Уступная кампанія ў прафесійныя ліцэі і прафесійна-тэхнічныя каледжы пачынаецца. Прыём будзе ажыццяўляцца 146 установамі прафтэхадукацыі па 251 прафесіі

Да ведама грамадзян

Уступная кампанія ў прафесійныя ліцэі і прафесійна-тэхнічныя каледжы пачынаецца сёння ў Беларусі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-цэнтры Міністэрства адукацыі. Прыём будзе ажыццяўляцца 146 установамі прафтэхадукацыі па 251 прафесіі. Акрамя таго, для навучання рабочым прафесіям таксама можна падаваць дакументы ў 49 устаноў адукацыі іншых узроўняў, якія рэалізуюць вучэбныя праграмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі. У Клічаўскім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы адкрыта падрыхтоўка па такіх запатрабаваных прафесіях, як слесар па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання, трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці, вадзіцель аўтамабіля. Для атрымання прафтэхадукацыі ў 2017 годзе плануецца прыняць 29,9 тыс. чалавек, у тым ліку за кошт сродкаў бюджэту 29,7 тыс. На дзённую форму навучання плануецца залічыць 27,8 тыс. чалавек, з іх на аснове агульнай базавай адукацыі — 16,9 тыс., на аснове агульнай сярэдняй адукацыі — 10,2 тыс., на аснове спецыяльнай адукацыі — 700 чалавек. Прадугледжаны прыём 800 чалавек на завочную і 1,3 тыс. на вячэрнюю формы атрымання адукацыі. Для ўдасканалення структуры падрыхтоўкі з улікам зменлівай патрэбнасці рэгіянальных рынкаў працы ў 2017 годзе плануецца спыніць прыём па 216 незапатрабаваных прафесіях і адкрыць падрыхтоўку па 145 новых для асобных устаноў прафтэхадукацыі прафесіях. Упершыню ў 2017 годзе будзе ажыццяўляцца набор па 5 новых прафесіях: электрамеханік па сродках аўтаматыкі і прыборах тэхналагічнага абсталявання (Гомельскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж электратэхнікі), рабочы па комплексным абслугоўванні будынкаў і збудаванняў (Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж будаўніцтва і камунальнай гаспадаркі), аператар лічбавага друку (Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж паліграфіі імя В.З. Харужай), кузаўшчык (Мінскі дзяржаўны прафесійны ліцэй нумар 3 машынабудавання), вытворца тварагу (Слуцкі дзяржаўны каледж). У Міністэрстве адзначылі, што ўмовы прыёму ў параўнанні з папярэднім годам не змяніліся. Для аказання дапамогі абітурыентам, бацькам і грамадскасці ў атрыманні інфармацыі па прыёме з 1 чэрвеня да 18 жніўня ў Міністэрстве адукацыі арганізавана работа гарачай лініі. Званіць можна па тэлефоне 8 (017) 222-43-12.
Крыніца


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *