераадольваць цяжкасці і бар’еры.

 — Абірайце заўсёды шлях Езуса Хрыста, як гэта зрабілі благаслаўлёныя сёстрымучаніцы з Навагрудка, якія з вялікай любові да Бога і Яго Касцёла склалі найцудоўнейшую ахвяру ў постаці свайго жыцця, – сказаў біскуп Юзаф Станеўскі.

Усіх удзельнікаў літургіі, якіх у гэты дзень так шмат сабралася пры алтары Хрыста, іерарх заклікаў да працы над сабой і выпраўлення свайго жыцця, каб такім чынам заслужыць удзел у Нябесным Валадарстве.

Ксёндз Андрэй Пышынскі, пробашч парафіі, на заканчэнне Імшы падзякаваў усім за дар супольнай малітвы і падкрэсліў, што ў гэты дзень невялікая парафіяльная супольнасць у Рандзілаўшчыне атрымала новых апекуноў – благаслаўлёных сясцёр назарэтанак з Навагрудка, якія будуць заступацца перад Богам у розных патрэбах душы і цела мясцовых вернікаў.

Святар прасіў прыхаджан часта звяртацца да благаслаўлёных і запрасіў ушаноўваць рэліквіі сясцёр назарэтанак праз уцалоўванне.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *