На кантролі – адукацыя

Падзеі

Абласная каардынацыйная нарада па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй і калегія Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці разгледзелі пытанне “Аб выкананні мерапрыемстваў дзяржаўных праграмаў у сферы адукацыі вобласці, выкарыстанні выдзеленых на іх рэалізацыю бюджэтных сродкаў”.

Праведзеныя дзяржкантролем кантрольна-аналітычныя мерапрыемствы паказалі, што ў Гродзенскай вобласці ў не забяспечана ў поўным аб’ёме выкананне мерапрыемстваў дзяржаўнай праграмы “Адукацыя і моладзевая палітыка”, не захоўваецца фінансавая дысцыпліна і бюджэтнае заканадаўства, заніжаны кантроль за эканомным расходаваннем дзяржаўных сродкаў, дапускаецца неэфектыўнае выкарыстанне дзяржаўнай маёмасці.

Так, шэрагам аддзелаў адукацыі выконваліся работы, набываліся тавары і паслугі ў аб’ёмах, кошт якіх перавышаў асігнаванні, прадугледжаныя раённымі бюджэтамі на чарговы фінансавы год. Агульная сума бюджэтных сродкаў, выкарыстаная з парушэннем заканадаўства, склала 2,2 мільёна рублёў.

Мелі месца няправільнае размеркаванне ўскосных расходаў, няпоўная кампенсацыя расходаў бюджэту на аплату камунальных паслугаў пры аказанні платных адукацыйных паслугаў аддзелам адукацыі Лідскага райвыканкама, УА “Гродзенскі дзяржаўны політэхнічны каледж” і 49 установамі адукацыі Кастрычніцкага раёна горада Гродна. У выніку ў бюджэт не паступіла 212,8 тысячы рублёў.

Упраўленнем адукацыі аблвыканкама і фінансавымі органамі райвыканкамаў своечасова не пераглядаюцца структура і штаты ўстановаў, што прывяло да незаконнага атрымання і выкарыстання бюджэтных сродкаў у суме 107,6 тысячы рублёў.

Не прыносіць належнай аддачы, а толькі дадатковыя расходы для бюджэту, утрыманне аб’ектаў цеплазабеспячэння на балансе ўстановаў адукацыі. Так, у 2016 годзе за кошт бюджэтных сродкаў аплачаны цеплавыя страты на сумму 728,2 тысячы рублёў, за студзень-красавік 2017 года – 375,6 тысячы рублёў.

Бяздзейнасць з боку ўпраўлення адукацыі і раённых органаў улады па кантролі за дзейнасцю падпарадкаваных арганізацый спрыяюць учыненню службовымі асобамі ўстановаў карупцыйных правапарушэнняў.

Так, бухгалтар цэнтралізаванай бухгалтэрыі аддзела адукацыі Ваўкавыскага раёна шляхам фальсіфікацыі дадзеных аб сумах, якія падлягаюць залічэнню на карт-рахункі работнікаў установаў адукацыі ад 14 капеек да 140 рублёў, завалодала грашовымі сродкамі ў суме 2,7 тысячы рублёў.

Аналагічныя факты незаконнага атрымання бюджэтных сродкаў мелі месца і ў шэрагу іншых установаў.
Нягледзячы на значныя ўкладанні бюджэтных сродкаў у мадэрнізацыю ўстановаў, іх матэрыяльна-тэхнічная база мае патрэбу ў абнаўленні і ўмацаванні.

Мясцовымі органамі ўлады, упраўленнем адукацыі не вырашаецца належным чынам праблема забеспячэння кадрамі, павышэння зацікаўленасці і замацавання маладых спецыялістаў, якія прыбылі да першага месца працы.

Штогадовая патрэба ўстановаў адукацыі ў педагагічных кадрах складае каля 730 – 850 чалавек, у тым ліку на 2017/2018 гады – 731 чалавек. Найбольшую патрэбу ў кадрах адчувае Астравецкі раён (74 чалавекі), Ленінскі раён горада Гродна (69 чалавек), Слонімскі раён (60 чалавек).

Пры гэтым у 2015 годзе па розных прычынах не прыступілі да працы на першым працоўным месцы 124 чалавекі, у 2016 годзе – 100 чалавек.

Акрамя азначаных праблемаў і парушэнняў, праверкамі ўстаноўлены факты невыканання ўстановамі адукацыі патрабаванняў Закона Рэспублікі Беларусь “Аб бухгалтарскім уліку і справаздачнасці”, падатковага заканадаўства, заканадаўства, якое рэгулюе парадак налічэння заработнай платы, вядзення кнігаў заўвагаў і прапановаў.

Па выніках праведзеных кантрольна-аналітычных мерапрыемстваў установаў адукацыі ўстаноўлена выкарыстанне з парушэннем заканадаўства бюджэтных сродкаў у суме 2,6 мільяна рублёў, нямэтавае выкарыстанне бюджэтных сродкаў – 11,9 тысячы рублёў, неэфектыўнае выкарыстанне бюджэтных сродкаў – 720 тысяч рублёў, пастаўлена на ўлік асноўных сродкаў на суму 3,9 мільёна рублёў. Распачата 7 крымінальных справаў, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 18 асобаў, да дысцыплінарнай – 205 асобаў, у тым ліку 6 асобаў вызвалены ад займаемых пасадаў.

Прынята рашэнне аб прадаўжэнні аптымізацыі сеткі ўстановаў адукацыі вобласці з улікам дэмаграфічнай сітуацыі, аб кадравым забеспячэнні, аб умацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановаў, а таксама забеспячэнні фінансавай і працоўнай дысцыпліны.

А. САДАЎНІЧЫ,
першы намеснік старшыні Камітэта дзяржкантролю Гродзенскай вобласці



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *