Альбом «Сусветная спадчына Францыска Скарыны» выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» ўдастоены Гран-пры конкурсу ІІ Еўразійскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу Eurasian Book Fair 2017

Да ведама грамадзян

Пра гэта паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар выдавецтва Уладзімір Андрыевіч. На ІІ Еўразійскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы Eurasian Book Fair 2017, якая прайшла 15-18 чэрвеня ў Астане, адбыўся конкурс у шасці намінацыях, і галоўная ўзнагарода гэтага конкурсу прысуджана кнізе-альбому «Сусветная спадчына Францыска Скарыны». Кнігам беларускіх выдавецтваў былі прысуджаны дыпломы рознай ступені і ў іншых конкурсных намінацыях, расказаў Уладзімір Андрыевіч. У намінацыі «Навука і інавацыі» дыплом І ступені прысуджаны кнізе «Бренды Беларуси. Машины», выпушчанай у Год навукі выдавецтвам «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі». У намінацыях «Лепшае краязнаўчае выданне» і «Лепшая вучэбная кніга» дыпломаў другой ступені ўдастоены кнігі выдавецтва «Пачатковая школа» — «Я — гражданин Республики Беларусь» і «Музыка. Учебное пособие для 3-го класса учреждений общего среднего образования с русским языком обучения». Кнізе гэтага выдавецтва «Белорусские народные сказки» прысуджаны дыплом трэцяй ступені ў намінацыі «Кніга для дзяцей і юнацтва». Энцыклапедычнае выданне «Большая энциклопедия маленького профессора» (выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі») таксама ўзнагароджана дыпломам выстаўкі. Спецыяльнага дыплома журы ўдастоена кніга-альбом «Минск. Проспект Независимости» (ТДА «Бяловагруп»). Як адзначыла кіраўнік праекта Eurasian Book Fair Раўшан Турлынава, беларусы чарговы раз здзівілі прадстаўленымі на конкурс кнігамі. Бо і на папярэдняй І Еўразійскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы кніга-альбом «Беларусь. Краіна і людзі» выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя» была ўдастоена Гран-пры конкурсу. На ІІ Еўразійскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы Eurasian Book Fair 2017 у Астане было прадстаўлена больш за 10 тыс. кніг з 25 краін свету: Беларусі, Расіі, Кітая, ЗША, Германіі, Польшчы, Турцыі, Ірана, Індыі, Манголіі і іншых дзяржаў. Беларусь прадставіла больш за 300 выданняў, паказаўшы ўвесь спектр літаратуры, якая выдаецца ў краіне, у тым ліку краіназнаўчую, дзіцячую, вучэбную. За дні работы выстаўку наведалі амаль 20 тыс. чалавек.
БелТА


Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *