Намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Дзяшко правёў прыём грамадзян у Дзятлаве

Падзеі

Намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Дзяшко правёў прыём грамадзян у Дзятлаўскім раённым выканаўчым камітэце.

Жыхар райцэнтра звярнуўся да Уладзіміра Іосіфавіча з пытаннем па будаўніцтве дарогі па вуліцы Мічурына. Некалькі гадоў таму дзятлаўчанін узяў участак пад будаўніцтва ўласнага дома па дадзенай вуліцы. Дом ужо пабудаваны, у 2015 годзе завершаны ўсе працэдуры па яго здачы, а вось пад’ехаць да свайго ўчастка мужчына не можа.

— Я прыйшоў не скардзіцца, а папрасіць дапамагчы з будаўніцтвам дарогі. Я браў участак і разумеў, што мясцовасць нізкая, інфраструктуры няма, але ўсе камунікацыі тут былі падведзены, акрамя таго мяне завяралі, што пакуль пабудуешся, будзе і дарога. Усе жыхары вуліцы, а я на ёй апошні забудоўшчык, разумеюць, што не на ўсё у раёне хапае фінансаў, але мы шчыра спадзяемся, што наша праблема вырашыцца, — тлумачыў заяўнік.

Намеснік старшыні аблвыканкама пацвердзіў, што такія работы ў кварталах індывідуальнай жылой забудовы (будаўніцтва дарог і інжынерных сетак), выконваюцца за кошт мясцовага бюджэта. Ёсць таксама пастанова Савета Міністраў № 297 “Аб зацвярджэнні Правілаў заключэння і выканання дагавораў падраду на выкананне праектных і пошукавых работ і (або) вядзенне аўтарскага нагляду за будаўніцтвам”, згодна з якой прадугледжана ажыццяўленне фінансавага збору з грамадзян на долевае пакрыццё выдаткаў на будаўніцтва інфраструктуры, як новай, так і ранейшай. Пакуль такі збор не ажыццяўляецца ў Дзятлаўскім раёне.

У гэтым жыццёвым пытанні Уладзімір Дзяшко вырашыў разабрацца дэталёва, таму сумесна са старшынёй Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандрам Дубовікам і яго намеснікам, які курыруе будаўнічую галіну, Юрыем Залеўскім (пасля прыёму грамадзян) выехаў непасрэдна на месца. Дарэчы, пакуль заяўніку прапануецца часовы праезд па вуліцы Кірава.

З пытаннем затрымкі разлікаў за атрыманую прадукцыю таварыствам “Гроднааблсельбуд” звярнуўся да намесніка старшыні аблвыканкама кіраўнік мясцовага таварыства з абмежаванай адказнасцю “Агрожелезобетон”.

— Разлік з пастаўшчыком, які ідзе заўсёды насустрач будаўнічым прадпрыемствам у складаных, экстраных сітуацыях, пры чым якасць прадукцыі якога адпавядае ўсім нарматывам, павінен быць своечасовы. Акрамя таго, прадукцыя дадзенага прадпрыемства спецыфічная, на тэрыторыі краіны яе амаль не выпускаюць, важна падтрымліваць такую вытворчасць, — адзначыў Уладзімір Дзяшко і ўзяў пытанне на ўласны кантроль.

Тэкст і фота І. КАМАРОВАЙ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *