Тэма стварэння школьных дапаможнікаў у цэнтры ўвагі не першы год. Аб якасці і мове выкладання вучэбнага матэрыялу не раз выказваўся кіраўнік дзяржавы. Наракаюць бацькі і педагогі. Некаторыя вучэбныя матэрыялы падаюцца так, што не выклікаюць у дзяцей зацікаўленасці, а справіцца з задачай часам не пад сілу нават даросламу. Як вырашаецца пытанне стварэння якасных падручнікаў, карэспандэнту БЕЛТА расказала намеснік дырэктара па навукова-метадычнай рабоце Нацыянальнага інстытута адукацыі Валянціна Гінчук.
«Адбываецца паэтапнае ўкараненне ў адукацыйны працэс новых вучэбных праграм. У 2015-2016 навучальным годзе ўкараняліся вучэбныя праграмы для 1-га, 5-га, 10-га класаў. У бягучым навучальным годзе — для 2-га, 6-га і 11-га класаў, у наступным — для 3-х і 7-х.
Вучэбныя дапаможнікі распрацоўваюцца і ўкараняюцца ў адпаведнасці з абноўленымі вучэбнымі праграмамі», — падкрэсліла Валянціна Гінчук. Усяго да 2017-2018 навучальнага года плануецца выдаць больш за 30 новых дапаможнікаў. Сярод іх у асноўным будуць выданні для трэцякласнікаў і сямікласнікаў. Гэта абумоўлена тым, што менавіта ў наступным годзе ў такіх класах будуць укараняцца абноўленыя вучэбныя праграмы.
Да наступнага навучальнага года плануецца падрыхтаваць і іншыя вучэбныя дапаможнікі. Напрыклад, два «Буквары» — адзін для школ з беларускай, а другі — з рускай мовай навучання. Плануецца выдаць новыя дапаможнікі для 1-га класа: «Беларуская мова» для ўстаноў адукацыі з рускай мовай навучання, «Русский язык» для школ з беларускай мовай навучання, «Трудовое обучение». З’явяцца новыя вучэбныя дапаможнікі па прадмеце «Чалавек і свет» — для другакласнікаў, па матэматыцы, працоўным навучанні — для пяцікласнікаў, па англійскай, французскай, іспанскай мовах — для вучняў 5-га класа гімназій і інш.
Па-першае, выкладанне вучэбнага матэрыялу стане больш даступным. Паводле слоў Валянціны Гінчук, перад аўтарамі стаіць складаная задача адбору найбольш важнай з пункту гледжання развіцця асобы інфармацыі, якая адпавядае сучаснаму ўзроўню развіцця навукі, з аднаго боку, і ўзроставым пазнавальным асаблівасцям вучняў — з іншага. У вучэбным дапаможніку павінны быць адначасова рэалізаваны прынцыпы навуковасці і даступнасці выкладання вучэбнага матэрыялу. Пры гэтым важна разумець, што даступнае выкладанне зусім не азначае яго празмернае спрашчэнне. Толькі той вучэбны матэрыял, які ставіць дзіця ва ўмовы, калі трэба думаць, аналізаваць, дасць магчымасць забяспечыць інтэлектуальнае развіццё. У новых вучэбных дапаможніках будуць выкарыстоўвацца розныя формы падачы інфармацыі.
«Нашым вучням і выпускнікам даводзіцца працаваць не толькі з суцэльнымі тэкстамі. Неабходна ўмець чытаць графікі, дыяграмы, табліцы, таму ў новых вучэбных дапаможніках гэта ўсё будзе прадстаўлена. Тым самым школьнікі будуць вучыцца атрымліваць інфармацыю з розных крыніц, выкарыстоўваць яе для вырашэння вучэбных або практычных задач», — адзначыла намеснік дырэктара інстытута.
Мабыць, адна з найбольш істотных адметных асаблівасцей новых вучэбных дапаможнікаў — іх большая практыкаарыентаванасць. З’явіцца больш задач і практыкаванняў з беларускім кантэкстам, у якіх будзе задзейнічана інфармацыя аб гістарычных і прыродных выдатных мясцінах Беларусі, дасягненнях спартсменаў, беларускага машынабудавання і інш.
Асаблівая ўвага пры распрацоўцы вучэбных дапаможнікаў удзяляецца іх афармленню, удасканаленню ілюстрацыйнага рада. «Мы вывучаем вопыт іншых краін у вучэбным кнігавыданні. Усё тое, што лічым станоўчым, спрабуем укараніць у нас, папярэдне прапрацаваўшы пытанне з пункту гледжання дыдактычнай, метадычнай і фінансавай мэтазгоднасці, зручнасці выкарыстання вучнямі і педагогамі ў адукацыйным працэсе», — растлумачыла Валянціна Гінчук.
Вучэбныя дапаможнікі распрацоўваюцца на конкурснай аснове. Конкурс стартаваў 1 верасня 2015 года, праводзіцца паэтапна. На сёння падведзены вынікі конкурсу па 48 вучэбных дапаможніках. Сярод пераможцаў конкурсу кожны чацвёрты (26 працэнтаў) — настаўнік-практык. Завяршаецца конкурс на стварэнне вучэбных дапаможнікаў для 4-га і 8-га класаў. Яны павінны быць выдадзены да 2018-2019 навучальнага года.
У хуткім часе будзе аб’яўлены конкурс на стварэнне вучэбных дапаможнікаў, якія ў адпаведнасці з перспектыўным планам павінны быць выдадзены да 2019-2020 і 2020-2021 навучальных гадоў. «У адпаведнасці з парадкам правядзення конкурсу ўдзельнікі павінны прадаставіць у Нацыянальны інстытут адукацыі распрацаваную канцэпцыю вучэбнага дапаможніка і адзін з яго раздзелаў, які будзе пазначаны ў аб’яўленні. Мы аб’явім чарговыя этапы конкурсу загадзя, каб пасля вызначэння пераможцаў у аўтарскіх калектываў было больш часу на падрыхтоўку рукапісу вучэбнага дапаможніка», — рэзюмавала Валянціна Гінчук.
Святлана ВАСІЛЕЎСКАЯ