Мабільныя «Совы»

Падзеі

4 сакавіка 2017 года беларуская міліцыя адзначае 100-гадовы юбілей з дня ўтварэння. З гэтай нагоды аб яе структурным падраздзяленні — «службе пад знакам савы» — карэспандэнтцы газеты «Перамога» расказаў начальнік Дзятлаўскага аддзела Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Іванавіч Харошка.

— У сістэме органаў унутраных спраў МУС Рэспублікі Беларусь ахова — адна з самых мабільных службаў міліцыі. Інакш і быць не можа, бо нашы супрацоўнікі стаяць на варце дзяржаўнай і прыватнай маёмасці, бяспекі суайчыннікаў, ахоўваюць грамадскі парадак. Калі казаць пра горад Дзятлава, дзе няма патрульна-паставой службы, то ў начны час за парадкам тут сочыць група затрымання. Акрамя аховы аб’ектаў, нашы супрацоўнікі паспяхова спраўляюцца з шэрагам іншых задачаў, якія стаяць перад работнікамі органаў унутраных спраў.

Гэта ахова грамадскага парадку, раскрыццё злачынстваў, выезд на сямейныя скандалы.

За 2016 год па ўказанні дзяжурнага АУС Дзятлаўскага райвыканкама супрацоўнікі групы затрымання аддзела аховы выязджалі 385 разоў. У тым ліку ўдзельнічалі ў раскрыцці 11 злачынстваў, затрымалі 385 парушальнікаў адміністрацыйнага заканадаўства.

Паспяхова спраўляцца з пастаўленымі задачамі нам дапамагае фізічная загартоўка. Сярод мінулагодніх спартыўных узнагародаў нашага аддзела — кубак за першае месца ў міжраённым турніры па валейболе, які праходзіў ва ўрочышчы Рыбакі і быў прымеркаваны да 100-годдзя міліцыі Беларусі. Удзел у ім прымалі супрацоўнікі Лідскага, Дзятлаўскага, Карэліцкага падраздзяленняў Дэпартамента аховы. У абласных спаборніцтвах па валейболе ў другой катэгорыі наш узвод таксама стаў пераможцам. Лідзіраваў ён і ў абласной круглагадовай спартакіядзе, а па службовай падрыхтоўцы мы занялі трэцяе месца. Таму варта адзначыць маладога перспектыўнага камандзіра ўзвода Дзяніса Валянцінавіча Грынцэвіча, які займае гэту пасаду крыху больш за год і ўжо дасягнуў высокіх вынікаў.

Ёсць у нас яшчэ нямала супрацоўнікаў, якія не лічацца з уласным часам, сумленна выконваюць службовыя абавязкі. Сярод іх — маёр міліцыі Уладзімір Мар’янавіч Андрукевіч, старшы сяржант міліцыі Віктар Мікалаевіч Жынко, прапаршчыкі міліцыі Дзмітрый Вячаслававіч Дорда, Іван Міхайлавіч Валчкевіч, Андрэй Вячаслававіч Альшэўскі, Сяргей Арсеньевіч Грыцук.

Адзначу і ветэранаў службы, якія прадаўжаюць актыўную выхаваўчую работу, спрыяюць фарміраванню маральна-дзелавых якасцяў і дысцыпліны ў маладых супрацоўнікаў. Частыя госці аддзела — старшыня ветэранскай арганізацыі Станіслаў Станіслававіч Казакевіч, ветэраны службы Сцяпан Іванавіч Мацюкевіч, Мікалай Яўгенавіч Марук, Вячаслаў Аляксандравіч Франюк, Мікалай Варфаламеевіч Парфяновіч.

Таксама хачу ўзгадаць прозвішчы і ўшанаваць памяць супрацоўнікаў, якія памерлі ў росквіце гадоў. Гэта Аляксандр Іванавіч Дзмітрэнка, Вячаслаў Іванавіч Халопік, Аляксандр Іосіфавіч Якшук, Аляксандр Іванавіч Вінцукевіч.

Галоўная мэта міліцыі — прыйсці на дапамогу тым, хто трапіў у бяду. Вернасць прысязе, самааддача дапамагаюць нам у гэтай нялёгкай справе. Мы беражом міліцэйскія традыцыі, правераныя часам, удасканальваем і памнажаем іх. Немалаважную ролю ў гэтым маюць ветэраны органаў унутраных спраў. Яны спрыяюць фарміраванню свядомасці маладога пакалення, умацаванню службовай дысцыпліны, падтрыманню маральнага духу калектыву.

Немагчыма наша работа і без падтрымкі грамадства, садзейнічання простых людзей. Гэта — аснова поспеху.
Немалаважную ролю для супрацоўнікаў міліцыі мае падтрымка сям’і, дзе мы чэрпаем сілы для паўсядзённай дзейнасці. Нашы блізкія з цярпеннем і разуменнем адносяцца да складанасцяў службы, ствараюць для нас спрыяльную хатнюю атмасферу.

Дзякую ўсім за добрасумленную службу, жадаю новых службовых дасягненняў, здароўя, дабрабыту, ладу ў сем’ях, мірнага неба над галавой.  

Падрыхтавала ад друку І. СТЫРНІК



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *