Л. АВЕЦІСЯНАВА: Дзень медыцынскіх работнікаў — свята людзей у белых халатах. Хоць гэта і не маё асабістае свята, але яно мне дарагое

Падзеі

Чаму? Найперш, напэўна, таму, што па волі лёсу ўсё жыццё давялося мець справу з медыкамі. Маёй дачцэ Анжэле ў 1гадок і 2 месяцы паставілі страшны дыягназ – ДЦП. Па маладосці я (з ужо пакойным мужам) мала што разумела: якое няпростае выпрабаванне выпала на нашу долю. Але на дапамогу прыйшлі душэўныя, бескарыслівыя людзі. Стараліся лячыць лекамі, працэдурамі, словам. І цяпер мая Анжэла – матуля дарослага сына, які хутка заканчвае медыцынскі ўніверсітэт. Мой унук, Міхаіл Абярухцін, стане сапраўдным медыкам. Ужо паспяхова здаў першы дзяржэкзамен. І Дзень медыцынскіх работнікаў будзе яго святам!

У час вучобы Мішу давялося быць на практыцы ў хірургічным, тэрапеўтычным аддзяленнях нашай Дзятлаўскай бальніцы, у паліклініцы. Усюды да практыканта адносіліся ўважліва, з разуменнем. Міша адчуваў клопат дактароў не толькі як спецыялістаў-прафесіяналаў, настаўнікаў, а і, можна сказаць, бацькоўскі. Хірургі Іван Міхайлавіч Родзькін, Дзмітрый Леанідавіч Латушка, Уладзімір Іванавіч Максімовіч імкнуліся перадаць свой вопыт, падказаць, накіраваць маладога медыка. Вялікі дзякуй ім за гэта!

Да Дня медыцынскіх работнікаў мае непасрэднае дачыненне муж маёй дачкі – Дзмітрый Абярухцін. Ён працуе санітарам у Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы, у аддзяленні, якім загадвае Алена Аляксандраўна Якубоўская. Прыгожая і прыемная жанчына, спакойная і ўпэўненая. Гэта доктар-неўрапатолаг, можна ўпэўнена сказаць, ад Бога. З такім доктарам-прафесіяналам, вопытным кіраўніком добра працуецца і падначаленым.

Не буду хваліць свайго зяця, гэта нясціпла. Але вельмі прыемна чуць і чытаць падзякі на яго адрас. Стараецца працаваць сумленна, не падводзіць тых, хто на яго спадзяецца, хто давярае.

Я сама – чалавек шаноўнага ўзросту, нярэдка даводзіцца звяртацца па медыцынскую дапамогу да розных спецыялістаў. Заўсёды ўважліва выслухаюць скаргі на нямогласць, паглядзяць, паставяць дыягназ, назначаць лячэнне – суцішаць боль і лекамі, і словамі. Сёння я вельмі ўдзячна дактарам, да якіх даводзілася звяртацца са сваімі “балячкамі”. Яны не лічыліся з асабістым часам, а прыходзілі на дапамогу, цікавіліся станам і днём, і ноччу, падтрымлівалі добрым словам і ўвагай. Гэта Андрэй Іванавіч Гірык, Таццяна Аляксандраўна Шафарэвіч, Мікалай Уладзіміравіч Мікуліч, Галіна Альфрэдаўна Камароўская, Наталля Іванаўна Зыкіна.

А колькі добрых словаў заслугоўваюць ветэраны медыцынскай справы! Шчырай падзякі варты іх клопат пра хворых. Бяссонныя ночы праводзілі яны каля цяжкіх пацыентаў. Сваім дзецям недадавалі ўвагі і пяшчоты з-за занятасці на працы. І напярэдадні прафесійнага свята варта ўзгадаць гэтых клапатлівых, адданых медыцыне людзей. Гэта Зінаіда Фамінічна Венская, Лідзія Аляксандраўна Лебедзь, Казімір Станіслававіч і Людміла Іосіфаўна Нагуй, Нікадзім Іванавіч і Люцыя Міхайлаўна Бутурля, Лідзія Аляксандраўна Ішуціна. Здароўя ім і даўгалецця!

Вельмі шкада, што сёння ўжо няма на гэтым свеце маіх суседзяў, такіх цудоўных спецыялістаў, як Станіслаў Міхайлавіч Усс, Фёдар Пятровіч Ілюковіч, Генрых Адольфавіч Купрыянчык, Іван Іванавіч Венскі, Павел Паўлавіч Гусеў, Уладзімір Уладзіміравіч і Алена Аляксандраўна Латушка, Васіль Васільевіч Ішуцін, Ігар Міхайлавіч Шафарэвіч, Міхаіл Аляксандравіч Жук. Да іх прыходзілі з верай і надзеяй. Верныя клятве Гіпакрата, яны рабілі ўсё магчымае і немагчымае, каб аблегчыць людскі боль, уратаваць жыццё, вярнуць здароўе. Менавіта іх прафесійнае майстэрства павінна быць прыкладам для маладых медыкаў, тых, хто замяніў іх на варце здароўя і жыцця.

Напярэдадні прафесійнага свята варта пажадаць усім медыкам – дактарам, медсёстрам, санітарам, лабарантам – быць самім бадзёрымі і здаровымі. Кіраўніцтву і прафкаму – невычэрпнай энергіі. І ўсім нам – міру, згоды, ладу.

Л. АВЕЦІСЯНАВА,

жыхарка г. Дзятлава



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *