Гісторыя, расказаная бабуляй

Падзеі

Вера Ігнатаўна Хрышчановіч – жыхарка вёскі Гезгалы. У свой час яна запісала ўспаміны сваёй бабулі – Наталлі Антонаўны. Пенсіянерка запомніла кожную дэталь з гісторыі сваёй вёскі і пра ўсё, што было шмат гадоў таму. Цяпер – гэта голас мінулага, які раскажа нам аб тым, што было ў Гезгалах шмат гадоў таму.

“Я шмат чаго магу распавесці, таму што цікаўлюся гісторыяй жыцця, а мне расказвалі старыя аб мінулым. Вось там, за ракой, стаяла вёска. У 1812 годзе наступаў Напалеон і спаліў гэтую вёску, забіў людзей. Застаўся толькі адзін чалавек з гэтай вёскі, прозвішча яго было Герц. Калі вёску палілі, то яго не было дома. Вось і называлі яго Гезголы, а ён потым па вёсках хадзіў, жабраваў. Праз нейкі час у тое месца прывезлі 40 сем’яў з Польшчы, ва ўсіх іх было прозвішча Хрышчановіч. Яны тут пачалі будавацца, абгрунтоўвацца. Называлі іх “зямяне”, яны не падпадалі пад паноў. Калі будаваліся, то пачалі абмяркоўваць, як назваць гэтую вёску. Вось у гонар таго чалавека Гезголы назвалі вёску Гезгалы. Так яна да гэтага часу і называецца.

Наступныя падзеі ўжо пры мне былі. У 1914 годдзе прыехалі немцы. Жыхары пачалі разбягацца хто куды, мы ж паехалі ў Расію. Раз’ехалася амаль уся вёска. Едзем мы ў Расію дарогай на Навагрудак, пераначавалі ў лесе, выехалі з раніцы на дарогу, і памятаецца мне: немец верхам на сівым кані з вялікай пікай скача наперад. Пад’ехаў да нас і па-руску сказаў: “Вяртайцеся назад”. Да яго падскочыў сабака і пачаў брахаць, дык гэты немец ударыў яго пікай і назад паскакаў. Пачалі людзі плакаць, што іх таксама заб’юць пікай, як таго сабаку. Павярнулі мы і паехалі назад.

Мне памятаецца, першы немец прыехаў і папрасіў запалак, а мы прыбеглі глядзець хто там. Ён пачаў казаць суседцы-бабулі: “Streichhlzer”. Яна нічога не разумее, а немец пераходзіць на крык. Потым ён паказаў папяросу, тады яна здагадалася і прынесла запалкі.

Пакуль немцы тут былі, то жыхароў вёскі прымушалі капаць акопы і працаваць на немцаў. Некаторых пагналі на працу ў Германію, сярод гэтых людзей была і мая сястра.

Потым прыйшлі бальшавікі, і мы былі вельмі рады. У 1921 годдзе яны сышлі і прыйшлі палякі. Пры іх цяжка было жыць, вельмі цяжка. Усё было дорага, быў голад. Не дай Бог, як было. Як яны прыйшлі, то забаранілі рускія школы, вучыцца дазвалялі толькі па-польску. У школу мы хадзілі ў суседнюю вёску Нагародавічы, там нас вучыў  бацюшка. Але дазвалялі толькі 3 класы скончыць, больш не. Потым была вайна, а ўжо пасля – прыйшло спакойнае жыццё ў Савецкім Саюзе”.

Уладзімір Гезгальскі – нябесны заступнік

Аб Уладзіміры Гезгальскім ведаюць нават за межамі Беларусі. Гэты самаадданы чалавек праславіў Дзятлаўшчыну.

28 кастрычніка 1999 года іерэй Уладзімір быў кананізаваны Святым Сінодам Беларускай Праваслаўнай Царквы як мясцовы святы Беларускай Праваслаўнай Царквы. Далучаны да ліку новапакутнікаў на Архіерэйскім юбілейным Саборы Рускай Праваслаўнай Царквы ў 2000 годзе для агульнацаркоўнага шанавання.

Свяшчэннапакутніка Уладзіміра Хрышчановіча таксама называюць Гезгальскім – па месцы яго нараджэння. Жыхары вёскі Гезгалы лічаць яго сваім нябесным заступнікам. Царква, размешчаная на тэрыторыі папраўчай калоніі-пасялення ў Гезгалах, названа ў гонар гэтага святога. 12 лютага, у дзень смерці свяшчэннапакутніка, і 28 кастрычніка, у дзень яго кананізацыі, – тут храмавыя святы.

У 75-годдзе з дня смерці свяшчэннапакутніка Уладзіміра Гезгальскага ў храме ў гонар гэтага святога архіепіскап Навагрудскі і Лідскі Гурый адслужыў Боскую літургію. Затым ад памятнага крыжа ў пасёлку Гезгалы на чале з уладаром быў здзейснены хрэсны ход з іконай святога да дома № 34, дзе нарадзіўся і жыў свяшчэннапакутнік Уладзімір. Там адслужылі малебен святому, пасля чаго быў асвечаны памятны знак, усталяваны ў гонар заступніка Дзятлаўшчыны на доме, у якім ён нарадзіўся і вырас.

Таленты з глыбінкі

Вёска Гезгалы славілася вядомая і таленавітымі, творчымі людзьмі. Напрыклад, Мікалай Пухоўскі быў вядомым у сваёй мясцовасці скрыпачом. Вера Ігнатаўна Хрышчановіч запісала і яго ўспаміны:

”Вучыўся іграць я сам, з 13 гадоў. Бацька купіў мне скрыпку. Скрыпка была не надта добрая, але я сам выбіраў сабе яе пад рост. А потым пачаў на вяселлях іграць, шмат адыграў вяселляў на сваім жыцці. Скрыпка заўсёды са мной, я не прадаю яе. Будзем з ёй разам да таго часу, пакуль я буду жыць. Бывае, сяду, адыграю сам сабе, а калі хачу развучыць нешта новае, то выходжу з хаты на гару, і там іграю, каб шуму не рабіць. Магу выканаць любыя песні, танцы, спяваць прыпеўкі. Хачу вывучыць паланэз Агінскага. Даўно б яго вывучыў, але не магу знайсці мелодыю ў запісе, каб канкрэтна паслухаць”.

Цяпер вёску ўслаўляе сама Вера Хрышчановіч. Жанчына піша вершы і публікуе іх у зборніках, а таксама ладзіць творчыя вечары ў Гезгалах і Дзятлаве. Вера Ігнатаўна доўгі час працавала кінамеханікам у Жукоўшчынскім сельсавеце, затым – загадчыцай Нагародавіцскага сельскага клуба. Вершы пачала пісаць у 35-гадовым узросце, доўгі час была ўдзельнікам літаратурнага аб’яднання “Пралескі”, якое было створана пры раённай газеце “Перамога”. Яе вершы – адлюстраванне жыцця, некаторыя прысвечаны вядомым людзям, некаторыя – сябрам і родным.
Пра сённяшнее жыццё

Цяпер вёска нетаропка жыве з дня ў дзень. Двойчы на тыдзень да жыхароў прыязджае аўталаўка з неабходнымі прадуктамі, час ад часу Гезгалы наведваюць артысты з Дома культуры і праводзяць канцэрты. У большасці дамоў ужо не жывуць – іх выкарыстоўваюць як дачы, а дзеці на зіму забіраюць сваіх састарэлых бацькоў у горад. Але нягледзячы на тое, што вёска павольна заціхае, у ёй прысутнічае дух мінулых гадоў. І мы гэта павінны зберагаць.

М. САВІЦКАЯ
Пры падрыхтоўцы артыкула выкарыстаны матэрыялы сайта sobor.by



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *